Самым значным творам у спадчыне Ц. Базыліка з’яўляецца напісаная трынаццаціскладовым сілабічным вершам паэма “Krotkie wypisanie sprawy przy śmierci i pogrzebie Oświeconej Księżny Paniej Halżbiety z Szydłowca Radziwiłłowej, wojewodzinej wileńskiej. Roku 1562” (Kot 1956: 127 – 145), якая налічвае 654 радкі. Гэта першы вядомы нам фунеральны твор у польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу.
Смерць жонкі магната – якраз той выпадак, каб паэт напісаў узнёслы панегірычны верш, уславіў сапраўдныя альбо ўяўныя цноты нябожчыцы, суцешыў па-магчымасці блізкіх, заслужыў іхнюю ўдзячнасць, а, можа, і шчодрую ўзнагароду. Вобраз галоўнага героя ў такім вершы малюецца, звычайна, яркімі фарбамі, пералічаныя паводле традыцыйнага трафарэту подзвігі і дабрачыннасці героя рэдка адпавядаюць ягоным асабістым заслугам і рысам характару. Але ў выпадку з Альжбетай Радзівіл, відаць па ўсім, было інакш: Ц. Базыліку не трэба было выдумляць уяўныя цноты сваёй гераіні, адыходзіць далёка ад арыгінала пры стварэнні мастацкага партрэта.
Княгіня Альжбета была для свайго часу асобай неардынарнай, карысталася павагай і ў прыдворным свеце, і ў пратэстанцкіх колах. Паходзіла яна з заможнага польскага роду Шыдлавецкіх, ейны бацька, Крыштаф, займаў важныя пасады кракаўскага кашталяна і кароннага канцлера. Замуж за Мікалая Радзівіла Альжбета была выдадзена ў пятнаццацігадовым узросце і за чатырнаццаць гадоў сумеснага жыцця нарадзіла князю пяцёх сыноў і чатырох дачок. З дзевяці дзяцей толькі адзін сын памёр у дзяцінстве, астатнія дажылі да сталага веку, што на тыя часы – часы жахлівай дзіцячай смяротнасці – было сапраўдным цудам. Плоднасць Альжбеты і здароўе ейных дзяцей сучаснікі звязвалі з набожным, цнатлівым ладам жыцця княгіні, якая з каталіцтва добраахвотна перайшла ў кальвінства і хутка зрабілася для радзівілаўскага атачэння ўзорам шляхетнай пратэстанткі, ідэалам жонкі і маці.
Паэма Ц. Базыліка – не адзіны літаратурны твор, прысвечаны Альжбеце Радзівіл. Я. Каханоўскі ахвяраваў ёй паэму “Сузана”, якая выйшла з друку незадоўга да смерці княгіні; у прадмове паэт адзначаў высокую маральнасць жонкі правадыра кальвінства ў Вялікім Княстве Літоўскім: “Wszytkich skarbów na swiecie i wszytkiego złota / Godna by, zacna pani, twa dobroć i cnota” (Kochanowski 1980: 85). На трагічны скон Альжбеты Радзівіл адгукнуўся лацінамоўнай эпітафіяй віленскі паэт гішпанскага паходжання Пётр Раізіуш (Royzii 1900: 512). На пахаванні княгіні было прачытана два надгробныя казанні.
Безумоўна, пэўная ідэалізацыя гераіні ў паэме Ц. Базыліка прысутнічае, але вынікае яна не столькі з панегірычнай прыроды твора, колькі з ягонай паранетычнай зададзенасці: паказаць жыццё Альжбеты Радзівіл як прыклад для пераймання ейным дзецям і ўсім набожным хрысціянам. Можна ўсумніцца, што княгіня “так абыходзілася са сваімі слугамі, як бы не паняй, але маткай была ім”, аднак, ахвотна верыцца, што з Мікалаем Радзівілам яны ўтваралі шчаслівую пару, і, сапраўды, “супругаў такіх было вельмі мала”. Панегірызм у “Апісанні...” адсунуты на другі план маральна-дыдактычнымі развагамі, метафізічнымі рэфлексіямі і экспрэсіяй пачуццяў, уласцівымі для фунеральных твораў. Прыналежнасць да фунеральнай паэзіі найбольш дакладна характарызуе генатып вершаванага твора Ц. Базыліка, абумоўлівае ягоную сістэму вобразнасці і набор адпаведных топасаў.
Сярод мноства іншых паэтычных твораў на тэму смерці ў польскай і беларускай літаратуры XVI – XVIII стст. “Апісанне смерці і пахавання княгіні Альжбеты Радзівіл” вылучаецца дакладнасцю і падрабязнасцю ў адлюстраванні смерці канкрэтнага чалавека. Адметнасць паэмы Ц. Базыліка не ў тым, што створана яна з нагоды заўчаснага скону Альжбеты Радзівіл (з той самай нагоды створаны і “Epithafium...” П. Раізіуша), а ў тым, што прысвечана яна апісанню самога працэсу памірання княгіні. Паэму можна разглядаць як паэтычную хроніку смерці і адначасова як вершаваны падручнік ars bene moriendi (навукі добрага памірання), вядомай са старажытных часоў. Канцэпцыя твора лаканічна выказана ў наступных радках: