Назваўшы свой верш “Да Палякаў і да Літвы”, А. Валян заняў зручную для сябе пазіцыю ў спрэчцы двух персанажаў з кнігі А. Ратундуса і ў канфлікце двух народаў: пазіцыю суддзі-міратворцы, які хоча дапамагчы канфліктуючым бакам прыйсці да паразумення і згоды. Свае аргументы ён чэрпае з пазітыўнага вопыту мінуўшчыны: з вопыту сумеснага палітычнага жыцця Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага на працягу двух стагоддзяў пасля Крэўскай уніі. Аўтар падтрымлівае ідэю уніі і нагадвае, што гэтая вялікая ідэя нарадзілася не ў легкадумных галовах цяперашніх палякаў ды літвінаў, але ў мудрых галовах іхніх продкаў:
Próżnoby to kto ganił, że waszy przodkowie
Wiele myśląc i to w swej rozbierali głowie,
Aby na wieki państwa swoje zjednoczyli
A braterską miłością w jedną się łączyli...
На думку А. Валяна, братэрскія адносіны павінны складаць аснову з’яднання двух народаў, а мэтай саюза дзвюх краін мусіць быць мір, узаемадапамога, узмацненне парадку ў агульнай дзяржаве, каб “адна галава кіравала ўсімі членамі”. Так было ў нашых продкаў, так павінна быць у ідэальным грамадстве (зварот да гістарычнай традыцыі стаўся, насамрэч, нагодай для выказвання ўласных поглядаў пісьменніка на грамадства, развітых ім пазней у філасофскіх трактатах). На жаль, зусім інакш выглядае сітуацыя цяпер, бо парушаны галоўны прынцып уніі: прынцып роўнасці, без захавання якога немагчыма ані братэрства народаў, ані парадак у дзяржаве:
Więc równy z równym zawżdy nadobnie się zgodzi,
A dobry z dobrym zawsze rad też spólnie chodzi.
Lecz gdy jeden wylata a drugiego depce
I mówi, iże to łotr, chocia też i szepce,
Tam miedzy takiemi już trudna bywa zgoda
A nie może nic urość, jedno zła przygoda.
Ад усхвалення шчаслівага жыцця продкаў “у любові ды згодзе” пад адным уладаром, А. Валян у другой частцы верша пераходзіць да крытыкі цяперашніх стасункаў паміж палякамі і ліцвінамі, асуджае іх узаемныя інтрыгі і звады, імкненне узвысіцца за кошт прыніжэння другога, захапіць лепшае месца пад сонцам. Прыхільнік ідэі уніі ў прынцыпе, А. Валян вымушаны канстатаваць абсалютную непадрыхтаванасць польскага і ліцвінскага грамадства да яе заключэння:
Tu obaczcie, jeśliże i wam to nie szkodzi,
Iż wam do spólnej zgody jeszcze nie przychodzi,
Że tak jeden przed drugiem buja, chce mieć górę,
Więc temu ogon, a sam całą bierze skórę...
Працытаваныя вышэй радкі сведчаць пра паступовы адыход аўтара ад першапачатковай пазіцыі бясстраснага суддзі-міратворцы, які аднолькава ставіцца і да Паляка, і да Ліцвіна. Не цяжка здагадацца, што менавіта Паляк бярэ сабе цэлую скуру, а Ліцвіну пакідае хвост. Аўтар адмаўляецца ад ролі суддзі, каб прамаўляць як пракурор і абвінавачваць Паляка. Апошні ж для А. Валяна – гэта не толькі персанаж з кнігі А. Ратундуса, не толькі абстрактны грамадзянін Кароны Польскай, але таксама надзвычай канкрэтны Ажахоўскі, які сваімі недарэчнымі сачыненнямі замінае народам дзвюх краін ісці па дарозе да згоды і ўзаемнай павагі:
Wiedzie Polak z niewolą hańbę na Litwina
A za cnego matki swej niechce go mieć syna,
Pisze o nim Quincunxy i dziwny wymysły,
Które tak z płochej głowy nierozmyślnie wyszły.
Выказваючы свае адносіны да “Quincunx-a...”, А. Валян неўзабаве пераходзіць ад гарачага абурэння кнігай да з’едлівага сарказму ў адрас самога аўтара. Дыпламат і філосаф па натуры, А. Валян разумеў, што абвінавачванне ўсіх ва ўсім не мае сэнсу, што ў вершы, адрасаваным не толькі да чытачоў-літвінаў, але ў першую чаргу да чытачоў-палякаў, трэба шукаць шляхі да паразумення з апошнімі, і таму наўмысна акцэнтаваў увагу на несупадзенні поглядаў С. Ажахоўскага з поглядамі ўсяго польскага грамадства, выказваў спадзяванне, што самі палякі скептычна ставяцца да аўтара “Quincunx-a” і не прымаюць ягоных ідэй усур’ёз. А. Валян меў падставы так меркаваць: на памяці палякаў былі нядаўнія выступленні С. Ажахоўскага супраць папы рымскага Паўла IV, прымаса Уханьскага, пісьменніка-гуманіста А. Фрыча-Маджэўскага, ды і сам лад жыцця жанатага ксяндза (!) і аматара моцных напояў не выклікаў пашаны ў грамадстве.