Пётр Статорыус (Стаенскі) перабраўся ў Польшчу з Жэневы ў 1556 г., спачатку апублікаваў некалькі рэлігійна-палемічных трактатаў па-лацінску, а неўзабаве авалодаў польскай мовай у такой ступені, што ўдзельнічаў у 1562 – 1563 гг. у перакладзе славутай Берасцейскай Бібліі, а ў 1568 г. выдаў першую польскую граматыку. Негледзячы на відавочныя заслугі Пятра Статорыуса перад польскай культурай, аўтарытэтныя вучоныя пачатку ХХ ст. не верылі, што з-пад пяра французскага эмігранта магла выйсці такая вялізная паэма на польскай мове, як “Пратэй...”, і шукалі іншых, больш верагодных з іхняга пункту гледжання, аўтараў.
У 1904 г. Я. Чубэк апублікаваў невялікую нататку, у якой прывёў яшчэ адзін доказ аўтарства П. Стаенскага: у адной з рукапісных палітычных брашур XVI ст. згадваецца, што паэму “Пратэй...” напісаў француз Статорыус, вялікі прыхільнік польскай мовы (Czubek 1904: 272 – 273). Кандыдатуру П. Стаенскага лічыў найбольш верагоднай Т. Грабоўскі (Grabowski 1907: 3 – 4). Але А. Брукнер спачатку прапанаваў кандыдатуру Андрэя Валяна (Brükner 1905: 132), а потым змяніў свой погляд і прапанаваў аўтарам “Пратэя...” лічыць Ц. Базыліка (Brükner 1907: 484 – 490). На думку вучонага, П. Стаенскі не мог напісаць “Пратэя...” , таму што ў недастатковай ступені валодаў польскай мовай, не быў заангажаваны ў польскія палітычныя справы і не настолькі добра арыентаваўся ў польскай літаратуры, каб узносіць Я.Каханоўскага вышэй за ўсіх тагачасных і старажытных паэтаў. Перакананы ў тым, што аўтарам паэмы мог быць толькі паляк па паходжанні, А. Брукнер аднак сумленна назваў яшчэ адзін вядомы яму факт на карысць П.Стаенскага: у набілітацыйным лісце для сыноў Статорыуса з 1591 г. згадваецца, што іхні бацька апошнія гады жыцця прысвяціў навуцы дасканалага маўлення па-польску і складанню на гэтай мове вершаў.
Дыскусія вакол праблемы аўтарства “Пратэя...” ўзнавілася з новай сілай праз паўстагоддзя. Е. Старнаўскі на падставе цьмянай згадкі ў кнізе Шымона Старавольскага з 1627 г. назваў магчымым аўтарам паэмы малавядомага філосафа Яна Парэмбнага (Starnawski 1956: 461 – 463), але Т. Вітчак лёгка абверг гэтую памылковую гіпотэзу: свае трактаты Я. Парэмбны пісаў выключна па-лацінску і ўвогуле нарадзіўся, хутчэй за ўсё, пасля 1564 г. (Witczak 1957: 505 – 510). У 1956 г. С.Кот апублікаваў знойдзеныя ім у нямецкіх архівах паэтычныя творы Ц.Базыліка, невядомыя А. Брукнеру, і ўпэўнена назваў выдаўца паэмы “Пратэй...” яе адзінамагчымым аўтарам (Kot 1956: 113 – 150). На думку даследчыка, паставіць сваё прозвішча на тытульнай старонцы твора, у якім паказваўся заняпад польскай шляхты, перашкаджала сыну сярадскага месціча Ц. Базыліку ягоная сумніўная набілітацыя з ласкі вандроўнага грэцкага авантурніка Якуба Гераклідаса Базылікаса. Пра аўтарства Ц. Базыліка сведчыць нібыта і ягоны вершаваны зварот да героя паэмы, змешчаны ў самым канцы кнігі – па аналогіі з вершам Я. Каханоўскага напрыканцы “Сатыра...” ( зрэшты, традыцыю звяртацца ў канцы твора да свайго героя і тым самым дыстансавацца ад уласнага твора ўвёў не Каханоўскі – яна была вядома з часоў Авідзія). Але чаму тады сорам за сумніўнае шляхецтва не перашкодзіў Ц. Базыліку паставіць сваё прозвшча пад вершам і прызнацца тым самым у дачыненні да твора хаця б у якасці друкара? І як растлумачыць ў такім разе прысутнасць у берасцейскім выданні верша П. Стаенскага і радкі з яго, адрасаваныя да Пратэя: “ Mnie w tem nie winuj, tak się tobie chciało. / Gdyżeś swowolnie wyszedł z mej opieki, / Pana takiego nie najdziesz na wieki” (Proteus 1890: 34).
У 1961 г. мовазнаўца У. Любас апублікаваў вялікі артыкул пад назваю “Моўныя аргументы ў справе аўтарства “Пратэя, або Пярэваратня” (Lubaś 1961: 109 – 160). Старанна параўнаўшы мову паэмы з моваю іншых паэтычных твораў Ц.Базыліка, даследчык прыйшоў да адназначнай высновы: Базылік не з’яўляецца аўтарам “Пратэя...”. Ніякіх пазітыўных прапаноў вырашэння праблемы ў артыкуле няма. У. Любас адзначыў толькі, што моўныя асаблівасці паэмы сведчаць пра паходжанне яе аўтара з Усходняй Малапольшчы, у той час як Ц. Базылік рэпрэзентаваў сярадзкі дыялект. У сваім грунтоўным даследаванні польскі мовазнаўца чамусьці зусім не ўлічваў факту працяглага знаходжання таго ж Ц. Базыліка на Беларусі (з канца 50-х гг.), чым мог бы тлумачыцца ўплыў на мову аўтара “Пратэя...” “руськой” (старабеларускай) мовы.