Выбрать главу

Шырокі спектр палітычных, рэлігійных і маральных праблем закрануты ў ананімнай паэме “Пратэй, або Пярэварацень” (1564), узнікшай у выніку наследавання паэме “Сатыр, або Дзікі чалавек” (1564) Я. Каханоўскага. Паэма, напісаная хутчэй за ўсё эмігрантам-французам Пятром Стаенскім (Статорыусам), адрэдагаваная і выдадзеная палякам Цыпрыянам Базылікам, з’яўляецца самым значным дасягненнем польскамоўнай паэзіі Беларусі 50 – 60-х гг. XVI ст. У напоўненым шматлікімі палітычнымі алюзіямі творы гучыць заклік да грамадскай згоды і рэлігійнай талеранцыі, даецца вострая крытыка тагачасных нораваў і звычаяў шляхты, прадказваецца немінучая дзяржаўная катастрофа. Шматзначны вобраз галоўнага героя – пярэваратня Пратэя, які выступае ў паэме адначасова як паганскі бажок, звычайны шляхціц, паэт-вяшчун і выконвае адразу некалькі функцыяў: апавядальніка ўласнай гісторыі, прамоўцы-рэзанёра і слухача-пераказчыка – робіць гэты твор надзвычай цікавым з мастацкага пункту гледжання. Глыбока ўзнятая ў паэме тэма ўзаемаадносінаў паэта і грамадства і трапная ацэнка творчасці польскіх паэтаў надае “Пратэю...” важнае значэнне ў кантэксце станаўлення літаратуразнаўчай думкі эпохі Рэнесансу.

Бясспрэчна, самай заўважнай постаццю сярод тагачасных польскамоўных творцаў Беларусі быў Цыпрыян Базылік – выдаўца, перакладчык, кампазітар, паэт. Ягоная паэма “Апісанне смерці і пахавання княгіні Альжбеты Радзівіл” вылучаецца сярод іншых фунеральных твораў XVI ст. псіхалагічнай дакладнасцю адлюстравання смерці чалавека, з’яўляецца своеасаблівай паэтычнай хронікай смерці, вершаваным падручнікам ars bene moriendi (навукі добрага памірання). Агульныя метафізічныя рэфлексіі на тэму смерці і дыдактычна-маралізатарскія разважанні пра жыццё ў рэчышчы хрысціянскай тэалогіі перамяжоўваюцца ў “Апісанні...” выказваннем асабістых пачуццяў аўтара, якія прыўносяць у паэму элементы лірызму. Пазнейшыя паэтычныя творы Ц. Базыліка (эпіграма на герб Мікалая Радзівіла Чорнага, прысвячэнне Мікалаю Радзівілу Рудаму, верш “Надпіс на магіле зацнага шляхціца Паўла Сецыгнёўскага”) у той ці іншай ступені працягваюць тэму смерці, якая была для паэта важнейшай нагодай для таго, каб узяцца за пяро. Чалавек у ягоных творах паказаны на парозе вечнасці, у праўдзівым і бязлітасным люстры смерці.

Польскамоўная паэзія ў берасцейскіх і нясвіжскіх выданнях 50 – 60-х гг. XVI ст. мае даволі шырокі жанравы спектр. Ужо ў спеўніку Я. Зарэмбы 1558 г. акрамя рэлігійна-метафізічнай паэзіі (песенных тэкстаў канцыяналу) мы знаходзім прыклады прэфацыйнай паэзіі (прадмова “Да ўсіх, хто любіць Госпада Бога”) і геральдычнай (эпіграма на герб Станіслава Пякарскага). Яшчэ адзін прыклад геральдычнай паэзіі сустракаем на старонках берасцейскай Бібліі (эпіграма на герб Мікалая Радзівіла Чорнага). У дадатку да нясвіжскага канцыянала з’яўляюцца першыя ўзоры рэлігійна-палемічнай паэзіі (“Песня, сабраная з Адкрыцця св. Яна <...> што папа ёсць праўдзівы Антыхрыст, і ўжо дарэмна маем іншага Антыхрыста чакаць”), а філосаф А. Валян, напоўніўшы свой прэфацыйны па функцыі верш “Да Палякаў і да Літвы” актуальным грамадскім зместам, даў першы ўзор палітычнай паэзіі. Палітычнай сатырай з’яўляецца паэма “Пратэй, або Пярэварацень”, у якой гучаць і рэлігійна-палемічныя матывы (больш дакладна жанр гэтага твора вызначаецца як сатыравая паэма). У берасцейскім выданні “Пратэя...” змешчана і некалькі дэдыкацыйных вершаў (ананімнае прысвячэнне Мікалаю Радзівілу Чорнаму, жартаўлівыя звароты да героя паэмы П. Стаенскага і Ц. Базыліка). У творчасці Ц. Базыліка мы знаходзім як выдатныя ўзоры паэзіі фунеральнай (“Апісанне смерці і пахавання княгіні Альжбеты Радзівіл”, “Надпіс на магіле зацнага шляхціца Паўла Сецыгнёўскага”), так і прыклады геральдычнай (эпіграма на герб Мікалая Радзівіла Чорнага) і дэдыкацыйнай паэзіі (прысвячэнне Мікалаю Радзівілу Рудаму). Характэрна, што віды і жанры паэзіі, рэпрэзентаваныя на старонках берасцейскіх і нясвіжскіх выданняў 50 – 60-х гг. (геральдычная, прэфацыйная і дэдыкацыйная, фунеральная, палітычная, рэлігійна-палемічная) стануцца найбольш папулярнымі і на пазнейшых этапах развіцця польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу.

Хаця значная частка твораў у тыя часы выдавалася ананімна, нам вядомы імёны многіх паэтаў з берасцейска-нясвіжскага асяродку: Я. Зарэмба, С. Зацыус, А. Тшэцескі, Я. Сільвіус, С. Семідаліус, М. Чаховіч, Т. Сакалоўскі (Фальконіус), Т. Хадоскі, А. Валян, П. Стаенскі (Статорыус), Ц. Базылік. З іх толькі Ц. Базылік, А. Тшэцескі ды, напэўна, П. Стаенскі былі сапраўднымі паэтамі, астатнія пакінулі пасля сябе па адным, па два вершы, напісаныя спецыяльна для нейкага канкрэтнага выдання (напрыклад, для берасцейскага альбо нясвіжскага канцыяналаў).