Салдат апусціў галаву, выцер рукой нос і, хваравіта насупіўшыся, кінуў погляд на другі канец пуні. Потым узяў рэвальвер і, прыціснуўшы яго да рота доктара Цынера, спыніўся. Ён крыху павагаўся, паклаў руку на плячо Корал і рыўком павярнуў яе тварам уніз. Лежачы на падлозе, яна пачула стрэл. Салдат выратаваў яе ад гэтага відовішча, але яе ўяўленне запоўніла ўсё. Яна ўсхапілася і пабегла да дзвярэй, на бягу яе заванітавала. Яна спадзявалася, што ў цемры ёй будзе лягчэй, але тут, нібыта ўдар па галаве, на яе абрушылася святло ад фар машыны. Прыхіліўшыся да дзвярэй, яна паспрабавала супакоіцца, адчуваючы сябе бясконца адзінокай, чым у тыя хвіліны, калі яна прачнулася і ўбачыла, што доктар Цынер памёр. Ёй адчайна, да болю захацелася быць зараз з Майетам. Людзі ўсё яшчэ спрачаліся каля машыны, у паветры чуўся лёгкі пах спіртнога.
— Чорт падзяры… — прамовіў нечый голас.
Людзі расступіліся, і сярод іх з'явілася міс Уорэн. Твар у яе быў чырвоны, узбуджаны і пераможны. Яна схапіла Корал за руку:
— Што тут адбываецца? Не, не. Не трэба расказваць нічога зараз. Вам блага. Вы неадкладна пойдзеце са мной, далей ад гэтых жахаў.
Паміж ёй і машынай стаялі салдаты. З пуні выйшаў афіцэр і далучыўся да іх. Міс Уорэн хутка шапнула:
— Абяцайце ўсё, што хочаце. Не мае ніякага значэння тое, што вы скажаце.
Яна паклала вялікую руку на рукаў афіцэра і пачала ліслівым тонам у нечым яго пераконваць. Ён спрабаваў перапыніць яе, але яна яго перабівала. Ён зняў пенснэ і збянтэжана працёр яго. Пагрозы былі б дарэмныя, можна было б пратэставаць усю ноч, але яна прапанавала яму адзінае выйсце, адмовіцца ад якога было б пайсці супраць яго натуры, — цвярозы розум. Апроч разумнага ўчынку, які яна яму прапанавала, яна гэтаксама раіла яму прыняць пад увагу і іншую, больш значную акалічнасць — вышэйшыя дыпламатычныя меркаванні. Ён ізноў працёр пенснэ, кіўнуў і здаўся. Міс Уорэн схапіла яго за руку і моцна паціснула яе, глыбока ўдавіўшы яму ў скурчаны ад болю палец свой пярсцёнак-пячатку.
Корал апусцілася на зямлю. Міс Уорэн дакранулася да яе, але дзяўчына паспрабавала скінуць яе руку. Шум сціхнуў, зямля ў маўчанні наплывала на яе. Аднекуль здалёк нечый голас вымавіў: «У вас хворае сэрца», і яна зноў расплюшчыла вочы, чакаючы ўбачыць маршчыністы твар доктара. Аднак аказалася, што яна ляжыць на заднім сядзенні машыны, і міс Уорэн накрывае яе пледам. Яна наліла келіх каньяку і паднесла да рота Корал. Машына, скрануўшыся з месца, штурхнула іх адна да адной, каньяк расплюхаўся па яе падбароддзі. Корал усміхнулася чырвонай п'янай фізіяноміі, якая клапатліва глядзела на яе.
— Паслухайце, любая, спачатку я вазьму вас з сабой у Вену. Я магу тэлеграфаваць гэтую карэспандэнцыю адтуль. Калі які-небудзь паршывы нягоднік паспрабуе вас падкупіць, нічога яму не адказвайце. Не адкрывайце рота нават для таго, каб сказаць «не».
Словы гэтыя былі незразумелыя Корал. Яна адчувала боль у грудзях. Бачыла, як знікаюць агні станцыі, калі машына павярнула назад да Вены, і з упартай адданасцю спрабавала здагадацца, дзе зараз Майет. Ад болю ёй цяжка было дыхаць, але яна вырашыла не гаварыць ні слова. Гаварыць нешта, апісваць свой боль, прасіць дапамогі азначала б на нейкі час прагнаць з галавы яго твар, яе вушы не чулі б яго голасу, які шаптаў, што яны будуць рабіць разам у Канстанцінопалі. «Я першая яго не забуду», — упарта думала яна, адганяючы прывіды: ярка-чырвоны водбліск машыны, якая імчыцца па цёмнай дарозе, погляд доктара Цынера ў святле скрута з газеты. Нарэшце адчайная барацьба з болем, з нястрымным жаданнем закрычаць, з памутнелай свядомасцю адабралі ў яе нават тыя прывіды, якія яна спрабавала прагнаць.
«Я памятаю, я не забылася». Але яна не магла болей стрымлівацца і адзін раз застагнала. Стогн быў такі слабы, што стук рухавіка заглушыў яго. Ён не дайшоў да вушэй міс Уорэн гэтаксама, як і сказаныя пазней шэптам словы: «Я не забылася».
— Толькі для нашай газеты, — сказала міс Уорэн, барабанячы пальцамі па пледу. — Я хачу, каб гэта было надрукавана толькі ў нас. Гэта мой матэрыял, — заявіла яна з гонарам, песцячы недзе ў глыбіні свядомасці — за газетнымі артыкуламі і за свінцовым друкарскім шрыфтам — мару пра Корал у піжаме, якая налівае каву, пра Корал, якая размешвае кактэйлі, пра Корал, якая спіць у адрамантаванай кватэры.
Частка пятая
Канстанцінопаль