Выраз яе твару ўстрывожыў Майета. Ён пабег уздоўж вагона і зачыніў адзінае адчыненае акно ў калідоры.
— Што з вамі? Вам дрэнна?
Яна адказала павольна, вочы ў яе былі прыплюшчаныя:
— Зараз лепей. Вы зачынілі акно, і стала душна. Але зараз мне зусім добра. Дакраніцеся да мяне. — Корал падняла руку, ён дакрануўся да яе сваёй шчакой, і яго ўразіла, якая яна гарачая.
— Паслухайце, вяртайцеся ў сваё купэ, а я пайду і прынясу вам каньяку. Вы захварэлі.
— Уся бяда ў тым, што я не магу сагрэцца. Мне было горача, а цяпер ізноў стала холадна. Я не хачу вяртацца туды. Застануся лепей тут.
— Вазьміце маё футра, — неахвотна сказаў Майет, але не паспеў ён абмежаваць гэтую зробленую супраць волі прапанову словамі накшталт «часова» ці «пакуль не сагрэецеся», як яна асунулася на падлогу.
Ён узяў яе рукі і пачаў расціраць, з бездапаможнай трывогай углядаючыся ў яе твар. І раптоўна адчуў пільную неабходнасць дапамагчы ёй. Сачыць, як яна танцуе на сцэне, ці чакаць яе на ярка асветленай вуліцы каля тэатральнага пад'езда, — там яна была б яму толькі цацка ў любоўнай гульні, але тут, у калідоры вагона, ён адчуў да яе, бездапаможнай і хворай, пакутлівы жаль. Яна не скардзілася на холад, а проста нагадала пра яго як пра непазбежнае ліха. І раптоўна ён зразумеў, з якой безлічы непазбежных бед складаецца ўсё яе жыццё. Тут ён пачуў мерныя крокі — ён і раней заўважыў, што незнаёмы хадзіў туды-сюды па калідоры міма свайго купэ, — і пайшоў яму насустрач.
— Вы доктар? Тут дзяўчына самлела.
Незнаёмы спыніўся і спытаў абыякава:
— Дзе яна?
Глянуўшы цераз плячо Майета, незнаёмы ўбачыў дзяўчыну. Яго абыякавасць раззлавала Майета.
— Яна сапраўды вельмі хворая, — настойліва папярэдзіў ён.
— Добра, я зараз пагляджу яе.
Здавалася, што ён рыхтуецца да нейкага цяжкага выпрабавання. Аднак яго нерашучасць прайшла, калі ён схіліўся над дзяўчынай. Ён абыходзіўся з ёй мякка, асцярожна — гэта была безаблічная мяккасць, уласцівая спрактыкаваным урачам. Паслухаў яе сэрца, потым прыўзняў ёй павекі. Дзяўчына ўжо апрытомнела, але ў яе свядомасці ўсё пераблыталася. Ёй здавалася, што гэта яна схілілася над незнаёмым з доўгімі, няроўна падстрыжанымі вусамі. Яна адчула раптоўны жаль да яго, заўважыўшы трывогу на яго твары. Але ён быў спрактыкаваны ўрач, яе хваляванне прайшло, калі яна злавіла яго мяккі погляд. Дакрануўшыся рукой да яго твару, яна падумала: «ён, відаць, хворы» — і на імгненне забылася на тое, як дзіўна падаюць цені, нібыта лямпачка знаходзіцца на падлозе.
— Хто вы? — спытала дзяўчына, намагаючыся прыпомніць, як так здарылася, што ёй давялося дапамагаць яму. «Ніколі не бачыла, каб каму-небудзь так патрэбна была мая дапамога», — падумала яна.
— Доктар.
Корал разгублена глянула на яго і тут усё адразу зразумела: гэта яна ляжыць на падлозе, на калідоры, а незнаёмы схіліўся над ёю.
— Я самлела? Мне было так холадна.
Яна ясна адчула, як павольна і цяжка рухаецца цягнік. Праз вокны промні святла слізгалі па твары доктара і асвятлялі за ім маладога жыда. «Майет. Мяў». І задаволеная, раптам усміхнулася сабе. Здавалася, што на імгненне ўсю адказнасць за тое, што здарылася, яна пераклала на плечы другога. Цягнік здрыгануўся і спыніўся, і Майета адкінула ўбок, да сценкі. Доктар не рушыў з месца — яго толькі пагойдвала ў такт з рухам экспрэса. Ён углядаўся ў твар дзяўчыны, пальцам правяраючы пульс, і сачыў за ёй з трывогай, ледзь стрымліваючы свае пачуцці, але яна разумела, што яго пачуцці не датычацца яе, і ён да яе ставіцца абыякава. У думках яна выказала гэта наступнымі словамі: «Калі б у мяне былі нават такія ножкі, як у Містангет, ён і на іх не звярнуў бы аніякай увагі».
— Што са мною? — спытала яна, але гучныя галасы, якія даносіліся з платформы, і тупат людзей у блакітнай форме не дазволілі ёй пачуць поўнасцю яго адказу, акрамя апошніх слоў: «…гэта быў проста мой чалавечы і ўрачэбны абавязак».
— Падрыхтуйце пашпарты і багаж, — загадаў голас з акцэнтам.
Майет узяў у яе сумачку, сказаўшы:
— Я дагледжу вашы рэчы.
Яна аддала сваю сумачку і з дапамогай доктара села на адкідное месца каля сценкі.
— Ваш пашпарт?
Доктар адказаў павольна, падбіраючы словы, і яна ўпершыню звярнула ўвагу на яго акцэнт.
— Мой багаж у першым класе. Я не магу пакінуць гэту даму. Я доктар.
— У вас ангельскі пашпарт?