Выбрать главу

«Вядома, я магу напісаць яму, — казала яна сабе, — але, пэўна, пройдуць месяцы, перш чым ён вернецца ў Лондан». Ёй цяжка было дапусціць, што ён захавае ранейшыя пачуцці і жаданні, раз яе няма побач з ім. Яна гэтаксама ведала, што можа дамагчыся іх сустрэчы, калі ён вернецца ў Лондан. Ён зразумее, што абавязаны, прынамсі, запрасіць яе на снеданне. «Але ж я не дамагаюся яго грошай», — гэтыя словы яна прашаптала ўголас у цёмнай пуні, лежачы побач з паміраючым. Адзінота, усведамленне таго, што па нейкай прычыне — адзін бог ведае чаму — яна пакахала Майета, на нейкае імгненне выклікала ў яе пачуццё пратэсту: «А чаму і не? Чаму б мне не напісаць яму? Можа, гэта яму будзе прыемна? Можа, я ўсё яшчэ падабаюся яму? А калі не, дык чаму мне не пазмагацца за яго? Я стамілася быць узорнай, паводзіць сябе занадта правільна». Яе думкі былі вельмі блізкія да думак доктара Цынера, калі яна пераконвала сябе, што ўсё гэта марныя спадзяванні.

Але Корал вельмі добра ведала, што такі ўжо ў яе характар, такой ужо, відаць, яна нарадзілася і павінна прымірыцца з гэтым. Яна паводзіла сябе недарэчна і ў іншым: няўмольная там, дзе трэба быць мяккай, уступчывая, калі трэба быць цвёрдай. Нават цяпер яна не магла думаць з зайздрасцю і захапленнем пра тое, як гэта Грунліху ўдалося збегчы адгэтуль на машыне ў цемры, седзячы побач з Майетам. Яе думкі з упартай настойлівасцю вярталіся да Майета, такога, якім яна бачыла яго апошні раз, калі той сядзеў у вагоне-рэстаране, пагладжваючы пальцамі залаты партабак. Аднак яна ні на хвіліну не забывалася, што ў Майета няма тых вартасцей, якія апраўдалі б яе адданасць. Такая ўжо яна была ад прыроды, а ён праявіў да яе дабрыню. У яе мільганула думка, што і доктар Цынер быў такі самы, як яна, надта даверлівы з людзьмі. А да яго, пэўна ж, паставіліся зусім іначай, калі б ён быў хітрэйшы. Скрозь цемру яна чула яго цяжкое дыханне і зноў думала без горычы і асуджэння: «Такога нельга дараваць».

Перад фарамі раптам вынырнула развілка дарог. Шафёр павагаўся крыху болей, чым трэба, і павярнуў руль так рэзка, што машыну занесла юзам на двух колах. Ёзеф Грунліх пераляцеў з аднаго канца сядзення на другі, вохнуўшы ад страху. Ён не адважваўся расплюшчыць вочы да таго часу, пакуль усе чатыры колы не дакрануліся да зямлі. Яны збочылі з галоўнай шашы, і машына заскакала па калдобінах палявой дарогі. У асляпляльнам святле фар дрэвы з маладымі пупышкамі лістоты здаваліся выразанымі з кардону. Майет, нахіліўшыся назад з пярэдняга сядзення, растлумачыў:

— Ён хоча ад'ехаць далей ад Субоціцы і перасячы чыгунку на пераходзе для жывёлы. Так што трымайцеся мацней.

Дрэвы зніклі, і яны раптам з грукатам з'ехалі з шашы на пустое, заснежанае поле. Жывёла ператварыла дарогу ў суцэльную непралазную гразь, але цяпер гэтая гразь падмерзла. Раптам знізу іх асвятлілі два чырвоныя ліхтарыкі, кавалачак рэек заблішчаў смарагдавымі кроплямі. Агні замітусіліся, то адступаючы, то набліжаючыся. Пачуўся нечы голас.

— Прарвёмся праз іх? — абыякавым тонам спытаў шафёр. Нага яго была гатовая націснуць акселератар.

— Не, не! — усклікнуў Майет.

У яго не было падстаў нарывацца на непрыемнасці з-за незнаёмага чалавека. Ён убачыў салдат з ліхтарыкамі. У шэрых шынялях, з рэвальверамі. Машына спынілася паміж імі, пераскочыўшы першую рэйку і застыўшы ў нахіленым становішчы, нібыта выцягнутая на бераг лодка. Адзін салдат нешта сказаў, а шафёр перавёў яго словы на нямецкую мову.

— Ён хоча праверыць вашы дакументы.

Ёзеф Грунліх спакойна адкінуўся на сядзенні, перакрыжаваўшы ногі. Адной рукой ён ляніва перабіраў срэбны ланцужок. Калі адзін з салдат злавіў яго погляд, ён злёгку ўсміхнуўся і кіўнуў яму: Грунліха можна было прыняць за заможнага і гаварлівага гандляра, які падарожнічае ў кампаніі свайго сакратара. Майет жа нерваваўся, схаваўшыся ў каўнер футра, ён успомніў вокліч той кабеты: «Праклятыя жыды», варожы погляд вартаўніка, нахабнасць клерка. Якраз у такіх забытых богам мясцінах, сярод скаваных марозам палёў і худога быдла яшчэ жывая была тая моцная старажытная нянавісць, ад якой цывілізаваны свет спакваля пазбаўляўся. Салдат скіраваў святло свайго ліхтарыка яму ў твар і з нецярплівай пагардай паўтарыў свой загад. Майет выцягнуў пашпарт, салдат узяў яго і, трымаючы дагары нагамі, уважліва вывучаў ільва і аднарога, потым вымавіў па-нямецку адзінае знаёмае яму слова:

— Engander?[29]

Майет кіўнуў, салдат кінуў пашпарт на сядзенне і паглыбіўся ў вывучэнне дакументаў шафёра — яны разгортваліся ў доўгую палоску, нібыта дзіцячая кніжка з малюнкамі. Ёзеф Грунліх непрыкметна нахіліўся наперад і ўзяў з пярэдняга сядзення пашпарт Майета. Ён шырока ўсміхнуўся, калі чырвонае святло ліхтарыка асвяціла яго твар і ўпала на пашпарт. Вартаўнік паклікаў напарніка, яны стаялі і разглядвалі Грунліха, асветленага ліхтарыкам, ціха перагаворваючыся паміж сабой, не звяртаючы ўвагі на яго грымасы.

вернуться

29

Ангелец? (ням.)