Выбрать главу

Пасля артыкула У. Любаса, наколькі нам вядома, не было больш спробаў разгадаць загадку аўтарства “Пратэя...” Усведамляючы безвыніковасць як ранейшых дыскусій, так і далейшых пошукаў, гісторык М. Косман прапанаваў вярнуцца да даўняй, яшчэ з 1891 г., высновы А. Брукнера: аўтарам “Пратэя...” быў несумненна паляк-пратэстант (Kosman 1973: 73). Такое простае рашэнне праблемы зноў выключае аднак з ліку магчымых аўтараў француза П. Стаенскага, не прымаецца да веры найважнейшы аргумент: сведчанне самога тэкста. Абсалютна відавочна, што няма патрэбы шукаць аўтараў недзе збоку, па-за асобамі П. Стаенскага і Ц. Базыліка, імёны якіх ясна ўказаны ў берасцейскім выданні. Таму варта вярнуцца не да высновы А. Брукнера з 1891 г., а да меркавання Т. Вітчака з 1957 г.: аўтарам “Пратэя...” быў Пётр Статорыус (Стаенскі) пры супрацоўніцтве з Цыпрыянам Базылікам , які выпраўляў мову і стыль сатыры (Witczak 1957: 506).

Ц. Базылік з’яўляўся не толькі выдаўцам паэмы, але і яе рэдактарам, фактычна – сааўтарам П. Стаенскага. Супрацоўніцтва іх вытлумачвае невыразнасць канфесійнай пазіцыі ў творы, рэдкае для таго часу імкненне да аб’ектывізму і талеранцыі (кальвініст Базылік змягчаў палемічныя акцэнты арыяніна Статорыуса), хоць паўплывала тут і арыентацыя на паэму каталіка Я. Каханоўскага. Такі погляд на праблему аўтарства “Пратэя...” ўяўляецца нам найбольш слушным, але паколькі П. Стаенскі і Ц. Базылік не пажадалі паставіць свае імёны на тытульнай старонцы твора і дакладна невядома ступень удзелу кожнага з іх у працы над тэкстам – правамерна і найдалей разглядаць “Пратэя...” як ананімную паэму.

На жаль, ад моманту публікацыі “Пратэя...” ў 1890 г. і да 60-х гг. нашага стагоддзя даследаванне твора зводзілася выключна да высвятлення праблемы ягонага аўтарства. У лепшым выпадку аўтарытэтныя польскія вучоныя давалі агульныя ацэнкі мастацкай каштоўнасці паэмы, часам – зусім процілеглыя. Так, Т. Грабоўскі адзначыў, што з пункту гледжання формы “Пратэй...” стаіць не на шмат ніжэй “Сатыра...” (Grabowski 1907: 3). А. Брукнер лічыў, што аўтар “Пратэя...”выказваўся смялей за Каханоўскага і лепей разумеў сутнасць праблемаў (Brükner 1907: 484). Ю. Кжыжаноўскі, наадварот, вельмі нізка ацэньваў паэму ў параўнанні з іншымі сатырычнымі творамі XVI ст.: “Абстрактныя і невыразныя высновы, пазбаўленыя афарыстычнай сцісласці і дасціпнасці Каханоўскага, адсутнасць сюжэтных замалёвак, як у Рэя, Бельскага ці Кляновіча, прыводзяць да таго, што “Пратэй” з’яўляецца хутчэй гладка рыфмаваным публіцыстычным артыкулам, чым мастацкім творам. Празмернае нагрувашчванне занадта разнастайных тэм, змешванне важных і нязначных рэчаў, жаданне выказацца па ўсіх адразу палітычных і грамадскіх справах, пазбаўляе яго вартасці выдатнай пазіцыі ў гісторыі польскай сатыры” (Krzyżanowski 1958: 28). Паспешлівая ацэнка Ю. Кжыжаноўскага абсалютна не стасуецца з меркаваннем С. Кота: “У паэме шмат смелых засцярог і трапных заўваг, аздобленых фразеалагічнымі зваротамі, жывы стыль, багатая мова. Перадусім чытача прываблівае ў “Пратэю” высокая пісьменніцкая культура аўтара (Kot 1956: 122).

Толькі Ю. Новак-Длужэўскі ў 1962 г. разгледзіў нарэшце ідэйна-мастацкі змест паэмы “Пратэй...” у даследаванні “Сатыравая паэма ў польскай літаратуры XVI – XVII стст. З гісторыі мастацкай ініцыятывы Яна Каханоўскага” (Nowak-Dłużewski 1962: 9 - 51). Апроч унікальнага ў гісторыі літаратуры падабенства кампазіцыяў “Сатыра...” і “Пратэя...” вучоны адзначыў таксама трохступенчаты ўклад зместу ў абодвух творах, характэрны для ўсіх сатыравых паэм: 1) негатыўны малюнак рэчаіснасці; 2) пошук сродкаў выпраўлення становішча; 3) песімістычны гараскоп на будучыню. Ю. Новак-Длужэўскі вылучыў тры асноўныя матывы “Сатыра...”, якія дакладна паўтараюцца ў “Пратэю...”: 1) заняпад рыцарскай традыцыі ў шляхецкім асяроддзі; 2) крызіс грамадска-палітычнага жыцця і, як вынік , адсутнасць парадку і справядлівасці ў дзяржаве; 3) рэлігійныя спрэчкі і звады (на рэлігійна-дагматычных справах і на этыцы грамадскага жыцця берасцейскі аўтар акцэнтуе асаблівую ўвагу). Ацэньваючы мастацкую каштоўнасць паэмы ананімнага аўтара, даследчык адзначыў пэўную хаатычнасць і празмерны аб’ём твора, але прызнаў, што напісана паэма “... моваю, як у Каханоўскага, простай, натуральнай, бадай што вытанчанай, здольнай нават да афарыстычнага сінтэзавання пэўных жыццёвых з’яў, у чым таксама нагадвае Каханоўскага” (Nowak-Dłużewski 1962: 29). Некалькі старонак адвёў Ю. Новак-Длужэўскі “Пратэю...” і ў чарговым томе сваёй фундаментальнай працы, прысвечанай польскай палітычнай паэзіі (Nowak-Dłużewski 1966: 290 - 292), разгледзіўшы адлюстраванне ў паэме канкрэтных палітычных падзеяў 60-х гг. XVI ст. (варшаўскага сойма 1563 – 1564 гг., барацьбы шляхты і караля з магнатамі і духавенствам за экзекуцыю каронных праў і інш.). Нагадаўшы, што з мастацкага боку “Пратэй...” з’яўляецца наследаваннем “Сатыру...” Я. Каханоўскага, польскі вучоны гэтым разам звярнуў увагу не на падабенства двух твораў, а на элементы навізны ў паэме берасцейскага аўтара: “Анонім умее абгрунтаваць перанятыя ідэалагічныя матывы па-свойму, на падставе надзвычай багатага фактычнага матэрыялу, які з’яўляецца цалкам ягонай уласнасцю. “Пратэй” – гэта ідэалагічнае, а не мастацкае клішэ “Сатыра” Каханоўскага. <...> Анонім здольны нават мацней, з мастацкага пункту гледжання, чым гэта зрабіў Каханоўскі, падкрэсліць змрочную палітычную будучыню Польшчы...” (Nowak-Dłużewski 1966: 292).