— Алё, алё. Містэр Карлтан Майет ужо прыехаў?
Маленькі, вяртлявы армянін з кветкай у пятліцы адказаў на такой самай акуратнай і чыстай ангельскай мове, як і яго візітоўка:
— Не. На жаль, не. Што-небудзь перадаць?
— Цягнік, пэўна, ужо прыйшоў?
— Не. Спазняецца на тры гадзіны. Здаецца, паравоз паламаўся непадалёк ад Белграда.
— Скажыце яму, што містэр Джойс…
— Што мне параіць вам, лэдзі, на сёння пасля полудня? — сказаў жвавы армянін, які заняўся новымі гасцямі, перагнуўшыся цераз бар'ер і канфідэнцыяльна звяртаючыся да дзвюх маладых амерыканак, якія з захапленнем, разявіўшы рот, глядзелі на яго, узняўшы прыгожа вышчыпаныя бровы. — Вам трэба было б наняць гіда, ён паказаў бы вам базары.
— А можа, вы, містэр Калебджан? — прамовілі яны амаль адначасова. Іх вялікія, поўныя цікаўнасці вочы сачылі за ім, пакуль ён браў тэлефонную трубку.
— Алё, алё. Міжнародны тэлефон? Слухаю. Не, містэр Карлтан Майет яшчэ не прыехаў. Мы чакаем яго з хвіліны на хвіліну. Што-небудзь перадаць? Вы зноў патэлефануеце ў шэсць? Дзякуй. Ах, калі б я толькі мог, — сказаў ён амерыканкам, — я з вялікім задавальненнем. Аднак у мяне шмат працы тут. Праўда, у мяне ёсць стрыечны брат, я яму скажу, ён сустрэнецца з вамі заўтра раніцай і павязе вас на базары. А сёння паполудні раю вам узяць таксі да Блакітнай мячэці, і потым паехаць праз Іпадром, і таксама наведаць Рымскія калодзежы. Потым, калі вы вып'еце гарбаты ў расейскім рэстаране ў Пера і вернецеся сюды да вячэры, я параіў бы вам увечары наведаць тэатр. А зараз, калі вы не запярэчыце, я закажу вам таксі на другую палову дня.
Абедзве адначасова адкрылі рот і сказалі:
— Гэта будзе проста выдатна, містэр Калебджан. — І, пакуль ён тэлефанаваў у гараж свайму стрыечнаму брату ў Пера, яны прайшлі праз хол і накіраваліся да бруднага ларка і пачалі разважаць, ці не купіць яму пачак цукерак.
Вялізарны, раскошны гатэль з кафлянай падлогай, з інтэрнацыянальнай абслугай і з рэстаранам, аздобленым у стылі Блакітнай мячэці, цяпер, калі ўрад пераехаў у Анкару і Канстанцінопаль ператварыўся па сутнасці ў турэцкі Пірэй, рэпутацыя гатэля ва ўсім свеце пагоршылася. Персанал паменшылі, і можна было прайсці праз вялікі і пусты хол, не напаткаўшы ніводнага рассыльнага. Аднак каля бюро абслугоўвання, як заўсёды, элегантны Калебджан падтрымліваў колішнюю высокую рэпутацыю гатэля.
— Містэр Карлтан Майет прыехаў, Калебджан?
— Яшчэ не, цягнік спазняецца. Будзеце чакаць?
— А ў яго нумар з гасцёўняй?
— О, вядома, з гасцёўняй! Рассыльны, праводзь госця ў нумар містэра Майета.
— Перадайце яму маю візітоўку, калі ён прыедзе.
Амерыканкі вырашылі не купляць Калебджану пачка з турэцкімі цукеркамі, але ж ён быў такі ветлівы і далікатны, што ім карцела неяк аддзячыць яму. Яны стаялі ў роздуме, пакуль ён ізноў не ўзнік перад імі.
— Ваша таксі, лэдзі. Я дам шафёру ўсе адпаведныя ўказанні, вы ўбачыце, ён у вышэйшай ступені чалавек надзейны.
Калебджан правёў іх на вуліцу і прасачыў, каб яны без затрымкі адбылі. Нетаропкі вулічны рух і мітусня, падобная да пылу, што асядаў паўсюль, не сціхалі. Калебджан вярнуўся ў маўклівую цішыню хола. На імгненне гатэль здаўся яму амаль такім самым, якім ён быў у мінулыя гады ў разгар сезона.
Чвэрць гадзіны ніхто не з'яўляўся. Нейкая муха, захопленая холадам, з шумам білася аб шыбу. Калебджан пазваніў наверх, у пакой эканомкі, каб праверыць, ці ўключылі ацяпленне, потым сеў, сціснуўшы рукі паміж каленямі, ні пра што не думаючы і нічога не робячы.
Дзверы-вяртушкі закруціліся — увайшла цэлая група людзей. Майет ішоў паперадзе. За ім — Джанет Пардаў і містэр Сейвары.
Тры насільшчыкі неслі багаж. Майет упіваўся шчасцем. Ён пачуваў сябе ў сваёй стыхіі. Міжнародны гатэль, хоць крыху і заняпалы, быў звыклым для яго аазісам. Кашмар у Субоціцы пачаў ужо забывацца і зрабіўся зараз нейкім нерэальным, калі ён убачыў, што Калебджан спяшаецца яму насустрач. Яму было прыемна, што Джанет Пардаў бачыць, як яго прымаюць у лепшых заморскіх гатэлях.
— Як пажываеце, містэр Карлтан Майет? Мы бясконца шчаслівыя…
Калебджан паціснуў Майету руку, нізка пакланіўся, яго асляпляльныя белыя зубы бліснулі шчырым задавальненнем.
— Рады бачыць вас, Калебджан. Дырэктара, як заўсёды, няма? Гэта мае сябры, міс Пардаў і містэр Сейвары. Увесь гатэль трымаецца на Калебджане, — растлумачыў ён ім. — Вы нас добра ўладкуеце? Прасачыце, каб у пакоі ў міс Пардаў быў пачак цукерак.
— Мяне сустракае дзядзька… — няпэўна пачала была Джанет Пардаў, аднак Майет адразу ж ёй запярэчыў:
— Можа пачакаць яшчэ адзін дзень. Сёння ўвечары вы будзеце тут, у мяне ў гасцях.