— Гольф і невялічкі дамок за горадам — вось пра што я мару.
Здзіўленне Майета мінула, і ён ізноў заўважыў, што Стэйн расказвае занадта шмат пра сябе. Экспансіўнасць Стэйна была яму на руку, ён ізноў вярнуўся да пагаднення.
— У такім разе навошта вам заставацца дырэктарам? Думаю, што мы маглі б пагадзіцца з вамі наконт грошай, калі б вы адмовіліся ад пасады дырэктара.
— Мне ўсё адно, буду я дырэктарам ці не, — растлумачыў Стэйн, пыхкаючы люлькай у прамежках паміж фразамі і скоса пазіраючы на попел цыгары Майета, які рабіўся ўсё даўжэйшы. — Але, ведаеце, дзеля захавання традыцыі мне хочацца, каб хто-небудзь з членаў маёй сям'і ўваходзіў у праўленне. — Ён доўга і шчыра хіхікаў. — А ў мяне няма сына. Няма нават пляменніка.
— Вам трэба натхніць на гэта вашу пляменніцу, — задуменна сказаў Майет.
Абодва засмяяліся, а потым спусціліся ўніз. Джанет Пардаў нідзе не было відно.
— Міс Пардаў пайшла? — спытаў ён у Калебджана.
— Не, містэр Майет. Міс Пардаў толькі што прайшла ў рэстаран з містэрам Сейвары.
— Папрасіце іх пачакаць са снеданнем хвілін дваццаць, і мы з містэрам Стэйнам далучымся да іх.
Яны крыху паспрачаліся пра тое, каму з іх першаму прайсці ў дзверы: сяброўскія адносіны паміж Майетам і Стэйнам хутка ўзмацняліся.
Калі яны селі ў таксі, каб паехаць на кватэру місіс Экман, Стэйн пачаў размову:
— А гэты Сейвары, хто ён?
— Пісьменнік.
— Ён што, заляцаецца да Джэйн?
— Не, проста сябра. Яны пазнаёміліся ў цягніку. — Майет паклаў рукі на калені і сядзеў моўчкі, сур'ёзна абдумваючы пытанне пра жаніцьбу. «Яна цудоўная, далікатная, можа быць добрай гаспадыняй, яна напалову жыдоўка», — думаў ён.
— Я яе апякун, — працягваў Стэйн. — Можа, мне з ім пагаварыць.
— Ён даволі заможны.
— Так яно-то так, але ён пісьменнік. Мне гэта не падабаецца. Я б хацеў, каб яна выйшла замуж за чалавека, які займае надзейнае месца ў свеце бізнесу.
— Здаецца, іх пазнаёміла жанчына, з якой яна жыла ў Кёльне.
— О, праўда. Яна сама зарабляе сабе на пражытак з таго часу, як памерлі яе няшчасныя бацькі, — збянтэжана сказаў Стэйн. — Я ў гэта не ўблытваўся. Гэта карысна дзяўчыне, але жонка вырашыла, што мы павінны пазнаёміцца з ёю бліжэй, і я запрасіў яе сюды. Падумалі, можа, мы знойдзем ёй лепшую працу і непадалёк ад нас.
Яны аб'ехалі мініяцюрнага паліцэйскага, які стаяў на скрынцы і рэгуляваў дарожны рух, і падняліся на прыгорак. Унізе, паміж высокім непрыкметным жылым будынкам і тэлеграфным слупам купалы Блакітнай мячэці плавалі ў паветры, нібыта гронка блакітных мыльных бурбалак.
Стэйн усё яшчэ пачуваў сябе крыху збянтэжаным.
— Гэта карысна дзяўчыне, — паўтарыў ён. — А ў апошнія гады фірма забірала ўвесь мой час. Але калі з гэтай здзелкай будзе пакончана, — весела дадаў ён, — я прызначу ёй якую-небудзь рэнту.
Таксі заехала ў невялічкі цёмны дворык, дзе стаяла адзіная урна пад смецце, але доўгая лесвіца, па якой яны падняліся, асвятлялася вялікімі вокнамі, і ўвесь Стамбул быў у іх на далоні. Ім былі відаць сабор Святой Сафіі, і Пажарная вежа, і доўгая паласа вады на захад ад Залатога Рога ў накірунку да Эйюба.
— Выдатнае месца. Лепшай кватэры ў Канстанцінопалі не знойдзеш, — сказаў Стэйн і націснуў кнопку званка.
А Майет прыкінуў, колькі яна каштуе і колькі іх фірма выдаткоўвала на аплату гэтай кватэры.
Дзверы адчыніліся. Стэйн назваў сваё прозвішча пакаёўцы, і яны пайшлі па светлым, абцягнутым панелямі калідоры, які злавіў у пастку сонца паміж вокнамі, нібыта нейкага рыжага звярка.
— Вы сябра сям'і?
— Так. Мы з бедалагам Экманам у апошні час былі ў самых блізкіх адносінах, — сказаў Стэйн, шырока расчыняючы дзверы ў вялікую халодную гасцёўню, дзе раяль, букет кветак і некалькі металічных крэслаў нібыта плавалі ў вясеннім бледнавата-жоўтым паветры.
— Ну вось, Эма, я прывёў да вас містэра Карлтана Майета, ён хацеў наведаць вас.
У пакоі не было цёмных куткоў, нідзе нельга было схавацца ад патоку мяккага шчодрага сонечнага святла, і місіс Экман не знайшла нічога лепшага, як схавацца за раялем, які распасцёрся паміж імі, нібыта паліраваная падлога. Яна была маленькая, сівая і модна апранутая, але яе адзенне не пасавала да яе выгляду. Яна нагадала Майету старую пакаёўку ў іх доме, якая даношвала старую сукенку, падараваную гаспадыняй. Пад пахай у яе было нейкае шытво. Яна тонкім галаском павітала гасцей, не зводзячы вачэй з таго месца, дзе стаяла, нібыта не рашаючыся выйсці на залітую сонечным святлом падлогу.
— Ну як, Эма, у вас ёсць якія-небудзь звесткі пра мужа?
— Не. Яшчэ не. Не, — адказала яна і дадала з бездапаможнай усмешкай: — Ён так не любіць пісаць.