Адразу бачна, што верш “Да Палякаў і да Літвы” створаны ў часы, калі падручнік па рыторыцы з’яўляўся практычным дапаможнікам для напісання любога тэксту: як навуковага, так і мастацкага, як празаічнага, так і вершаванага. Паэты былі на службе ў караля ды заможных магнатаў, паэзія – на службе ў рэлігіі ды палітыкі, а рыторыка – на службе ў паэзіі.
Паэтычны твор А. Валяна цікавы перадусім сваім актуальным зместам, а не мастацкай формай. Гэта не толькі першы ўзор польскамоўнай палітычнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу, але ўвогуле першы палітычн верш у гісторыі беларускай літаратуры.
І. 3. САТЫРАВАЯ ПАЭМА “ПРАТЭЙ, АБО ПЯРЭВАРАЦЕНЬ”
У 1564 г. вядомы, але яшчэ не славуты паэт Ян Каханоўскі выдаў у Кракаве паэму “Satyr, albo Dziki mąż”, заснаваўшы новы жанр у польскай літаратуры: жанр сатыравай паэмы. Вострую крытыку заганаў тагачаснага грамадства паэт уклаў у вусны міфалагічнага бажка Сатыра, які з пракаветных часоў жыў самотна ў польскіх пушчах, але быў выгнаны адтуль неразумнай гаспадарчай дзейнасцю чалавека. Ідэю ўвесці ў паэму постаць Сатыра ў якасці суровага суддзі-рэзанёра Я. Каханоўскі запазычыў, напэўна, у Вергілія: у VI-й эклозе рымскага паэта ёсць вобраз Сілена-мараліста, блізкага крэўнага Сатыра. У сваю чаргу твор Я. Каханоўскага выклікаў шматлікія наследаванні сучаснікаў і наступнікаў. Адны аўтары для выяўлення сваіх палітычных, рэлігійных і сацыяльных поглядаў таксама выкарыстоўвалі вобраз Сатыра (ананімны “Satyr podgórski”, “Satyr na twarz Rzeczypospolitej” Самуэля Твардоўскага, “Satyr polski” Шымона Старавольскага). Іншыя ўводзілі новага героя-прамоўцу, узятага з антычнай літаратуры альбо з легендарнай гісторыі Польшчы (ананімны “Tymatas Skotopas...”, “Lech wzbudzony...” i “Chorągiew Wandalina” J...Jurkowskiego).
Першым і найбольш плённым наследаваннем “Сатыру” Я. Каханоўскага з,яўляецца паэма “Proteus, abo Оdmieniec”, выдадзеная ананімна, без указання месца і года выдання. Паэма напісана трынаццаціскладовым сілабічным вершам, налічвае 1104 радкі (асноўны тэкст – 976 радкоў). Высветліць месца і год выдання твора – Бярэсце, 1564 г. – польскім вучоным удалося яшчэ напрыканцы XIX ст., калі ў Кракаве У. Віслоцкі апублікаваў паэму паводле экзэмпляра з львоўскай бібліятэкі Асалінскіх (Proteus 1890). А вось адносна аўтарства “Пратэя...” вялася дыскусія на працягу амаль цэлага стагоддзя, якая так і не прынесла плёну: у найноўшых польскіх падручніках і навуковых працах паэма згадваецца як ананімная (Pelc 1994: 123 - 124; Ziomek 1995: 362 - 363).
Здавалася б, цяжкасцяў з высвятленнем аўтарства быць не павінна: імя аўтара можна знайсці ў самім берасцейскім выданні, як і ўскосную згадку пра час напісання паэмы. Адкрывае кнігу вершаванае прысвячэнне Мікалаю Радзівілу Чорнаму, у якім аўтар ахвяруе сваю паэму князю ў якасці каляднага падарунка і просіць яго ўзяць пад сваю абарону вешчага Пратэя, бо ў Польшчы не любяць тых, хто гаворыць праўду. Напрыканцы кнігі змешчаны верш Пятра Стаенскага “Do Odmieńca”, дзе паэт дакарае непаслухмянага героя, што той свавольна выйшаў з пад ягонай апекі перад самымі маразамі, не чакаючы надыходу вясны. Кампазіцыя берасцейскага выдання “Пратэя...” відавочна ўзыходзіць да кампазіцыі “Сатыра...”: перад асноўным тэкстам паэмы Я. Каханоўскі змясціў вершаваную прадмову да караля Жыгімонта Аўгуста, а скончыў вершаваным зваротам да свайго героя – Сатыра. Праўда, у берасцейскім выданні ёсць яшчэ “Zamknienie do poetów polskich” і ў самым канцы кнігі, пасля вершаванага зварота П. Стаенскага “Да Пратэя” – верш Цыпрыяна Базыліка “Do tegoż”. У “Заключэнні...” аўтар дэманструе добрае веданне тагачаснай польскай літаратуры, адзначае заслугі Мікалая Рэя, Анджэя Тшэцескага і асабліва Яна Каханоўскага, якому складае ўзнёслы панегірык. Выдаўца паэмы, Ц. Базылік, выказвае спачуванне Пратэю, распачаўшаму ўслед за сваім настаўнікам Сатырам новую вайну з заганамі грамадства.
Такім чынам, на падставе вершаў, якія суправаджаюць асноўны тэкст “Пратэя...”, можна зрабіць дзве высновы: паэма напісана напрыканцы 1563-га – на самым пачатку 1564 года (гэта значыць, што яе аўтар чытаў “Сатыра...” яшчэ ў рукапісы), а яе аўтарам з’яўляецца Пётр Стаенскі. Аднак, калі першая выснова ўспрымалася даследчыкамі як відавочная, то другая шмат у каго выклікала сумненні і не ўлічвалася як сур’ёзны аргумент у дыскусіі. Пэўна, прычына недаверу і выразнай непрыхільнасці многіх польскіх вучоных да асобы П. Стаенскага як да магчымага аўтара “Пратэя...” тоіцца ў ягоным французскім паходжанні.