Выбрать главу

Вузкая палоска святла пранікла праз няшчыльна зачыненыя дзверы. Пачуліся галасы. Нейкая машына ехала па дарозе з ціхім бурчаннем. Крокі пачалі аддаляцца, недзе адчыніліся дзверы, і скрозь тонкія сцены пуні яна пачула, як нехта ходзіць паміж мяхамі ў суседнім пакоі, паблізу забурчаў сабака. Ёй прыйшлі на памяць пляскатыя, аднастайныя палі каля Нотынгема, нядзеля, маленькая кампанія шахцёраў, з якімі яна некалі пайшла паляваць на пацукоў, сабака па мянушцы Спот. Сабака то забягаў у свіран, то выбягаў адтуль, а яны стаялі ўсе кружком, узброеныя палкамі. Цяпер знадворку пра нешта спрачаліся, але яна не магла пазнаць ніводнага знаёмага голасу. Машына спынілася, хоць рухавік працягваў ціха працаваць.

Потым дзверы пуні адчыніліся, і святло скокнула ўверх на мяхі. Яна прыўзнялася на локці і ўбачыла скрозь шчыліну ў сваёй барыкадзе бледнага афіцэра ў пенснэ і таго салдата, які стаяў на варце каля дзвярэй залы чакання. Яны накіраваліся да яе, і тут нервы яе здалі: яна не змагла вытрываць тых пакутлівых хвілін, пакуль яны будуць яе шукаць. Яны былі ўжо зусім блізка ад яе, і, калі яна ўсхапілася і крыкнула: «Я тут!» — афіцэр скокнуў да яе, выхапіўшы рэвальвер. Потым ён убачыў, хто гэта, і задаў ёй нейкае пытанне, застыўшы пасярод пуні з накіраваным на яе рэвальверам. Корал здалося, што яна зразумела яго, і яна сказала:

— Ён памёр.

Афіцэр нешта загадаў — салдат падышоў і пачаў павольна раскідваць мяхі. Гэта быў той самы салдат, які спыніў яе па дарозе да вагона-рэстарана, і ў першы момант яна адчула да яго нянавісць, пакуль ён не ўзняў галавы і не ўсміхнуўся ёй сарамлівай усмешкай, нібыта просячы ў яе прабачэння, у той час як афіцэр, стоячы ззаду, падганяў яго рэзкімі нецярплівымі загадамі. Раптам, калі салдат адцягнуў ад выхаду з пячоры апошні мех, іх твары амаль сутыкнуліся, і ў гэтую секунду ў яе ўзнікла такое пачуццё, быццам ён збіраецца выдаць ёй нейкую тайну.

Калі маёр Петкавіч убачыў, што доктар ляжыць нерухома, ён перасек пуню і накіраваў свой ліхтарык на яго мёртвае цела. Доўгія вусы зрабіліся светлымі ад моцнага промня, а расплюшчаныя вочы адлюстравалі яго, быццам металічныя пласцінкі. Маёр працягнуў рэвальвер салдату. Лагоднасць, рэшта немудрагелістага шчасця, якія хаваліся за беднасцю, рассыпаліся ўшчэнт. Здавалася, усе падлогі ў нейкім будынку праваліліся, толькі сцены заставаліся стаяць. Салдата агарнуў жах, яму было не па сіле вымавіць ні слова, не мог зварухнуцца з месца. Рэвальвер так і застаўся на далоні ў маёра Петкавіча. Маёр стрымаў сябе. Ён цвёрда глядзеў на салдата, з цікаўнасцю вывучаючы яго скрозь залатое пенснэ. Маёр дасканала ведаў усе пачуцці людзей, якія жывуць у казармах. Апроч пашарпаных кніг па германскай стратэгіі, на яго паліцах стаялі некалькі томікаў па псіхалогіі: ён, як спаведнік, ведаў самыя інтымныя падрабязнасці іх жыцця. Ведаў, наколькі яны жорсткія, наколькі добрыя, наколькі хітрыя і прастадушныя, ведаў, як яны весяляцца — ракія, гульні ў карты, віно і жанчыны, ведаў іх славалюбныя мары, хоць, вядома, яны зводзіліся да таго, каб расказаць жонцы якую цікавую ці кранальную гісторыю. Ён ведаў лепей за ўсіх, як пакараць кожнага з іх і як зламаць волю падначаленага. Раней ён злаваўся, калі салдат марудна адцягваў мяхі, але цяпер злосць прайшла. Ён пакінуў рэвальвер у сябе на далоні і зусім спакойна паўтарыў загад, гледзячы скрозь залатую аправу пенснэ.