Ён ізноў пачаў распускаць свой паўлінавы хвост: упэўненасці яму надавалі пальмы, калоны і пачцівасць Калебджана.
— Вам двойчы тэлефанавалі, містэр Карлтан Майет, і нейкі джэнтэльмен чакае вас у вашым нумары.
— Добра. Дайце мне яго візітоўку. Паклапаціцеся пра маіх сяброў. У мяне мой звычайны нумар?
Ён хутка пайшоў да ліфта, расцягнуўшы вусны ў вясёлай усмешцы. За апошнія дні адбылося надта многа такога, што выклікала сумненні і што цяжка было асэнсаваць, а цяпер ён ізноў заняўся сваёй звычайнай справай. «Напэўна, гэта Экман», — падумаў ён, не патурбаваўшыся нават зазірнуць у картку, і раптам цвёрда вырашыў, што яму скажа. Ліфт цяжка падняўся на другі паверх, пасыльны павёў Майета па пыльным калідоры і адчыніў дзверы нумара. Сонца залівала святлом увесь пакой, праз адчыненае акно даносіліся гудкі аўтамабіляў. З канапы падняўся каржакаваты бландзін у цвідавым гарнітуры.
— Містэр Карлтан Майет? — спытаў ён.
Майет здзівіўся. Ён ніколі не бачыў гэтага чалавека. Глянуўшы на візітоўку, ён прачытаў: «Містэр Лео Стэйн».
— А, містэр Стэйн.
— Здзівіліся, калі ўбачылі мяне? Спадзяюся, вы не лічыце мяне занадта нетактоўным?
Ён выглядаў вельмі зычлівым і сардэчным. «Зусім як сапраўдны ангелец», — падумаў Майет, аднак незнаёмага выдаваў нос — нос са шнарам, які зрабіўся прамы пасля аперацыі. Варожасць паміж жыдом, які не хаваў сваёй нацыянальнасці, і жыдом, які маскіраваў яе, адразу ж была выказаная ў чароўных усмешках, сардэчных шчырых поцісках рук і ў адведзеных адзін ад аднаго вачах.
— Я чакаў убачыць свайго агента.
— Ах, бедалага Экман, бедалага Экман, — уздыхнуў Стэйн, пахітаўшы бялявай галавой.
— Што вы маеце на ўвазе?
— Тое, дзеля чаго я прыйшоў. Папрасіць вас зайсці да місіс Экман. Я вельмі за яе хвалююся.
— Вы хочаце сказаць, што містэр Экман памёр?
— Знік. Не вярнуўся дамоў учора ўвечары. Вельмі ўсё гэта дзіўна.
Было холадна. Майет зачыніў акно і, сунуўшы рукі ў кішэні футры, пачаў хадзіць па пакоі туды-сюды: тры крокі ў адзін бок, тры ў другі.
— Нічога дзіўнага. Думаю, ён не змог бы даць мне справаздачу, — павольна прамовіў ён.
— Некалькі дзён таму ён прызнаўся мне, што адчувае ваш недавер да яго. Ён быў пакрыўджаны, вельмі пакрыўджаны.
— Я ніколі не давяраю жыду, які перайшоў у хрысціянства, — павольна, дакладна падбіраючы кожнае слова, сказаў Майет.
— Аднак жа дазвольце, містэр Майет: гэта ўжо занадта катэгарычна, — запярэчыў быў Стэйн, адчуваючы некаторую няёмкасць.
— Дапускаю, што, магчыма, ён у сваіх перамовах пайшоў крыху далей, чым паведаміў мне, — сказаў Майет, спыніўшыся пасярод пакоя спінай да Стэйна, але так, каб ён змог бачыць усю постаць Стэйна, да пояса адлюстраваную ў люстры з пазалочанай рамай.
— О, перамовы, — адбітак Стэйна ў люстры быў не такі абыякавы, як яго голас, — яны ўжо скончаны.
— Ён паведаміў вам, што мы не будзем купляць?
— Але ж ён купіў.
Майет кіўнуў. Ён не здзівіўся. За знікненнем Экмана павінна хавацца шмат чаго.
— На самой справе я вельмі хвалююся за бедалагу Экмана. Думка, што ён, магчыма, пакончыў жыццё самагубствам, мне невыносная, — павольна сказаў Стэйн.
— Думаю, у вас няма падстаў хвалявацца. Напэўна, ён проста адышоў ад спраў. Крыху, праўда, занадта паспяшаўся.
— Разумееце, ён быў устрывожаны.
— Чым жа?
— Ну, у яго з'явілася такое пачуццё, нібыта вы яму не давяраеце. І потым, у яго не было дзяцей. Ён хацеў мець дзяцей. Шмат прычын на трывогу. Трэба быць міласэрным.
— Але ж я не хрысціянін, містэр Стэйн. Я не веру, што міласэрнасць — галоўная дабрачыннасць. Магу я паглядзець дакумент, які ён падпісаў?
— Вядома.
Містэр Стэйн выцягнуў з кішэні цвідавага пінжака доўгі канверт, складзены ўдвая. Майет сеў за стол, расклаў на ім паперы і пачаў уважліва іх чытаць. Ён не рабіў ніякіх заўваг, твар яго не выказваў нічога. Цяжка было ўявіць, які ён быў шчаслівы, калі вярнуўся да лічбаў, — іх ён разумеў, і яны былі пазбаўленыя ўсякіх пачуццяў. Закончыўшы чытаць, ён адкінуўся ў крэсле і пачаў вывучаць свае пазногці: перад ад'ездам, у Лондане, ён зрабіў манікюр, але яны патрабавалі да сябе ўвагі.
— Як прайшло ваша падарожжа? Спадзяюся, бунт у Белградзе вас не закрануў? — спакойна спытаў Стэйн.
— Не, — абыякава адказаў Майет.
Гэта была праўда. Усё тое незразумелае, што адбылося ў Субоціцы, здавалася яму нерэальным. Вельмі хутка ён пра ўсё забудзецца, — гэта ж ніяк не звязана са звычайным жыццём, дый нельга ўсё гэта растлумачыць.
— Вы, вядома, разумееце, што мы можам знайсці нейкую недакладнасць і скасаваць гэтае пагадненне?