Выбрать главу

Па роду заняткаў ды па жыццёваму прызванню большасць з пералічаных аўтараў з’яўлялася пратэстанцкімі тэолагамі і прапаведнікамі (кальвінскімі альбо арыянскімі), якія і паэзію разумелі выключна як сродак рэлігійнай прапаганды (альбо палітычнай, як А. Валян). Можна меркаваць, што амаль усе яны былі знаёмыя паміж сабой: як ідэйныя паплечнікі і супрацоўнікі (некаторыя з іх бралі, напрыклад, удзел у падрыхтоўцы да выдання берасцейскай Бібліі 1563 г.) ці як пазнейшыя супраціўнікі (у 1565 г. прыхільнікі арыянскіх ідэяў адышлі ад кальвіністаў, утварыўшы свой асобны збор).

Па паходжанні большасць з іх было палякамі, якія па запрашэнні Мікалая Радзівіла Чорнага альбо па ўласнай ініцыятыве перабраліся ў Вялікае Княства Літоўскае, асеўшы ў Вільні, Бярэсці, Нясвіжы : хто часова, а хто і стала. Эмігранты з Польшчы – вучоныя, літаратары, друкары – ў 50 – 70-х гг. XVI ст. ўнеслі важкі ўклад у развіццё культуры Беларусі і Літвы, таксама як крыху раней гуманісты з Італіі і Германіі ўзбагацілі сваёй творчасцю рэнесансавую культуру Польшчы. Натуральна, што паэты польскага паходжання ў сваіх творах рэпрэзентавалі польскую самасвядомасць, хоць пісалі і выдавалі іх на тэрыторыі Беларусі.

Невядомы аўтар эпіграмы на герб С. Пякарскага з берасцейскага канцыяналу адназначна называе сябе, свайго адрасата і сваіх чытачоў палякамі, ужываючы выразы: “nam wszem Polakom”, “miedzy nami ślachcicy Polskiemi”, “bo w Polszcze to” (Kot 1937: 452). Падобна звяртаецца да сваіх чытачоў і аўтар “Песні, сабранай з Адкрыцця св. Яна...”, змешчанай у дадатку да нясвіжскага катэхізіса: “A tak panowie Polanie / Ocućcie się z tego spania...” (Kawiecka-Gryczowa 1926: 136). Па зместу гэтых вершаў немагчыма здагадацца, што напісаны і выдадзены яны ў Вялікім Княстве. Але наўрад ці іхнія аўтары “забыліся”, што яны не ў Кароне, наўрад ці звярталіся выключна да чытачоў-палякаў. Думаецца, што польскімі шляхціцамі, палянамі яны называлі таксама беларусаў і літоўцаў, а Бярэсце і Нясвіж таксама лічылі Польшчай.

Пра Польшчу піша і аўтар “Пратэя...”, норавы польскай шляхты крытыкуе, талентам польскіх паэтаў захапляецца. Акрамя назвы “Польшча”, якая сустракаецца ледзь не на кожнай старонцы, у паэме ўжываюцца сумежныя паняцці “Карона”, “Рэч Паспалітая”, назва “Вялікае Княства Літоўскае” не сустракаецца ні разу. Праўда, паэт ужывае аднойчы назву “Літва” ў значэнні “народ Княства”, але сам выразна дыстансуецца ад літвінаў, прамаўляючы ад імя палякаў: “Na Litwę narzekamy, Litwa zaś na Lachy, / U obodwu narodów płaczu pełne gmachy” (Proteus 1890: 25). З гэтых радкоў выразна відаць, што для аўтара “Пратэя...” ліцвіны і палякі – два розныя народы. Але памятае ён пра гэта толькі тады, калі гаворыць пра мір і згоду паміж народамі ў складзе адзінай дзяржавы, ва ўсіх іншых выпадках – звяртаецца выключна да палякаў і называе сваю краіну “Польшчай”. Нібыта адчуваючы віну за свой польскі патрыятызм перад гаспадарамі-літвінамі, паэт у дэдыкацыйным вершы Мікалаю Радзівілу Чорнаму тлумачыць адрасату і чытачам сваю пазіцыю:

A iż tu mianowicie do Polaków mówi,

Ty rozumie, którzy są polskiemu królowi

Z łaski bożej poddani, gdziekolwiek mieszkają,

Jeden lud, gdzie jednego wszyscy pana mają.

(Proteus 1890: 2)

Падобнага погляду прытрымлівалася большасць польскамоўных паэтаў Беларусі 50 – 60-х гг. XVI ст. Ц. Базылік удакладняў, праўда, у паэме “Апісанне смерці і пахавання княгіні Альжбеты Радзівіл”, што зацнасць ягонай гераіні вядома не толькі польскаму народу (Альжбета паходзіла са старадаўняга польскага роду Шыдлавецкіх), але таксама і ліцвінскаму (Kot 1956: 129), аднак у пазнейшых творах не ўжываў назваў “Літва”, “Вялікае Княства Літоўскае”: нават у вершах, прысвечаных братам Радзівілам. Затое славіў польскіх Геркулесаў і Улісаў, мужных Лехаў у вершы “Надпіс на магіле зацнага шляхціца Паўла Сецыгнёўскага” і выказваў думку, што калі б ягоны герой, польскі шляхціц Сецыгнёўскі, меў магчымасць служыць уласнай Бацькаўшчыне – Украіна была б у бяспецы (Kot 1956: 146 - 147). Адзначым, што гэты верш надрукаваны праз год пасля таго, як Польшча забрала Ўкраіну ў Вялікага Княства.

Амаль немагчыма знайсці праявы мясцовага патрыятызму ў паэтычных творах з берасцейскіх і нясвіжскіх выданняў эпохі Рэнесансу, альбо хаця б згадкі пра Вялікае Княства Літоўскае. Выразна дамінавала польская самасвядомасць, літаратары польскага паходжання не адчувалі сябе чужынцамі ў Беларусі, не заўважалі “іншасці” краіны і бачылі вакол сябе адно Польшчу, па рознаму – хто вузей, хто шырэй – разумеючы гэтую назву.

Сустракаліся, аднак, рэдкія выключэнні – вершаваныя тэксты, якія хоць у нейкай ступені адлюстроўвалі існаванне незалежніцкіх, патрыятычных настрояў у беларуска-літоўскім грамадстве напярэдадні заключэння Люблінскай уніі. На падставе гэтых вершаў можна меркаваць, што адным з інспіратараў такіх настрояў, іх духоўным натхніцелем з’яўляўся Мікалай Радзівіл Чорны. Віленскі ваявода, як мы ўжо адзначалі, падтрымліваў цесныя сувязі са сваімі братамі па веры ў Польшчы і перацягнуў многіх польскіх рэфармацыйных дзеячаў – вучоных, пісьменнікаў, друкароў – у Вільню ды ў Бярэсце, паспрыяўшы тым самым актыўнаму пранікненню ў Княства польскай культуры. Але ў палітычнай сферы Мікалай Радзівіл Чорны пачуваўся ліцвінам і адстойваў дзяржаўную незалежнасць Вялікага Княства Літоўскага (сімптаматычна, што унія паміж Каронай і Княствам была заключана толькі пасля ягонай смерці).