Сяргей Кавалёў
СТАНАЎЛЕННЕ ПОЛЬСКАМОЎНАЙ ПАЭЗІІ
[ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу]
Падрыхтаванае на падставе: Сяргей Кавалёў, Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу. — Мінск 2001.
Copyright © 2013 by Kamunikat.org
УВОДЗІНЫ
Беларуская літаратура ў 80 – 90-х гг. ХХ ст. узбагачалася двума шляхамі: праз стварэння новых тэкстаў і за кошт вяртання спадчыны, незаслужана забытай альбо забароненай у савецкі час. Першы шлях быў больш перспектыўны, затое другі – больш плённы: у літаратуру з новымі творамі прыходзілі пачаткоўцы, а з нябыту вярталіся класікі, зоркі першай велічыні. Да кантэксту нацыянальнай культуры была далучана творчасць пісьменнікаў, рэпрэсаваных у 30-х гг. (В. Ластоўскага, В. Шашалевіча, А. Мрыя, Я. Пушчы ды інш.), і творчасць пісьменнікаў-эмігрантаў 40-х гг. (Н. Арсенневай, М. Сяднёва, А. Салаўя, Я. Юхнаўца ды інш.). Значна змяніўся за апошнія дзесяцігоддзі і выгляд беларускай літаратуры мінулых эпох: у выніку даследавання і перакладу на сучасную беларускую мову лацінскіх і польскіх тэкстаў у кантэкст нацыянальнай культуры ўведзена шматмоўнае пісьменства Беларусі XVI – XVIII стст.
Традыцыйнае разуменне беларускай літаратуры толькі як тэкстаў на старабеларускай і стараславянскай мовах не проста збядняла выгляд нацыянальнага пісьменства XVI – XVIII стст., але істотна дэфармавала яго, не дазваляла поўнасцю рэканструяваць працэс літаратурнага развіцця. З гісторыі літаратуры выпадалі не толькі асобныя творы (лацінамоўныя вершы С. Буднага, лацінамоўныя і польскамоўныя творы А. Рымшы, польскамоўныя драмы К. Марашэўскага ды інш.), але і асобныя пісьменнікі (Я. Радван, Д. Набароўскі, М. Карыцкі ды інш.) і нават жанры (героіка-эпічная паэзія, школьная драма).
Патрыятычнае памкненне беларускіх навукоўцаў далучыць у 70 – 80-я гг. да кантэксту нацыянальнай культуры багатую іншамоўную спадчыну супала з аналагічнымі дзеяннямі літоўскіх і ўкраінскіх вучоных, а таксама з агульнасаюзнай зацікаўленасцю філолагаў праблемамі полілінгвізму ў літаратурнай творчасці (Многоязычие 1981).
Першымі павяртанцамі на Радзіму сталі новалацінскія паэты эпохі Адраджэння Я. Вісліцкі і М. Гусоўскі. Лацінская мова, як мова агульнаеўрапейская, універсальная не стварала праблем з нацыянальнай ідэнтэфікацыяй аўтара, вызначальнымі рабілася ягонае паходжанне і змест твораў. Менавіта таму лацінская частка шматмоўнай спадчыны Беларусі у першую чаргу прыцягнула ўвагу беларускіх літаратуразнаўцаў: у 70 – 80-я гг. з’явіліся даследаванні В. Дарашкевіча, Я. Парэцкага, У. Калесніка. Станоўчую ролю адыграў аўтарытэт рускага вучонага І. М. Галянішчава-Кутузава, які адным з першых узняў пытанне аб прыналежнасці творчасці Я. Вісліцкага і М. Гусоўскага да ўсходнеславянскіх літаратур (Голенищев-Кутузов 1963). Важнае значэнне мела з’яўленне ў 1969 г. перакладу Я. Семяжона “Песні пра зубра” М. Гусоўскага на беларускую мову, які адкрыў паэму для шырокага кола чытачоў, даў пачатак новаму этапу ў вывучэнні твора і спрыяў з’яўленню перакладаў У. Шатона і Н. Арсенневай (на жаль, іншыя творы М. Гусоўскага, перакладзеныя пазней на беларускую мову Я. Парэцкім і Ю. Свіркам, не выклікалі зацікаўленасці ні ў даследчыкаў, ні ў чытачоў). У 1997 г. Ж. Некрашэвіч апублікавала пераклад паэмы Я. Вісліцкага “Пруская вайна”. Некалькі вершаў М. Карыцкага і Ф. Князніна пераклаў на беларускую мову А. Жлутка, ён жа з’яўляецца аўтарам дысертацыйнага даследавання пра лацінскую паэзію Беларусі XVIII ст.
Польскамоўная літаратура Беларусі – у асноўным, ХІХ ст.— прыцягвала да сябе ўвагу даследчыкаў ужо ў 50 – 60-я гг. (артыкулы і кнігі М. Ларчанкі, , А. Кляўчэні, Л. Мірачыцкага, С. Майхровіча, А. Лойкі, С. Александровіча, А. Мальдзіса), але ў адпаведнасці з духам часу спадчына пісьменнікаў, якія жылі на Беларусі, а свае творы пісалі па-польску, вывучалася ў кампаратывісцкім альбо краязнаўчым рэчышчы. Пытанне аб непасрэднай прыналежнасці такіх аўтараў да беларускай літаратуры не ставілася (адсюль характэрныя назвы тагачасных прац: “Старонкі братняй дружбы”, “Творчае пабрацімства” і інш.). Новы этап ў вывучэнні польскамоўнай літаратуры Беларусі пачаўся напрыканцы 70-х гг., і зноў асабліва плённа працавалі даследчыкі літаратуры ХІХ ст., пра што сведчаць кнігі У. Мархеля і К. Цвіркі, артыкулы І. Багдановіч, Л. Тарасюк і М. Хаўстовіча, выданне твораў А. Міцкевіча, Я. Чачота, Я. Баршчэўскага, У. Сыракомлі і змястоўнай анталогіі “Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай. Беларуская польскамоўная паэзія ХІХ ст.” (1998). Калі ў 60 – 70-я гг. айчынныя літаратуразнаўцы ва ўмовах савецкай цэнзуры аргументавалі сваю цікавасць да творчасці Я. Чачота, Я. Баршчэўскага, У. Сыракомлі, В. Каратынскага наяўнасцю асобных беларускіх вершаў у іхняй спадчыне, то ў 80 – 90-я гг. да беларускай літаратуры ХІХ ст. без сумневу залічваюцца ўжо Т. Зан, Ю. Корсак, А. Грот-Спасоўскі, Т. Лада-Заблоцкі, якія пісалі выключна па-польску. Замест ранейшых азначэнняў “польская літаратура Беларусі”, “польска-беларуская літаратура” сталі актыўна ўжывацца паняцці “польскамоўная плынь у беларускай літаратуры” і “беларуская польскамоўная літаратура” (Мархель 1997: 3 - 45). Не аспрэчваючы правамернасці ўжывання гэтых паняццяў, заўважым толькі, што паняцце “польскамоўная літаратура Беларусі” – больш аб’ектыўнае і прыдатнае ў міжнародным аспекце даследаванняў, таму мы і карыстаемся ім у нашай манаграфіі.