Ён і не падумаў нават, што і Майет болей за ўсё на свеце хацеў зрабіць тое самае. Майет спалохаўся: па тым, як да яго паставіліся тыя салдаты, ён пазнаў той самы настрой, які папярэднічае заўсёды пагромам, — але ён усё-такі ўпарціўся, бо не быў поўнасцю перакананы, што зрабіў усё магчымае, каб знайсці дзяўчыну ў Субоціцы.
— Яны набліжаюцца да нас, — сказаў шафёр.
Нехта бег па дарозе са станцыі. Спачатку снегапад хаваў яго ад іх. Потым яны ўбачылі, як да машыны зігзагамі бяжыць чалавек. Ён дабег да іх вельмі хутка. Маленькі і тоўсты, ён учапіўся за дзверцы, спрабуючы ўлезці ў машыну.
— Што здарылася? — спытаў у яго Майет.
У незнаёмага крышку заплятаўся язык.
— Едзьце адгэтуль як мага хутчэй.
Дзверцы заела, ён пераваліўся цераз верх і, задыхаючыся, плюхнуўся на задняе сядзенне.
— Там хто-небудзь яшчэ застаўся? — спытаў Майет. — Вы адзін?
— Так, так, зусім адзін. Едзьце адгэтуль як найхутчэй.
Майет павярнуўся і паспрабаваў разглядзець яго твар.
— А дзяўчыны там не было?
— Не. Ніякай дзяўчыны я там не бачыў.
Недзе каля станцыйных будынкаў пачуўся стрэл, і куля зачапіла крыло аўтамабіля. Шафёр, не чакаючы загаду, рэзка націснуў нагой на педаль, і машына рванула з месца. Яна рыкашэтам пераскоквала па шашы з адной ямы ў другую. Майет ізноў пачаў углядацца ў твар незнаёмага.
— Вы ехалі ў Стамбульскім экспрэсе?
Чалавек кіўнуў.
— І вы не сустракалі ніякай дзяўчыны на станцыі?
Той раптам разгаварыўся:
— Я раскажу вам усё, што там здарылася.
Гаворка ў яго была цьмяная: шмат якія фразы заглушала гудзенне машыны. Ён расказаў, што яго затрымалі, бо ён не прад'явіў мытнікам нейкія карункі; салдаты здзекаваліся з яго і нават усчалі страляніну, калі ён уцёк ад іх.
— І вы не бачылі ніякай дзяўчыны?
— Не. Не было там дзяўчыны.
Вочы яго абсалютна шчыра адказалі на пільны погляд Майета. Трэба было б доўга ўглядацца яму ў вочы, каб знайсці ў іх непранікальнай глыбіні пробліск злосці, агеньчык хітрасці.
Хоць драўляныя сцены дрыжалі ад ветру, у цёмнай пуні без акон сярод мяхоў было цёпла. Доктар Цынер варочаўся з боку на бок, імкнучыся пазбавіцца ад болю ў грудзях, але ён пакутаваў увесь час. Толькі ў той момант, калі ён паварочваўся, яму рабілася крыху лягчэй. Калі ён ляжаў нерухома, боль вяртаўся. Таму ўсю ноч ён бесперапынна круціўся. Часам ён усведамляў, што на дварэ вецер, і прымаў шоргат снегу за шамаценне галькі на марскім узбярэжжы. У такія хвіліны, лежачы ў цёмнай пуні, ён успамінаў гады выгнання і пачынаў скланяць нямецкія назоўнікі ці спрагаць французскія няправільныя дзеясловы. Аднак яго прага барацьбы аслабела, і, замест таго каб упарта і злосна змагацца супраць пакут, ён плакаў.
Корал Маскер паклала яго галаву зручней, але ён ізноў варушыў ёю і варочаўся, бесперапынна нешта мармытаў, слёзы ліліся па яго шчоках і цяклі па вусах. Яна ўжо не спрабавала дапамагчы яму, сілячыся знайсці ў мінулым прытулак ад свайго страху. І цяпер, калі б іх думкі атрымалі нейкія матэрыяльныя абрысы, пуня напоўнілася б дзівоснай мешанінай: пад каляровымі асветленымі літарамі, якія складалі шыльду «Тут выступае Малышка», святар, перакінуўшы расу цераз руку, шмыгнуў з кавалачкам крэйды да класнай дошкі; група дзяцей ганялася за нейкім вучнем, яны здзекаваліся з яго, выбягалі з дзвярэй на кафедру і зноў на калідор, насіліся ўверх і ўніз па лесвіцы, якая вяла ў кантору агента па найме. У шкляной будцы на змрочным беразе мора жанчына лаялася з суседам, а ў гэты час біў звон, склікаючы людзей на малітву ў капліцу.
— Wasser[28], — прашаптаў доктар Цынер.
— Чаго вы хочаце? — Яна схілілася над ім, углядаючыся ў яго твар. — Паклікаць каго-небудзь?
Ён яе не чуў.
— Хочаце піць?
Ён не зважаў на яе і ўвесь час паўтараў: «Wasser». Яна ведала, што ён трызніць, але нервы яе былі вельмі напружаныя, і яна злавалася, што ён не можа адказаць ёй.
— Ну, добра, тады ляжыце тут. Я зрабіла ўсё, што было мне пад сілу, — у гэтым я ўпэўнена.
Яна адпаўзла ад яго як мага далей і паспрабавала заснуць, але сцены пуні дрыжалі, і гэта не давала ёй спаць. Енкі ветру ўзмацнілі яе адзіноту, і яна падпаўзла назад да доктара Цынера, каб знайсці спакой каля жывой істоты.
— Wasser, — шаптаў ён ізноў.
Яна кранула рукой яго твар і здзівілася, якая гарачая і сухая была ў яго скура. «Напэўна, яму хочацца піць», — падумала яна і з хвілінку разважала, дзе ўзяць вады, пакуль не ўцяміла, што вада падала з неба вакол яе і грувасцілася сумётамі каля сцен пуні. У яе ўзнікла няяснае сумненне: ці можна даваць ваду хворым з высокай тэмпературай? Але калі яна згадала, якая сухая ў яго скура, літасць пераважыла сумненні.