Выбрать главу

Імя Андрэя Валяна (1530 – 1610, нарадзіўся ў Новым Мясце, што ў Вялікапольшчы , па іншых звестках – у Біюцішках каля Ашмян) можна сустрэць у шматлікіх працах, прысвечаных гісторыі рэфармацыйнага руху ў Польшчы і ў Вялікім Княстве Літоўскім. Найбольшую славу прынеслі пісьменніку філасофскія трактаты “Пра палітычную, або грамадзянскую свабоду”, “Пра шчаслівае жыццё, або найвышэйшую чалавечую цноту”, “Пра ўладара і ўласцівыя яму цноты”, а таксама гучная палеміка з езуітам Пятром Скаргам у 70 – 80-х гг. ХVI ст. Свае творы А. Валян пісаў на лацінскай мове (у тым ліку і вершы). Па-польску пісаў прыватныя лісты і браўся за пераклад з лацінскай мовы кнігі М. Барлетыуса “Гісторыя пра жыццё і слаўныя справы Юрыя Кастрыёта, звычайна званага Скандэрбергам”, даперакладзеную потым і выдадзеную ў 1569 г. у Бярэсці Ц. Базылікам.

Верш “Да Палякаў і да Літвы” з’яўляецца літаратурным дэбютам А. Валяна, адзіным вядомым нам польскамоўным паэтычным творам пісьменніка. Ужо таму ён заслугоўвае ўвагі даследчыкаў, але перадусім – як яскравае мастацкае выяўленне незалежніцкіх, патрыятычных настрояў у беларуска-літоўскім грамадстве напярэдадні заключэння Люблінскай уніі 1569 г.

Складаны працэс узаемазбліжэння Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага знайшоў адлюстраванне ў многіх творах 50 – 60-х гг. XVI ст.: у эпіграмах Мікалая Рэя, у вершах і паэмах Яна Каханоўскага, у ананімнай паэме “Пратэй, або Пярэварацень”. Найбольшы ж розгалас выклікалі трактат Станіслава Ажахоўскага “Quincunx, гэта значыць узор Кароны Польскай” (Кракаў, 1564) і, напісаная як палемічны адказ на гэты трактат, кніга Аўгуста Ратундуса “Размова Паляка з Ліцвінам”.

У сваім сачыненні С. Ажахоўскі выклаў тэндэнцыйныя погляды на унію Польшчы з Літвой, прапанаваў уласнае разуменне свабоды і роўнасці народаў. Паводле С. Ажахоўскага, сапраўдная свабода можа квітнець толькі ў каралеўстве, бо кароль узводзіцца на трон духоўным уладыкам, а ў княстве пануе няволя, бо князь ужо ад нараджэння лічыцца ўладаром краіны. Польшча – каралеўства, грамадзяне яго свабодныя, Літва – княства, жыхары яго паднявольныя, і таму “аніводзін ліцвін, хоць бы найзначнейшы і найвыбітнейшы, найніжэйшаму паляку ні ў чым роўным быць не можа” (Orzechowski 1919: 235).

З гэтых пазіцый будучая унія выглядае не як саюз дзвюх раўнапраўных дзяржаваў, не як уз’яднанне братніх народаў з захаваннем уласных традыцый, а як далучэнне варварскай, таталітарнай дзяржавы да цывілізаванай, дэмакратычнай, як вызваленне палякамі ліцвінаў з няволі. Расчулены сваёй дабрынёй, сваёй месіянскай веліччу, Паляк С. Ажахоўскага заклікае: “О, нявольны Ліцвіне! Мяне, вольнага слухай Паляка, клічу цябе да сябе, вольнасцю сваёй прыроджанай і блаславенствам сваім шчодра і зычліва цябе надзяляю, не дзеля сябе, але дзеля цябе самога ў грамадства сваё бяру цябе: з нявольніка вольным чыню...” (Orzechowski 1919: 236).

Тэндэнцыйны трактат С. Ажахоўскага з беcпадстаўнымі высновамі і правакацыйнымі заявамі выклікаў гарачае абурэнне ў асяроддзі патрыятычна настроеных беларуска-літоўскіх магнатаў і шляхты, асабліва ў Мікалая Радзівіла Чорнага, супраць якога ў кнізе меліся асабістыя выпады. Відаць, менавіта ён даручыў віленскаму войту А. Ратундусу напісаць палемічнае сачыненне ў адказ на “Quincunx...”, а таксама далучыў да гэтае акцыі Андрэя Валяна, сакратара свайго стрыечнага брата. Заўважым, што гонар Вялікага Княства Літоўскага ад нападаў каталіка і ўкраінца па паходжаннi С. Ажахоўскага баранілі разам каталік А. Ратундус і кальвініст А. Валян, абодва па паходжанні палякі. Інтарэсы дзяржаўныя стаялі ў тыя часы відавочна вышэй за канфесійныя ды этнічныя.

Невядома, ці паспеў Мікалай Радзівіл Чорны прачытаць перад сваёй раптоўнай смерцю ў траўні 1565 г. “Размову Паляка з Ліцвінам”, але вынікам працы А. Ратундуса і А. Валяна ён, пэўна, застаўся б задаволены. З-пад пяра А. Ратундуса сапраўды выйшла кніга, “з якой кожны лёгка можа ўбачыць, чым ёсць праўдзівая вольнасць або свабода, і якую б унію Карона Польская з Княствам Літоўскім мела прыняць...” (Rozmowa Polaka 1890: II). У спрэчцы са сваім палітычным апанентам, Палякам, Ліцвін А. Ратундуса ўпэўнена перамагае, паспяхова бароніць уласную грамадзянскую годнасць і суверэнітэт Kняства: “Мы хочам разам з вамі быць, хочам вольнасці, якую з ласкі Божай даўно маем, ужываць, але сваёй дзяржавы паспалітай, здаўна ўтворанай і ўпарадкаванай, да вашай далучаючы, страціць не хочам...” (Rozmowa Polaka 1890: І).

Справіўся са сваёй задачай і А. Валян, напісаўшы традыцыйным для сілабікі трынаццаціскладовікам досыць вялікі верш (54 радкі), у якім не толькі пазнаёміў чытача з кнігай А. Ратундуса, але даў таксама сваю ацэнку трактату С. Ажахоўскага і выказаў уласныя погляды на унію Польшчы з Вялікім Княствам Літоўскім. Твор А. Валяна вылучаецца выразнай інтэртэкстуальнасцю: ён знаходзіцца ў сілавым полі двух вышэйназваных тэкстаў і актыўна ўзаемадзейнічае з імі. Калі б верш “Да Палякаў і да Літвы” быў змешчаны на пачатку “Размовы Паляка з Ліцвінам”, ён паспяхова мог бы выконваць ролю прадмовы да кнігі, калі б напрыканцы – ролю пасляслоўя, бо ўжо сам загаловак сведчыць пра генетычную прыналежнасць твора да прэфацыйнай і дэдыкацыйнай паэзіі, куды ўваходзілі рознага роду вершаваныя прадмовы, пасляслоўі і прысвячэнні. Але верш А. Валяна знаходзіцца ў сярэдзіне сачынення А. Ратундуса, з чаго вынікае меркаванне, што ён ствараўся ўжо ў працэсе набору кнігі, і адразу па напісанні быў устаўлены друкаром на першае ж магчымае месца: у якасці паэтычнага адступлення паміж першым і другім раздзеламі.