Гераічныя і патрыятычныя матывы ў творы суіснуюць з танаталагічнымі, побач з вобразам мужнага шляхціца паўстае вобраз ваяўнічай смерці, магутнейшай за татараў і турак. Менавіта яна перамагла непераможнага ў бітвах з ворагамі рыцара, паклала ў труну ягонае цела, затупіла шаблю і дзіду, пакрыла іржой даспехі. Але трыумф смерці – не канчатковы, бо вечную славу асягнулі подзвігі героя, запісаныя “ў каменных кнігах і на цвёрдай скале”, дух апынуўся ў Божых руках і некалі вернецца ў даверанае труне цела.
Верш Ц. Базыліка з’яўляецца класічным узорам надмагільнага надпіса, створанага па антычных канонах, ад першага традыцыйнага радка (“Tu Secygniowski Paweł leży, szłachcic zacny...”) да велічнага фіналу, дзе да шляхты Рэчы Паспалітай прамаўляе з труны сам нябожчык:
Ty cny polski szlachcicze, który żyw zostawasz,
Weźmi ten miecz, weźmi koncerz i ten pewny pancerz,
Weźmi moją kopiją, weźmi i świetny bechterz,
Wsiądź na mój koń, a wejrzy żem już porażony,
Dokończ za mię, com ja był umyślil z mej strony.
Nie mogł mię nieprzyjaciel pożyć czasu wojny,
Nie pożył mię Tatarzyn ani Turczyn zbrojny,
Pożyła mię sroga śmierć z dekretu Bożego.
Toć nie dziw, lecz pokiś wżdy ty wolen od niego,
Czyń mężnie dla ojczyzny, która cię spłodziła,
By się z twych spraw sława jej na wieki szyrzyła.
“Надпіс на магіле зацнага шляхціца Паўла Сецыгнёўскага” належыць да фунеральнай паэзіі, але гэты твор засведчыў наяўнасць у Ц. Базыліка не толькі лірычнага, але і эпічнага таленту, выявіў здольнасці не толькі аплакваць нябожчыкаў, але і ўслаўляць подзвігі герояў. Магчыма, менавіта ў героіка-эпічным кірунку развіваўся далей талент паэта, вынікам чаго быў верш “O zacności herbu Warnia, i o wielkiej dzielności ludzi rycerskich w domu panów Gnoińskich...”, прысвечаны подзвігам паплечніка Паўла Сецыгнёўскага, Крыштафа Гнаінскага. На жаль, апошні вядомы нам вершаваны твор Ц. Базыліка, напісаны недзе на пачатку 70-х гг. XVI ст., да нас не дайшоў. Няма ніякіх звестак пра паэтычную творчасць Ц. Базыліка пазнейшага часу: пра тое, у якім жанры ён пісаў і ці пісаў увогуле. Але калі б з усёй спадчыны Ц. Базыліка да нашага часу захавалася толькі паэма “Апісанне смерці і пахавання княгіні Альжбеты Радзівіл” – імя паэта усё роўна заслугоўвала б быць названым сярод імёнаў лепшых паэтаў Беларусі эпохі Рэнесансу.
І. 5. ПАДАГУЛЬНЕННЕ
З дзейнасцю берасцейскіх і нясвіжскай друкарняў у 50 - 60-х гг. XVI ст. звязаны першы этап развіцця польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу: яе ўзнікненне на хвалі рэфармацыйнага руху.
Першымі ўзорамі друкаванай польскамоўнай паэзіі ў Беларусі сталіся вершаваныя тэксты з пратэстанцкіх канцыяналаў: берасцейскага (1558) і нясвўжскага (1563/1564). Значная частка гэтых тэкстаў была створана на тэрыторыі Беларусі і Літвы, хаця ў не мясцовымі пакуль што аўтарамі. Важнейшая асаблівасць паэтычных твораў з пратэстанцкіх канцыяналаў XVI ст. – іх цесная сувязь з рэлігійным абрадам і музыкай. Сам верш з’яўляўся толькі адной з састаўных частак сінкрэтычнага слоўна-музычнага твора – рэлігійнай песні. Аўтары канцыяналаў бачылі ў песнях сродак рэлігійнага выхавання, маральнага ўдасканалення, найпрасцейшы шлях засваення як старых біблейскіх ісцін, так і новых рэлігійных ідэй. Праз канцыяналы нашыя продкі непасрэдна далучалўся да паэзіі і музыкі, якія раней не займалі прыкметнага месца ў іхнім жыцці.
Прыкладам выкарыстання вершаванай формы не ў рэлігійных, а ў палітычных мэтах з’яўляецца верш А. Валяна “Да Палякаў і да Літвы”, змешчаны ў кнізе А.Ратундуса “Размова Паляка з Ліцвінам” (1564/1565). У сціплым прэфацыйным вершыку, выкліканым да жыцця палемікай паміж С. Ажахоўскім і А. Ратундусам, аўтар здолеў закрануць складаныя праблемы ўзаемаадносін Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага, адлюстраваў незалежніцкія, патрыятычныя настроі, якія існавалі ў беларуска-літоўскім грамадстве напярэдадні заключэння Люблінскай уніі. З мастацкага пункту гледжання паэтычны дэбют А. Валяна ўяўляе сабой тыповы прыклад урачыстага красамоўства, у сваім вершы А. Валян прадэманстраваў не столькі паэтычныя здольнасці, колькі рытарычнае майстэрства, уласцівае будучаму філосафу, тэолагу, дыпламату.