Паэма Ц. Базыліка, напісаная з выпадку смерці Альжбеты Радзівіл, з’яўляецца першым вядомым нам фунеральным творам у польскамоўнай паэзіі Беларусі. Праз некалькі дзесяцігоддзяў надмагільныя надпісы, эпіцэдыумы, ляманты, трэны і іншыя фунеральныя жанры занялі трывалае месца ў літаратуры Вялікага Княства Літоўскага.
Пазнейшыя паэтычныя творы Ц. Базыліка працягваюць тэму смерці, узнятую ў паэме “Апісанне...”. У кнізе Т. Фальконіуса “Другая кніга святога Лукі” (1566) змешчаны верш Ц. Базыліка на герб Мікалая Радзівіла Чорнага (26 радкоў) і прысвячэнне Мікалаю Радзівілу Рудаму (52 радкі). Першы твор адносіцца нібыта да геральдычнай паэзіі, але толькі на самым пачатку аўтар гаворыць некалькі слоў пра радзівілаўскі герб і нават не спрабуе апісаць яго выяву ні ў гістарычным кантэксце, ні ў алегарычным плане, як таго вымагала традыцыя. Паэт адразу паведамляе чытачу, што ўладальнік герба памёр (хоць эпіграмы рэдка пісаліся на гербы памерлых людзей), выказвае жаль з прычыны ягонай заўчаснай смерці і спадзяецца, што справы Радзівіла годныя вечнай славы, а сам ён – Царства Нябёснага. Далей, ужо зусім насуперак канонам геральдычнай паэзіі, Ц. Базылік згадвае смерць жонкі князя і натуральным чынам працягвае паэму “Апісанне...”, быццам і не мінула восем гадоў з дня скону Альжбеты:
A tak nam z świata zeszła, by kwiatek w południe,
Ktory gdy słońce wnidzie, rozkwitnie się cudnie
I kwitnie do wieczora. Lecz ten śmierć urwała
W południe a wieczora doczekać nie dała.
Нават алегарычнае параўнанне Альжбеты з цудоўнай кветкай, якую ў поўдзень жыцця сарвала смерць, выкарыстоўвалася раней у паэме. Зрэшты, паэт не дбаў асабліва пра арыгінальнасць і скончыў свой верш пажаданнем для дзяцей Мікалая і Альжбеты... квітнець, нібы майскія кветкі да вечара.
Верш на герб Мікалая Радзівіла Чорнага, які на першы погляд належыць да геральдычнай паэзіі, насамрэч з’яўляецца, як і паэма “Апісанне смерці і пахавання княгіні Альжбеты Радзівіл”, творам фунеральным. Таксама і прысвячэнне Мікалаю Радзівілу Рудаму мае ў сабе шмат элементаў, уласцівых фунеральнай паэзіі, хоць намінальна адносіцца да паэзіі дэдыкацыйнай. Толькі ў сярэдзіне верша Ц. Базылік непасрэдна звяртаецца да князя, заклікае яго працягваць слаўныя справы памерлага нядаўна брата і, галоўнае, цвёрда трымацца праўдзівай веры:
Że, acz świętej pamięci Pana brata twego
Wziął nam już do żywota onego wiecznego,
Dał cię na jego miejsce, abyś jego chwały
Pomnażał a przy jego słowie tak był stały
Jako i on. <...>
Першая палова, а таксама апошняя частка верша насычана дыдактычнымі разважаннямі пад агульным дэвізам “memеnto mori”: пра немінучасць смерці і неабходнасць падрыхтоўкі да яе, пра сумленныя ўчынкі і шляхі да збаўлення, пра нябёснае жыццё і вечную славу. Штораз паўтараюцца ў розных спалучэннях словы “смерць”, “гроб”, “крэс”, “памяць”, “слава”, “вечнасць”, – твор густа перасыпаны хрысціянскімі топасамі.
Прысвячэнне Мікалаю Радзівілу Рудаму відавочна не адносіцца да ліку лепшых твораў Ц. Базыліка. Празмерны дыдактызм, хаатычнасць кампазіцыі, таўталогія думак і вобразаў вынікалі, напэўна, з недахопу шчырых пачуццяў, з адсутнасці ў аўтара асабістай сімпатыі да князя. Ствараецца ўражанне, што паэт сумняваўся ў здольнасці Мікалая Радзівіла Рудага быць правадыром кальвінізму ў Вялікім Княстве Літоўскім.
Значна цікавейшы верш Ц. Базыліка “Napis na grobie zacnego szlachcica Pawła Secygniowskiego” (1570), які вылучаецца якраз моцнай экспрэсіяй пачуццяў, выразнай аўтарскай сімпатыяй да свайго героя, натхнёнасцю ў раскрыцці тэмы. Польскі шляхціц Павел Сецыгнёўскі праславіўся сваёй мужнасцю і рыцарскімі здольнасцямі ў войнах супраць турак на баку венграў. Услаўляючы ягоныя подзвігі, паэт адно шкадуе, што Сецыгнёўскі аддаў свой жаўнерскі досвед і спрыт на службу чужой бацькаўшчыне:
A jeśli przeciw obcym tak był potężliwy,
Coś się zda, do ojczyzny swej jak był chętliwy?
Bo by ku temu męstwu możność przystąpiła,
Iścieby Ukraina bezpieczniejsza była.
Верш насычаны антычнымі вобразамі, што зусім не было характэрна для ранейшых твораў паэта, прасякнутых біблейскімі матывамі (толькі ў “Апісанні...” аднойчы згадваўся Авідзій). “Надпіс на магіле...” быццам створаны адразу пасля наведвання лекцый па старажытнай міфалогіі, пасля першага прачытання Гамера і Вергілія. Згадваюцца імёны рымскіх багоў (Марса, Тытана), грэцкіх герояў (Тэзея, Пірыта), пад мянушкай польскага Уліса крыецца Яраслаў Ласкі, а самога Паўла Сецыгнёўскага паэт узнагароджвае тытулам Геркулеса.