Jeśli się kto nie umiał ku śmierci gotować,
Mogł się z niej uczyć, by się był chciał przypatrowac...
Паведаміўшы сумную навіну пра смерць княгіні, пра пачуцці, якія выклікала гэтая навіна ў блізкіх і знаёмых, у аўтара і ва ўсіх прававерных хрысціян, распавёўшы пра радавод гераіні, пра яе набожны лад жыцця і выдатныя чалавечыя якасці, Ц. Базылік пераходзіць да паказу апошніх дзён жыцця і абставінаў смерці Альжбеты Радзівіл. Вядома, што княгіня захварэла 4 чэрвеня 1562 г., і паэт падае ў паэме гэтую дату, але сваю хроніку распачынае толькі ад 17 чэрвеня. Затое ён апісвае апошнія пяць дзён жыцця Альжбеты з падрабязасцю дыярыуша, аж да смерці гераіні, у суботу 20 чэрвеня 1562 г., а таксама дзень яе пахавання – 7 ліпеня.
Апошнія дні Альжбеты праходзілі ў віленскім палацы Радзівілаў, у атачэнні слуг, лекараў, кальвінскіх міністраў і блізкіх. Прысутнасць слуг у паэме амаль незаўважная, не патрабавала дапамогі княгіня і ад лекараў. Муж і дзеці некалькі разоў падыходзяць да ложка хворай, княгіня дае ім апошнія настаўленні, развітваецца з імі. Мікалаю Радзівілу і дзецям адрасавана некалькі пранікнёных маналогаў гераіні. Блаславенне дзяцей Ц. Базылік падагульняе наступнымі словамі:
Daj Boże, aby każda matka tak czyniła,
Taki testament dziatkom swoim zostawiła.
Захапленне выклікае ў Ц. Базыліка і суцяшальны зварот княгіні да мужа:
O święte słowa, godne złotem napisania
I wiecznego poki świat stoi pamiętania!
Але важнейшымі сведкамі смерці Альжбеты Радзівіл, галоўнымі слухачамі яе натхнёных маналогаў, відавочцамі незвычайных цудаў былі прысутныя пры ёй кальвінскія міністры (напэўна, С. Зацыус, Т. Фальконіус і інш.). З імі княгіня вяла гутаркі пра таямніцы веры, разам з імі малілася, вызнавала сімвал веры і аддала сябе ў рукі Богу.
Хвораму чалавеку ў перадсмяротным стане ўласцівы галюцынацыі і трызненні. Альжбета, як чалавек глыбока рэлігійны, бачыла містычныя з’явы. Знаходзячыся на мяжы жыцця і смерці, яна вандравала з рэальнага свету ў метафізічны. Прысутныя назіралі дзвюх розных Альжбет, адна з якіх выклікала ў іх спачуванне і павагу, другая – захапленне і страх.
Кальвінскія дзеячы былі сведкамі змагання княгіні з д’яблам, які, паводле тагачасных уяўленняў, абавязкова прысутнічаў пры смерці чалавека. Міністры і тэолагі разгубіліся перад глыбокім пранікненнем Альжбеты Радзівіл у таямніцы хрысціянскай веры, якое выявілася падчас гутарак пра Святую Троіцу, Хрышчэнне, Вячэру Гасподнюю:
Tam każdy mogł obaczyć dziwne dary Boże,
Ktorych sam z siebie człowiek żadny mieć nie może,
By tak dowodnie o tym i mądrze mowiła,
Że prawie wszytkich, ktorzy tam stali, uczyła.
Здзіўленне і нават страх выклікаў у прысутных незвычайна моцны і чысты голас хворай, калі тая нечакана заспявала псалмы Давіда:
Bo dowodniej niż oni słowa wymawiała.
Słuchając rzekłbyś, iże z Bogiem rozmawiała.
Dziwna to rzecz, iż taki głos schorzałe ciało,
Jakiego od niej przedtym nikt nie slyszał, miało.
Але найвялікшы цуд здарыўся 19-га чэрвеня, за дзень да смерці Альжбеты Радзівіл. Раніцай княгіня была ў агоніі, ускоквала з ложка, біла сябе ў грудзі, потым супакоілася і страціла прытомнасць (адны думалі – што заснула, іншыя – што памерла), а прачнуўшыся, паведаміла радасным голасам:
<...> “Jużem wesoła barzo teraz była,
Miałam wdzięczne zjawienie od Boga samego,
Iżem już jest dziedziczką Krolestwa wiecznego.
A tak jemu dziękuję, iże mię wybawił
Od bałwanów, a przy swej wierze mię zostawił”.
Словы Альжбеты ўзрушылі святароў, якія адразу прыгадалі, што падобнае аб’яўленне меў перад сваёй смерцю святы Стэфан, і незвычайна ўсцешыліся. Радасць міністраў лёгка зразумець: яны атрымалі доказ правільнасці сваёй дактрыны, важкі аргумент у спрэчцы з ідэйнымі праціўнікамі. Альжбеце, якая перайшла з каталіцтва на кальвінства, з’явіўся перад смерцю Бог і паведаміў, што бярэ яе ў сваё царства (каталіцкія тэолагі сцвярджалі, што ўсе пратэстанты, як ерэтыкі і вераадступнікі, пасля смерці трапяць у пекла).
Паранетычныя, кальвінскія ноткі гучаць на працягу ўсёй паэмы Ц. Базыліка: можна пачуць іх у публічным вызнанні веры княгіняй і ў падкрэсліванні добраахвотнасці яе рэлігійнага выбару, заўважыць у апісанні сціплага пахавальнага абраду і ў поўнай адсутнасці ў творы згадак пра чысцец. Цэнтральнае месца ў сістэме пракальвінскай, антыкаталіцкай аргументацыі займае містычная з’ява, якую бачыла Альжбеты Радзівіл.