Выбрать главу

Доктар паслухаўся, але ён быў надта цяжкі для яе, хоць і спрабаваў дапамагчы ёй, трымаючыся другой рукой за сцяну. Яны дабраліся да рага. За сотню метраў скрозь імжу і снег мігцелі заднія агні машыны. Корал спынілася.

— Не магу болей, — сказала яна.

Ён нічога не адказаў, але калі яна адняла руку, ён саслізнуў на снег. Некалькі секунд яна разважала: можа, праўда, пакінуць яго тут? Яна пераконвала сябе: ён жа не пашкадаваў бы яе, не чакаў бы яе. Але ж ёй не пагражала такая вялікая небяспека, як яму. Яна нахілілася над ім, глянула ў яго збялелы маршчыністы твар і ўбачыла на яго вусах кроў. Пачуліся галасы, і яна зразумела, што ў яе няма часу прыняць рашэнне. Доктар Цынер сядзеў, прыхінуўшыся спіной да драўляных дзвярэй, зачыненых на засаўку. Яна ўцягнула яго ўсярэдзіну і зноў зачыніла дзверы, але не рызыкнула засунуць засаўку на месца. Нехта прабег міма, непадалёк шумеў рухавік машыны. Потым машына забурчала мацней, і, аддаляючыся, бурчанне перайшло ў ледзьве чутны шоргат. Пуня была без вокнаў. Зрабілася зусім цёмна, і пакідаць доктара цяпер ужо было позна.

Яна пашнарыла ў яго ў кішэнях і знайшла пачак запалак. У адным кутку пуні было складзена нешта амаль на палову яе вышыні. Чыркнуўшы другой запалкай, яна ўбачыла напханыя нечым мяхі, нагрувашчаныя ў два рады да вышыні двайнога чалавечага росту. У правай кішэні доктара Цынера яна знайшла газету. Яна адарвала старонку і скруціла яе, — цяпер святла хапала, і яна змагла адцягнуць доктара ў куток пуні. Яна баялася, што ў любы момант вартаўнік можа адчыніць дзверы. Але доктар Цынер быў надта цяжкі. Яна паднесла запалены скрут да яго вачэй, каб паглядзець, ці не страціў ён прытомнасці, — з'едлівы дым прывёў яго да памяці. Ён расплюшчыў вочы і здзіўлена паглядзеў на яе.

— Я хачу схаваць вас сярод мяхоў, — шапнула яна.

Ён, здавалася, не зразумеў яе, і яна павольна і дакладна паўтарыла гэтыя словы.

— Ich sрrесhe kеіn Еnglіsch[27], — сказаў ён.

«Ох, чаму я яго не кінула. Магла ўжо быць у машыне. Ён, напэўна, памірае, зусім нічога не цяміць, не разумее, пра што я кажу». І яна жахнулася, што застанецца ў пуні сам-насам з мерцвяком. Агонь патух, яго знішчыў попел. Седзячы на кукішках, яна намацала газету, адарвала яшчэ старонку і зноў скруціла яе. Яна забылася, куды паклала запалкі, і, поўзаючы, пачала шнарыць па падлозе вакол сябе. Доктар Цынер кашлянуў, і нешта заварушылася каля яе рук. Яна падумала, што гэта пацук, і ледзь не закрычала ад страху, але калі нарэшце знайшла запалкі і запаліла скрут, дык убачыла — гэта шавеліцца доктар. Ён зігзагамі адпаўзаў у канец пуні. Яна паспрабавала дапамагчы яму, але ён, відаць, не заўважаў яе прысутнасці. Пад час гэтага маруднага перасоўвання доктара па падлозе яна здзіўлялася, чаму ніхто не заглянуў у пуню.

Доктар Цынер зусім знясілеў, пакуль дапоўз да мяхоў. Ён уткнуўся ў іх тварам, з рота ў яго цякла кроў. Ізноў уся адказнасць лягла на яе. Яна падумала, ці не памірае ён, і, амаль у самае вуха, спытала:

— Паклікаць каго на дапамогу?

Яна баялася, што ён адкажа па-нямецку, але на гэты раз ён прамовіў зусім ясна:

— Не, не трэба.

«Зрэшты, ён жа доктар, ён павінен усё ведаць», — падумала яна.

— Чым я магу вам дапамагчы?

Ён пахітаў галавой і заплюшчыў вочы. Кроў ужо не лілася, і ёй здалося, што яму палепшала. Яна сцягнула мяхі з верху і пачала майстраваць нешта накшталт пячоры дастатковай велічыні, каб схаваць іх абаіх — яе і доктара, — і нагрувасціла мяхоў каля ўвахода — так, каб ад дзвярэй нельга было іх убачыць. Мяхі са збожжам былі важкія, і Корал не паспела закончыць працы, калі знадворку пачуліся галасы. Яна ўлезла ў нару, скрыжаваўшы пальцы на шчасце. Дзверы адчыніліся, і ліхтарык асвятліў мяхі над яе галавой. Потым дзверы зачыніліся, і ў пуні зноў запанавала цішыня. Яна доўга не магла набрацца духу, каб закончыць сваю працу.

— Мы спазняемся на цягнік, — сказаў Майет, гледзячы, як шафёр марна круціць ручку: старцёр не працаваў.

— Назад паедзем шпарчэй.

Нарэшце машына пачала прачынацца, забурчала, заснула і зноў прачнулася.

— Зараз паедзем, — сказаў шафёр, узлазячы на сядзенне і ўключыўшы фары. Але пакуль ён прымушаў рухавік працаваць без перабояў, ззаду пачуўся нейкі воплеск.

— Што гэта? — спытаў Майет. Ён падумаў, што гэта выхлап машыны.

Потым воплеск паўтарыўся, а крыху пазней пачуўся іншы гук, нібыта з бутэлькі вылецеў корак.

— Страляюць на станцыі, — сказаў шафёр, уключыўшы старцёр. Майет адпіхнуў яго руку.

— Мы пачакаем.

— Пачакаем? — здзівіўся шафёр. — Гэта салдаты. Нам лепей як мага хутчэй выбрацца адгэтуль, — паспешліва дадаў ён.

вернуться

27

Я не размаўляю па-ангельску (ням.).