Па-другое, паэт апраўдваў свой выбар Пратэя ў якасці прамоўцы самой тэмай прамовы: “O nieporządnych sprawach kto porządnie mówi?” (Proteus 1890: 22), спасылаючыся пры гэтым на прыклад Сатыра: “Zdanie swoje powiedzieć wolno tu każdemu, / Jako się przedtem zeszło mężowi dzikiemu...” (Proteus 1890: 13), і падкрэсліваючы неўнікнёнасць крытыкі ўвогуле: “Ale jeśli się wam zda płoche ich ćwiczenie, / Nakoniec mówić będzie to nieme kamienie...” (Proteus 1890: 3).
Падтрыманы ў сваіх намерах важкімі аргументамі аўтара і спагадаю слухачоў, Пратэй заканчвае непрыемны для яго аповяд пра ўласныя грахі і смела перахадзіць да выкрыцця заганаў і хваробаў грамадства:
Ale iż się przedłuża to nasze kazanie,
Niech się tu kończy spraw mych prawdziwe wyznanie,
Których kiedy się dowie, będzie się dziwował
Przyszły wiek, że tak długo Pan mię tu zachował.
Lecz gdyby on każdą złość chciał piorunem karać,
Musiałby się natychmiast o nowy świat starać,
Miałby w Polszcze co czynić, ja to wam ślubuje,
A tak juz do spraw waszych teraz przystępuję.
Выступаючы з прамовай нібы пасол на сойме, Пярэварацень паказвае невясёлы малюнак грамадска-палітычнага жыцця ў Польшчы і Вялікім Княстве Літоўскім (барацьбу шляхты з магнатамі, а магнатаў з каралём; парушэнне законаў і агульных прынцыпаў справядлівасці; вынясенне уласных альбо груповых інтарэсаў над дзяржаўнымі і г. д.), звяртае ўвагу на няўдачы ў вайне з Масковіяй (з-за нежадання шляхты выконваць свае вайсковыя абавязкі перад Айчынай), асуджае рэлігійныя міжусобіцы і праявы неталеранцыі ў краіне (каталікі змагаюцца з пратэстантамі, а ў лагеры пратэстантаў таксама няма згоды), наракае на заняпад маралі і выміранне традыцыяў продкаў (цяперашні шляхціц больш дбае пра грошы, чым пра славу, розум чэрпае з бочкі віна, а не з мудрых кніг; ва ўзаемаадносінах людзей няма ранейшай шчырасці і добразычлівасці, сусед баіцца суседа і г. д.).
Па-за некалькімі алюзіямі да канкрэтных падзеяў (сабатаж магнатамі соймавага пасяджэння 23 лістапада 1563 г., спрэчкі вакол кандыдатуры новага кароннага гетмана і інш.) палітычны і маральна-этычны змест “Пратэя...” не вылучаецца арыгінальнасцю: такія самыя альбо блізкія ідэі сустракаюцца ў публіцыстычных трактатах А. Фрыча-Маджэўскага, С. Буднага, у паэтычных творах М. Рэя, М. Бельскага і ў “Сатыры...” Я. Каханоўскага. Зрэшты, “Сатыр...” не вылучаўся навізной палітычных ідэяў ці арыгінальнасцю маральных пастулатаў: “Закіды ў адрас, напрыклад, шляхецкага саслоўя ці таксама нараканні на заняпад звычаяў, на пагоню за прыбыткамі вядомы ў еўрапейскай літаратуры яшчэ з класічнага перыяду рымскай літаратуры (дастаткова прыгадаць тут крытычныя выказванні Вергілія ў “Георгіках” і “Сатыра” Гарацыя)” (Lichański 1992: 232).
Больш арыгінальнымі з’яўляюцца погляды берасцейскага аўтара на рэлігійныя справы, на праблему ўзаемаадносінаў паміж рознымі канфесіямі. На падставе зместу “Пратэя...” досыць цяжка вызначыць канфесійную прыналежнасць паэта, бо ў паэме няма адкрытай прапаганды альбо крытыкі якога-небудзь веравызнання і толькі “заступніцтва” аўтара за арыян, якіх лютэране і кальвіны імкнуліся выдаліць з краіны, дазваляе меркаваць, што і сам ён быў арыянінам. У той жа час вуснамі свайго героя паэт асуджае зацятыя спрэчкі на рэлігійна-дагматычныя тэмы (пра Боскую сутнасць Святой Тройцы, пра сімвалічнае значэне Гасподняй Вячэры і г.д.), ініцыятарамі якіх найчасцей выступалі менавіта арыянскія тэолагі (М. Чаховіч, С. Будны і інш.). Гэтыя малазразумелыя для простага верніка дыскусіі паміж ідэолагамі розных пратэстанцкіх плыняў надзвычай шкодзілі рэфармацыйнаму руху ў цэлым, адштурхоўвалі магнатаў і шляхту ад новых веравызнанняў, спрыялі вяртанню іх ва ўлонне каталіцкага касцёла.
Пратэй, падкрэсліваючы сваю неадукаванасць у тэалагічных пытаннях, перакананы, што да Бога вядзе просты шлях, адкрыты не толькі дактарам багаслоўя, але і звычайным людзям, а таму навука збавення павінна быць простай і зразумелай, павінна з’ядноўваць вернікаў, а не падзяляць іх: “Przeto mówić nie umiem o boskiej istności, / Dla której miedzy nami nie masz juz miłości...” (Proteus 1890: 13); “My tedy, co o wierze mało rozumiemy, / Nie brodżmy tam, skąd potem wybrnąć nie możemy” (Proteus 1890: 20). Былы паганскі бажок выказвае ў сваёй уяўнай прамове ісціны, якія не ўсвядомілі, на сваю бяду, дзеячы Рэфармацыі ў Польшчы і ў Вялікім Княстве Літоўскім: “Заклік гэты застаўся слынным голасам, гукаючага ў пустыні. <...> Выдатныя тэарэтыкі кальвінства і арыянства нярэдка адмаўляліся на нейкі час ад барацьбы з каталіцтвам, каб найперш расправіцца адзін з адным у вучоных лацінскіх трактатах” (Kosman 1973: 74).