Выбрать главу

У працах беларускіх літаратуразнаўцаў імя пісьменніка згадвалася шмат разоў, але пакуль што не з’явілася ніводнага спецыяльнага артыкула пра ягоную творчасць, ніводзін з ягоных паэтычных твораў не перакладзены на беларускую мову.

Ц. Базылік належаў да ліку тых рэлігійных і культурных дзеячаў Вялікага Княства Літоўскага, якія паходзілі з Польшчы. Нарадзіўся ён каля 1535 г. у Серадзу (Вялікапольшча), на пачатку 50-х гадоў вучыўся ў Кракаўскім універсітэце, потым працаваў сакратаром вялікакняскай канцылярыі ў Вільні, нейкі час быў музыкам пры двары князя Мікалая Радзівіла Чорнага. У кракаўскіх і берасцейскіх выданнях другой паловы 50-х гг. змешчаны ягоныя рэлігійныя песні на вершы Мікалая Рэя, Анджэя Тшэцескага, Якуба Любельчыка, Сымона Зацыуса, а таксама на ўласныя словы. Не ўсе свае творы паэт і кампазітар падпісваў поўным імем, некаторыя пазначаў крыптанімам C. S. (Ciprianus Siradensis), а пасля 1557 году – крыптанімам C. B. (Cyprian Bazylik).

Уласны талент, падтрымка заможных апекуноў і шчаслівы выпадак прынеслі ў 1557 г. сыну сярадзкага месціча ганаровы тытул poeta laureatus і шляхецкі герб. Тытул, герб і прозвішча Цыпрыян атрымаў ад прэтэндэнта на малдаўскі трон, уладара выспы Самос Якуба Гераклідаса Базылікаса, які меў прывілей надавання такіх годнасцяў ад імператара Карла V. Неўзабаве сумнеўныя годнасці, атрыманыя з ласкі вандроўнага грэцкага авантурніка, былі пацверджаны каралеўскім прывілеем Жыгімонта Аўгуста.

Пасля 1560 г. мы не сустракаем слядоў кампазітарскай дзейнасці Ц. Базыліка, затое ён асвойвае друкарскую справу і ўсё больш актыўна выступае ў якасці паэта і перакладчыка з лацінскай на польскую мову. Даробак Базыліка-перакладчыка велізарны: трактат “Гісторыя пра жорсткія ганенні на царкву Божую” (Бярэсце, 1567), сачыненне М. Барлетыуса “Гісторыя пра жыццё і слаўныя справы Юрыя Кастрыёта, званага Скандэрбегам” (Бярэсце, 1569), падрыхтаваная, але не выдадзеная “Хроніка...” М. Кромера, сачыненне М. Олаха “Гісторыя спраў Атылы, караля венгерскага” (Кракаў,1574), трактат А. Фрыча-Маджэўскага “Пра выпраўленне Рэчы Паспалітай” (Лоск, 1577). Некаторыя пераклады былі досыць дакладнымі, блізкімі да арыгіналаў, а некаторыя з’яўляліся творчымі перапрацоўкамі, свабоднымі кампіляцыямі, як, напрыклад, драматызаваны трактат “Учынак чартоўскага права супраць роду чалавечага” (Бярэсце, 1570) на падставе рэлігійных сярэднявечных “Processus Sathani”. Перакладныя творы Ц. Базыліка карысталіся вялікай папулярнасцю ў Вялікім Княстве Літоўскім, некаторыя з іх былі перакладзены пазней на старабеларускую мову (“Аповесць пра Скандэрбега”, “Гісторыя Атылы”).

Заслугоўвае ўвагі і друкарская дзейнасць Ц. Базыліка ў Бярэсці з 1564 па 1570 гг., якая сталася годным працягам справы Б. Ваявудкі і С. Мурмэліуса. Акрамя ўласных твораў і перакладаў, Ц. Базылік выдаваў самыя розныя кнігі рэлігійнага, палітычнага і мастацкага зместу. На жаль, на пачатку 70-х гг. у выніку агульгага заняпаду рэлігійнага і культурнага асяродка ў Бярэсці друкарня Ц. Базыліка спыняе сваю дзейнасць. Пры дапамозе заможных апекуноў пісьменнік атрымлівае пасаду войта ў Мельніку на Падляшшы недалёка ад Бярэсця і перасяляецца туды разам з сям’ёй. Спачатку ён і на новым месцы не кідае займацца літаратурай, піша і перакладае для кракаўскіх ды лоскіх друкарняў, але неўзабаве сямейныя клопаты і службовыя абавязкі бяруць верх над творчасцю: пасля 1577 г. Ц. Базылік не публікуе больш ні вершаў, ні празаічных перакладаў, а пасля 1591 г. ягоныя сляды ўвогуле знікаюць. Кракаўскае выданне паэмы “Пра зацнасць гербу Варня і пра вялікую адвагу рыцараў з дому паноў Гнаінскіх...” (1600) з’яўляецца , хутчэй за ўсё, перадрукам невядомага нам берасцейскага выдання гэтага твора, напісанага Ц. Базылікам каля 1570 года (ніводнае з выданняў не захавалася).

Але нават без паэмы “Пра зацнасць герба Варня...”, якая да нас не дайшла, і паэмы “Пратэй...”, аўтарства якой не даказана, паэтычная спадчына Ц. Базыліка выглядае дастаткова саліднай для XVI ст. Складаецца яна з песенных тэкстаў 1556 – 1558 гг. (“Новая песня, у якой ёсць падзяка ўсемагутнаму Госпаду Богу...”, “Вельмі прыгожая песенька пра нараджэнне Госпада...”, “Ласка Госпада...” і інш.), паэмы “Апісанне смерці і пахавання княгіні Альжбеты Радзівіл” (Бярэсце, 1562), верша-пасляслоўя да паэмы “Пратэй...” (1564), эпіграмы на герб Мікалая Радзівіла Чорнага і прысвячэння Мікалаю Радзівілу Рудаму з кнігі Т. Фальконіуса “Другая кніга святога Лукі” (Бярэсце, 1566), вершаванага “Надпісу на магіле зацнага шляхціца Паўла Сецыгнёўскага” (Бярэсце, 1570). Усе вышэйзгаданыя творы падпісаны прозвішчам паэта альбо ягоным крыптанімам і несумненна належаць да спадчыны Ц. Базыліка. Ю. Лабынцаў прыпісвае паэту таксама аўтарства эпіграмы на герб Мікалая Радзівіла Чорнага ў Берасцейскай Бібліі 1563 г. (Лабынцаў 1990: 171), хаця С. Кот у сваёй публікацыі пра гэты верш не згадвае.