Выключнае значэнне мае гэтая цудоўная з’ява і для ідэйнай канцэпцыі паэмы. Княгіня вяла набожнае і цнатлівае жыццё, а таму не баялася смерці, яшчэ да скону яна даведалася ад самога Бога, што яе чакае Царства Нябёснае. Гарачая вера абярнулася спакойнай упэўненасцю для гераіні, а для чытачоў – светлай надзеяй, што калі яны будуць наследаваць прыклад Альжбеты Радзівіл, іх таксама чакае збавенне і невымоўная радасць яднання з Богам.
Нагадаем, што разуменне “добрай смерці” чалавекам XVI ст. – чалавекам з глыбока рэлігійнай свядомасцю – значна адрозніваецца ад нашага сённяшняга разумення, у значнай ступені сфармаванага матэрыялістычнай філасофіяй і геданістычнай этыкай. Найлепшая смерць для нас – смерць нечаканая, без пакутаў і болю, на схіле шчаслівага, напоўненага падзеямі жыцця. Згадкі пра смерць засмучаюць нас і палохаюць, мы спрабуем адагнаць іх ад сябе як найдалей (напрыклад, выносім могілкі за межы горада), дэвіз “memento mori” ўспрымаем толькі як заклік жыць больш інтэнсіўна, не адкладаць на заўтра тых радасцяў, якія можна спазнаць яшчэ сёння.
У аўтара, гераіні і тагачасных чытачоў паэмы “Апісанне...” было зусім іншае ўяўленне пра “добрую смерць”, іншае разуменне дэвіза “memento mori”. Хрысціянскае ars moriendi вучыла, што найгоршая смерць для чалавека – нечаканая, да якой ён не паспеў падрыхтавацца: ачысціцца ад грахоў ці хаця б шчыра пакаяцца ў іх. Чалавеку, які не выказаў жалю за свае грахі, пагражае смерць абсалютная, а для праведнага хрысціяніна імгненне скону – толькі пераход да іншай, вышэйшай формы экзістэнцыі, змена часовага пакутлівага існавання на вечнае шчаслівае быццё. З такога погляду на смерць вынікала разуменне жыцця як дарогі да смерці, перыяду выпрабаванняў і вызвалення душы ад грахоў. Пра смерць належала памятаць, каб паспець падрыхтавацца да яе малітвамі і намаганнямі усяго жыцця, не хавацца ад смерці, а выходзіць ёй насустрач з верай і надзеяй на спатканне з Богам. Хрысціянская ars moriendi аказвала на паміраючага моцнае тэрапеўтычнае ўздзеянне: змяншала страх перад смерцю, прывучала ўспрымаць смерць як натуральны элемент быцця (Aries 1992; Nowicka-Jeżowa 1992).
Узнікае пытанне: ці не пярэчыць такому погляду на смерць слёзны смутак па нябожчыцы ў паэме Ц. Базыліка? Ці павінен хрысціянін выказваць скруху па страце блізкай асобы, калі ён ведае, што смерць – не канчатковае знікненне, але пераход да жыцця вечнага?
Плач па нябожчыку тлумачыўся некалькімі прычынамі, галоўнай з якіх быў момант расстання (калі праводзяць у дарогу – таксама плачуць). У меншай ступені адбіваўся страх перад смерцю, спрадвечным ворагам роду чалавечага, і момант невядомасці вынікаў Божага суда над нябожчыкам (шчыры плач блізкіх змываў з ягонай душы частку грахоў).
Плач па Альжбеце Радзівіл у паэме “Апісанне...” не тлумачыцца страхам перад смерцю і трывогай за душу гераіні, ён народжаны выключна перажываннем расстання з княгіняй, стратай пачцівай пані блізкімі і знаёмымі. Гэта слёзы не па Альжбеце, а слёзы тых і па тых, хто застаўся без Альжбеты: вектар скрухі скіраваны не на памерлую, якая прайшла ўсе выпрабаванні і нарэшце далучылася да Бога, а на жывых людзей, якіх яшчэ чакаюць на зямлі цяжкія выпрабаванні:
Ona się do niebieskiej chwały wprowadziła,
Nam wielki płacz i smętek cięzki zostawiła.
Ona tam już rozkoszy zażywa niebieskiej,
A my tu zażywamy w smętku nędze ziemskiej.
Альжбету, якая цяжка захварэла і развітвалася з жыццём у росквіце сіл, не трэба было суцяшаць. Яна сама падбадзёрвала блізкіх і прыяцеляў, часта ўдвая старэйшых за яе, сваімі паводзінамі ўмацоўвала іх у веры:
A gdy ci przychodzili, co ją nawiedzali,
By jej wdzięczną pociechę jako chorej dali,
Ona ich tak wesołym sercem uprzedzała,
Że każdemu o sobie dobrze potuszała,
A co ją mieli cieszyć, to ona cieszyła,
Smętnym ona weselszą dobrą myśl czyniła.
Ц. Базылік з павагай адзначае, што набліжэнне смерці не выклікала ў княгіні пачуцця страху. Нельга, аднак, пагадзіцца з думкаю М. Владарскага, нібыта Альжбеце Радзівіл была ўласціва прага смерці, як некаторым раннехрысціянскім святым, нібыта расстанне з гэтым светам напаўняла яе пачуццём радасці (Włodarski 1987: 78).
Cupido mortis, ідэал пажадання смерці, з’яўляўся найвышэйшай ступенню авалодання навукай добрага памірання. Смерць у метафізічнай перспектыве бачылася як заканчэнне цяжкага перыяду выпрабаванняў, апошні крок да збавення і сустрэчы з Ісусам Хрыстом. Зразумела, што многія хрысціянскія аскеты, святыя-пустэльнікі імкнуліся прыспешыць гэты крок, як мага хутчэй пакінуць грэшную зямлю і з’яднацца з Госпадам у Царстве Нябесным. Але ў дваццацідзевяцігадовай Альжбеты Радзівіл, маці васьмі дзяцей, не было і не магло быць жадання хутчэй развітацца з гэтым светам – з мужам, дзецьмі, прыяцелямі-аднаверцамі, бо адмаўленне ад выканання сваіх зямных абавязкаў таксама лічылася грахом для хрысціяніна. У адносінах да смерці Альжбета займала пазіцыю пакорлівага, але пасіўнага прымання яе, цалкам пакладаючыся на волю Бога ў вызначэнні часу яе прыходу: “Niech się dzieje wola twa, jam się na cię zdała, / Gotowam żyć i umrzeć, niech będzie co ty chcesz...” (Kot 1956: 135); “<...> Niechajże będzie co ty raczysz, / Wszak czego mnie potrzeba, ty sam lepiej baczysz...” (Kot 1956: 138); “<...> Dziękujmyż Bogu słowy nabożnemi, / Iż nas przez tę noc raczył zachować zdrowemi” (Kot 1956: 139).