Ja acz wypowiedzieć swej nie mogę żałości,
Ktora opanowała serdeczne wnętrzności,
Płacz mi przerywa mowę, wszakże ten żal mając,
Tak mowię, oczy smętne łzami oblewając:
O żałosna to słusznie nam godzina była,
Gdy tę świętą panią śmierć z światem rozłączyła.
Два апошнія радкі выконваюць у паэме ролю рэфрэна, але паўтараюцца ў некалькіх варыянтах, што дазволіла аўтару развіваць тэму твора, змяняючы за кожным разам адно-два словы (відавочна, тут праявіліся кампазітарскія здольнасці Ц. Базыліка). Пачыналася паэма радкамі, якія заяўлялі, але не раскрывалі тэму, наўмысна не канкрэтызавалі яе:
O żałosna zaprawdę to nam jest godzina,
Kiedy się pojawiła ta smętna nowina...
Пазней чатач даведваўся, што сумная навіна – гэта смерць княгіні Альжбеты, рэфрэн набываў свой завершаны выгляд, паўтараючыся ў тэксце адзінаццаць разоў. Калі аўтару спатрэбілася напрыканцы паэмы яшчэ раз падкрэсліць сваё асабістае ўзрушэнне і апраўдаць ім магчымыя недахопы твора, ён зноў звярнуўся да рэфрэна, замяніўшы тым разам займеннік “для нас” на “для мяне”:
Ja com słyszał z daleka, z mojej powinności
Pisałem w wielkim smętku i w wielkiej żałości.
Nie dziw, iż ledajako i mniej niż słuszało,
Gdyż mi się wtenczas było wszystko pomieszało.
Bo to dziwnie żałosna mnie nowina była,
Gdy tę święta panią śmierć z światem rozłączyła...
Выразная прысутнасць аўтара ў паэме, адкрытае выяўленне ім сваіх пачуццяў значна ажыўляла твор, спрыяла актыўнаму чытацкаму суперажыванню. Парадаксальнасць сітуацыі заключалася ў тым, што прысутны на старонках паэмы аўтар адсутнічаў у Вільні ў апошнія дні жыцця Альжбеты Радзівіл, не было яго і на пахаванні. Паводле прызнання самога Ц. Базыліка, асноўнай крыніцай інфармацыі служылі яму чуткі і нататкі відавочцаў (Kot 1956: 142). Такія нататкі, пад назваю “O nieuwiarowaniu śmierci...”, былі знойдзены нядаўна Е. Піражынскім (Karpłuk , Pirożyński 1990: 65 – 91) у тым самым Вольфэнбютэльскім архіве (Германія), дзе калісьці С. Кот знайшоў “Апісанне смерці і пахавання княгіні Альжбеты Радзівіл”.
Празаічны тэкст быў напісаны дзеля выхавання дзяцей Альжбеты кімсьці з пратэстанцкіх дзеячаў, набліжаных да Мікалая Радзівіла Чорнага: С. Зацыусам, М. Чаховічам, Т. Фальконіусам альбо М. Вендрагоўскім. Усе яны прысутнічалі пры апошніх днях княгіні, вялі з ёй натхнёныя тэалагічныя размовы, чулі яе развітальныя словы, двое з іх чыталі казанні на пахаванні Альжбеты. Знаёмства з нататкамі “Пра няўхільнасць смерці” дае падставы сцвярджаць, што Ц. Базылік несумненна скарыстаў іх для напісання сваёй паэмы, адтуль чэрпаў канкрэтныя факты і рэальныя падрабязнасці абставінаў смерці Альжбеты Радзівіл, на падставе дакументальных запісаў будаваў шматлікія маналогі гераіні.
Здавалася б, празаічны твор напісаны на тую ж самую тэму, што і паэтычны, павінен адрознівацца ад апошняга большай дакладнасцю, рэалістычнасцю, прастатой апісанняў. Сапраўды, некаторыя абставіны смерці і пахавання Альжбеты Радзівіл ў празаічных нататках апісаны больш падрабязна, дэталёва, але гэтыя цікавыя падрабязнасці і яскравыя дэталі губляюцца сярод шматлікіх цытат і алюзій з Бібліі, антыкаталіцкіх палемічных выпадаў і разгорнутых тэалагічных разважанняў, якімі перанасыціў свае нататкі экзальтаваны аўтар. Паэма Ц. Базыліка напісана стылем больш стрыманым і ўраўнаважаным, вылучаецца лірызмам, глыбокім аўтарскім суперажываннем лёсу гераіні. Празаічныя нататкі заканчваюцца паведамленнем пра смерць Альжбеты Радзівіл, у вершаваным тэксце апісана яшчэ і пахаванне. З гэтага вынікае, што “Пра няўхільнасць смерці” – не адзіная крыніца інфармацыі, выкарыстаная Ц. Базылікам для напісання паэмы “Апісанне смерці і пахавання княгіні Альжбеты Радзівіл”. Але на падставе параўнання гэтых двух тэкстаў можна меркаваць пра творчы падыход паэта таксама да іншых магчымых крыніц.
Дакументальная аснова з’яўляецца той важнейшай асаблівасцю, якая вызначае фенатып вершаванага твора Ц.Базыліка. Да паэмы з поўным правам можна аднесці словы Е. Піражынскага, сказаныя пра той празаічны допіс: “Дазваляе ён у пэўнай ступені ўгледзецца ў сцэнічнае афармленне апошніх дзён жыцця Альжбеты Радзівіл у ейным віленскім палацы, нават часткова робіць магчымым пазнанне яе псіхалагічнага партрэту. У апісанні знаходзім падрабязнасці, якія дазваляюць убачыць некаторыя аспекты ментальнасці гэтай незвычайнай жанчыны, яе эмацыйныя рэакцыі на розныя здарэнні, адносіны да сям’і, блізкіх, знаёмых, а перадусім своеасаблівую жыццёвую філасофію, вельмі глыбока прасякнутую адчувальнай рэлігійнасцю” (Karpłuk , Pirożyński 1990: 68).