Хоць вакол Корал паўсюль была вада, хутка дастаць яе аказалася нялёгкай справай. Ёй давялося спаліць два скруты і, пакуль яны гарэлі, вылезці з нары. Яна адважна адчыніла дзверы. Цяпер яна ўжо амаль жадала, каб іх знайшлі. Але ноч была цёмная, і наўкол нікога не было відно. Яна зачэрпнула жменяю снегу, вярнулася ў пуню і зачыніла дзверы. Калі яна іх зачыняла, скразняк задзьмуў яе паходню.
Яна паклікала доктара Цынера, але той не азваўся. І яна жахнулася думкі, што ён, пэўна, ужо нежывы. Засланяючы рукою твар, яна рушыла наперад, але натыкнулася на сцяну. Яна крыху пастаяла, але тут жа ўзрадавался, пачуўшы нейкі рух, і пайшла ў той бок, але зноў натыкнулася на сцяну. Усё болей жахаючыся, яна падумала: «Напэўна, гэта варушыцца пацук». Снег у яе руцэ пачаў ужо раставаць. Яна зноў паклікала доктара, і на гэты раз той азваўся шэптам. Яна адхілілася — ён аказаўся зусім блізка ад яе — і, выцягнуўшы руку, адразу намацала барыкаду з мяхоў. Яна засмяялася, але тут жа загадала сабе: «Не ўпадай у істэрыку. Усё зараз залежыць ад цябе» — і паспрабавала супакоіцца, запэўніваючы сябе, што ўпершыню ёй даручана выконваць галоўную ролю, якая па плячы толькі зорцы, аднак у цемры і без апладысментаў іграць было цяжка.
Пакуль Корал шукала нару сярод мяхоў, большая частка снегу растала ці высыпалася, але яна прыціснула рэшту да вуснаў доктара. Відаць, яму ад гэтага палегчала. Ён ляжаў ціха і вельмі спакойна, пакуль снег на яго губах раставаў і прасочваўся праз зубы ў рот.
Яна запаліла папяровы скрут, каб паглядзець на яго твар, і здзівілася, які ў яго свядомы погляд. Яна пачала з ім размаўляць, але ён быў засяроджаны на сваіх думках і нічога ёй не адказаў.
Цынер сур'ёзна абдумваў сваё становішча, сэнс другой няўдачы. Ён ведаў, што памірае: да яго вярнулася памяць ад дотыку халоднага снегу да языка, і пасля хвіліннай разгубленасці ён успомніў усё. Па тым, дзе баліць, ён вызначыў месца, куды трапіла куля, зразумеў, што ў яго ліхаманка і што ўнутры смяротная крывацеча. На імгненне ён падумаў, што яго абавязак — змахнуць снег з вуснаў, але потым уцяміў: няма болей ніякіх абавязкаў, апроч як перад самім сабой.
Калі дзяўчына запаліла скрут, ён падумаў: «Грунліху пашчасціла ўцячы». Яго цешыла думка, як цяжка будзе ўцекачу-хрысціяніну вымаліць у бога дараванне за яго, доктара, смерць. Ён усміхнуўся. Але потым яго хрысціянскае выхаванне ўзяло верх над іроніяй, і ён пачаў прыгадваць падзеі апошніх некалькіх дзён, спрабуючы вызначыць, дзе ён зрабіў памылку і чаму іншым пашанцавала. Ён бачыў, як экспрэс, у якім яны ехалі, імчыць, нібы ракета, якая рассякае цёмнае неба. На ім, Цынеры, выпрабоўвалі розныя хітрыкі, на якія толькі былі здатныя, спрабуючы і тое і другое, балансуючы то ў адным, то ў другім кірунку. Тут трэба было мець адметны нюх. Быць вельмі гнуткім, да ўсяго прыстасоўвацца. Снег на вуснах зусім растаў і ўжо не даваў палёгкі. Перш чым скрут дагарэў да канца, вочы ў яго памутнелі, і вялікая пуня з грудай мяхоў апусцілася ў цемрадзь. Ён не ўсведамляў, што знаходзіцца ў пуні. Яму здавалася, нібыта яго кінулі, і пуня знікла з яго вачэй. Галава ў яго памутнела, і ён пачаў імкліва падаць у бясконцасць, задыхаючыся, у пустэчу, якую прадзімалі скразнякі, бо яму не пад сілу ўтрымаць раўнавагу — пад нагамі ў яго быў то карабель, то камета, то зямны шар ці ўсяго толькі экспрэс з Остэндэ ў Стамбул. Яго бацька і маці схілілі над ім маршчыністыя, худыя твары, яны несліся разам з ім у нябёсы, паўз зоркі, якія імкліва праносіліся міма, і бацькі гаварылі, якія яны шчаслівыя і поўныя ўдзячнасці, — ён жа зрабіў усё магчымае і застаўся верны сваёй справе. Ён задыхаўся і не мог нічога сказаць у адказ, яго цягнула ўніз зямная вага, і ён пакутаваў ад нясцерпнага болю. Ён хацеў сказаць ім, што вернасць яго была праклёнам, што яму неадкладна трэба змяніць свой шлях. Але пакуль ён падаў і падаў у страшэнных пакутах, яму давялося выслухваць іх няшчырыя спачуванні.
У пуні нельга было вызначыць, як цёмна было ўжо знадворку. Калі Корал чыркнула запалкай і паглядзела на гадзіннік, яе засмуціла, як марудна цягнецца час. Запалак засталося мала, і яна не адважылася запаліць другую. Яна разважала, ці не лепей было б выйсці з пуні і здацца ў палон, бо ў яе цяпер ужо не было ніякай надзеі зноў убачыць Майета. Вярнуўшыся сюды, ён зрабіў болей, чым можна было ад яго чакаць. Наўрад ці ён вернецца сюды другі раз. Але яе палохаў знешні свет, яна баялася не салдат — яе страшылі агенты па найме, доўгія лесвіцы, кватэрная гаспадыня. Яна баялася вяртацца да ранейшага жыцця. Пакуль яна ляжала тут, побач з доктарам Цынерам, у ёй захоўвалася штосьці ад Майета — памяць, якая іх аб'ядноўвала.