Мужчына, які сядзеў побач з дзяўчынай, употай паклаў руку на яе шчыкалатку і пачаў вельмі асцярожна перамяшчаць яе да калена. Адначасова ён сачыў за жонкай. Дзяўчына прачнулася і расплюшчыла вочы. Майет пачуў, як яна сказала: «Надта холадна», — і зразумеў па яе знешне ветлівым, але насцярожаным тоне, што яна заўважыла толькі што адхопленую руку. Потым яна ўзняла вочы і ўбачыла, што Майет назірае за ёй. Дзяўчына была тактоўная і цярплівая, але, на думку Майета, ёй не ставала хітрасці. Ён разумеў, што цяпер яна ацэньвае ў думках яго якасці і параўноўвае яго са сваім спадарожнікам, як бы прыкідваючы, з кім бы ёй было лепей: яна хацела пазбегнуць непрыемнасцей, — гэта прачытаў у яе на твары. І яго прывялі ў захапленне яе смеласць, кемлівасць і рашучасць.
— Бадай што, пайду папалю цыгарэту, — сказала дзяўчына, шукаючы ў сумачцы пачак. Потым яна апынулася каля яго.
— Запалку?
— Дзякуй.
І адышоўшы крыху далей, каб іх не было чутно з яе купэ, яны пачалі ўглядацца ў цемрадзь, запоўненую прыглушанымі гукамі.
— Мне не падабаецца ваш сусед.
— Выбіраць не даводзілася. Не такі ўжо ён і благі. Яго завуць Пітэрс.
Пасля кароткай паўзы Майет азваўся:
— А мяне — Майет.
— Смешнае прозвішча. Мяне завуць Корал. Корал Маскер.
— Танцуеце?
— Так. У вар'етэ.
— Амерыканка?
— Не. Чаму вы так падумалі?
— Па вашым вымаўленні. Адчуваецца амерыканскі акцэнт. Бывалі там калі-небудзь?
— Ці бывала я там? Вядома, была. Шэсць прадстаўленняў на тыдзень і два ранішнікі. Сад Загараднага клуба, Лонг-Айлэнд, Палм-Біч, Клуб халасцякоў на Рыверсайд-Драйв. Разумееце, калі не гаворыш па-амерыканску, няма ніякіх шанцаў удзельнічаць у ангельскай музычнай камедыі.
— Вы — разумная дзяўчына, — сказаў Майет сур'ёзна, кінуўшы думкі пра Экмана і Стэйна.
— Давайце паходзім, — прапанавала дзяўчына, — мне холадна.
— Вам не спіцца?
— Не магу заснуць пасля пераезду цераз Ла-Манш. Надта замерзла. Дый яшчэ гэты мярзотнік увесь час лапае мае ногі.
— Чаму вы не дадзіце яму аплявуху?
— Мы ж яшчэ да Кёльна не даехалі? Навошта мне ўвязвацца ў скандал? Нам яшчэ ехаць разам да Будапешта.
— Вы туды едзеце?
— Гэта ён туды едзе. Я еду да канца.
— Я гэтаксама. Па справах.
— Ну, ніхто з нас не падарожнічае дзеля забавы, праўда? — сказала яна, крыху спахмурнеўшы. — Я звярнула на вас увагу, калі цягнік адыходзіў. Мне здалося, што я вас некалі ведала.
— Хіба мы з вамі сустракаліся? А як звалі вашага знаёмага?
— Адкуль я ведаю? Я не запамінаю прозвішчаў выпадковых знаёмых. На пошце іх ведаюць пад другім прозвішчам.
Майет адчуў спакойную ўпартасць і рашучасць у тым, як яна з маўклівай пакорлівасцю аднеслася да падману. Дзяўчына прыціснулася да акна тварам, злёгку пасінелым ад холаду. Яна была падобная на хлапчука, які зайздросна разглядвае розныя цікавыя рэчы ў краме: сцізорыкі з мноствам лёзаў, цацкі з сакрэтамі, бомбы, якія ўзрываюцца смуродам, булачкі, якія пішчаць, — але перад яе вачыма была толькі цемра і адлюстраванне іх твараў.
— Як вы лічыце, у вагоне пацяплее: мы ж едзем на поўдзень? — спытала яна, нібыта думала, што мы набліжаемся да краін з трапічным кліматам.
— Мы едзем не так далёка на поўдзень, каб адчуць якую-небудзь істотную розніцу ў тэмпературы паветра. Я памятаю, як у Канстанцінопалі ў красавіку ішоў снег. У Басфоры дзьмуць вятры з Чорнага мора. Яны ўтвараюць завіхрэнні вакол рагоў вуліц. А ўвесь гэты горад — адны вуглы.
— Спадзяюся, што ў грымёрных цёпла. На сцэну даводзіцца выходзіць амаль голай — спасу няма ад холаду. Мне б хацелася выпіць чаго-небудзь гарачага! — Яна крыху прысела і прыціснулася збялелым тварам да акна. — Мы пад'язджаем да Кёльна. Як будзе па-нямецку «кава»?