Яна падумала: «Зрэшты, мая жахлівая прыгода прынесла нейкую карысць: яна даказала, што Майет у мяне закаханы, іначай ён нізавошта сюды не вярнуўся б. Ён, пэўна, спазніўся на цягнік, і нам давядзецца разам правесці ноч у Белградзе, а можа, і дзве ночы», — і яна пачала марыць пра шыкоўныя гатэлі, пра абеды і пра яго руку ў яе руцэ.
Доктар Цынер ізноў павярнуўся да акна:
— Зусім перасохла ў горле: надта хочацца піць. У вас ёсць віно?
Нініч пакруціў галавой:
— Не, — і дадаў няпэўна: — У Лукіча ёсць бутэлька ракіі — там, цераз дарогу.
Ад цэмры, што хутка гусцела, адлегласць здавалася даўжэйшаю. Месяца не было, і рэйкі не блішчалі: здавалася, да лямпы ў кабінеце начальніка станцыі было метраў сто, а не дзесяць, як на самой справе.
— Паспрабуй дастаць нам віна.
Той пахітаў галавой:
— Мне забаронена адыходзіць ад дзвярэй.
Доктар Цынер не прапанаваў яму грошай. Ён толькі крыкнуў скрозь шкло, як ён лячыў бацьку Нініча:
— Калі боль рабіўся нясцерпны, я даваў яму таблеткі.
— Такія маленькія і круглыя?
— Так. Таблеткі морфію.
Нініч задумаўся, прыціснуўшы твар да шыбы. Па яго вачах было відно, як думкі ў галаве ў яго замітусіліся, нібыта рыбы ў цеснай пасудзіне.
— Падумаць толькі, гэта вы давалі яму тыя таблеткі. Ён звычайна прымаў толькі адну, калі пачыналіся болі, і яшчэ адну на ноч. Тады толькі ён мог заснуць.
— Так яно і было.
— Колькі ўсяго я магу расказаць жонцы!
— А як наконт віна? — нагадаў яму доктар Цынер.
— Калі вы збяжыце, пакуль мяне не будзе, мне не мінуць бяды.
— Як жа мы зможам збегчы? Дзверы замкнёныя, а акно надта маленькае.
— Тады я паспрабую дастаць вам віна.
Доктар Цынер прасачыў, як ён адыходзіць, і, цяжка ўздыхнуўшы, павярнуўся да астатніх:
— Ну вось, ён пайшоў.
Ён уздыхнуў, пашкадаваўшы, што страціў упэўненасць у сабе. Барацьба аднаўлялася. Зрабіць усё магчымае, каб уцячы, — быў яго абавязак. Але ўцёкі выклікалі ў яго агіду.
— Хвіліначку, — сказаў Грунліх. Рыпенне каля дзвярэй працягвалася.
— Знадворку нікога няма. Вартаўнікі на другім баку чыгункі. Калі выйдзеце, павернеце налева і яшчэ раз налева паміж будынкамі. Машына стаіць на шашы.
— Я ўсё гэта ведаю, — сказаў Грунліх, і другая выкручаная шруба, бразнуўшы, звалілася на падлогу. — Гатова.
— Вам бы лепей застацца тут, — сказаў доктар Цынер, звяртаючыся да Корал.
— Я не магу: мой сябар чакае мяне там, на шашы.
— Гатова, — паўтарыў Грунліх, злосна пазіраючы на іх.
Усе трое скупіліся каля дзвярэй.
— Калі пачнецца страляніна, бяжыце зігзагамі, — параіў доктар Цынер.
Грунліх штуршком адчыніў дзверы, і вецер пачаў замятаць снег. Знадворку было святлей, чым у зале. Лямпа начальніка станцыі на тым баку чыгункі асвятляла ў акне постаць вартаўніка. Грунліх першы нырнуў у завіруху. Ён прыгнуў галаву амаль да каленяў і скокнуў наперад, нібыта мяч. Астатнія пабеглі за ім. Бегчы было нялёгка. Вецер і снег, іх ворагі, аб'ядналіся, каб загнаць іх назад: вецер запавольваў іх бег, а снег сляпіў вочы. Корал цяжка ўздыхнула: яна наткнулася на грувасткую высокую чыгунную калону з хобатам, як у слана, што служыла для падачы вады ў паравозы. Грунліх ужо быў далёка наперадзе, доктар Цынер крыху адставаў. Яна чула, як цяжка ён дыхае. Снег заглушаў іх крокі, але яны не адважваліся гукнуць шафёра аўтамабіля.
Перш чым Грунліх дабег да праходу паміж будынкамі, бразнулі дзверы, нехта закрычаў, грымнуў стрэл. Першы рывок Грунліха адабраў у яго шмат сілы. Адлегласць паміж ім і Корал паменшылася. Вартаўнік стрэліў двойчы, і Корал пачула свіст куль высока над галавой. Яна яшчэ падумала, можа, ён наўмысна страляе вышэй іх. Яшчэ нейкіх секунд дзесяць, і яны забягуць за рог, знікнуць з вачэй вартаўніка, і тады іх заўважаць з машыны. Яна пачула, як ізноў адчыніліся дзверы, куля трапіла ў снег непадалёк ад яе, і яна з апошняе сілы паскорыла свой бег. Дзяўчына была ўжо амаль побач з Грунліхам, калі яны дабеглі на рог. Доктар Цынер ускрыкнуў ззаду, і Корал спярша падумала была, што ён яе падбадзёрвае, але, перш чым абагнуць рог, яна азірнулася і ўбачыла, што ён абедзвюма рукамі трымаецца за сцяну. Яна прыпынілася і паклікала: «Гер Грунліх!» — але той, не звяртаючы на яе ўвагі, завярнуў за рог і знік з вачэй.
— Бяжыце далей! — загадаў доктар Цынер.
Святло, якое ззяла на гарызонце, меней зацягнутым хмарамі, патухла.
— Абапрыцеся на маю руку, — прапанавала яна.