Выбрать главу

Разгледзім у другім раздзеле працы найбольш значныя творы польскамоўнай паэзіі Беларусі 70 – 80-х гг. XVI ст.: паэтычную спадчыну М. Стрыйкоўскага, паэму С. Лаўрэнція “Лямант няшчаснага Рыгора Осціка”, ананімную паэму “Апалагетык, гэта ёсць Абарона канфедэрацыі”, паэму С. Кулакоўскага “Чалавечы век” і “Дзесяцігадовая аповесць ваенных спраў князя Крыштафа Радзівіла” А. Рымшы.

ІІ. 1. ПАЭТЫЗАЦЫЯ ГІСТОРЫІ Ў ТВОРЧАСЦІ М. СТРЫЙКОЎСКАГА

Важкі ўклад у развіццё польскамоўнай паэзіі Беларусі ў 70 – 80-х гг. XVI cт. зрабіў Мацей Стрыйкоўскі (1547 – каля 1590) – адзін з першых гісторыкаў Усходняй Еўропы, аўтар знакамітай “Kroniki Polskiej, Litewskiej, Żmódzkiej i wszystkiej Rusi”. Паляк па паходжанні (нарадзіўся ў Стрыкове каля Лэнчыцы), ён у 17-гадовым узросце ўпершыню трапіў у Вялікае Княства Літоўскае і па ўласным жаданні стаўся ліцвінам (gente Polonus, nation Lituanus), услаўляючы новую Айчыну ў сваіх творах, народжаных на сумежжы гісторыяграфіі і паэзіі.

Бясспрэчна, М. Стрыйкоўскі з’яўляецца самай прыкметнай постаццю сярод польскамоўных паэтаў Беларусі эпохі Рэнесансу, яму прысвечана звыш 160 навуковых артыкулаў у польскім, літоўскім і расійскім друку і чатыры манаграфіі (Рогов 1966; Karpłuk 1977; Radziszewska 1978; Wojtkowiak 1990). З беларускіх даследчыкаў да спадчыны М. Стрыйкоўскага звярталіся М. Улашчык, М. Ермаловіч, Г. Каханоўскі, В. Чамярыцкі; артыкул пра аўтара “Хронікі...”ёсць у біябібліяграфічным слоўніку “Беларускія пісьменнікі” (Mельнікаў 1995: 434 – 436), але найбольш поўна ягоныя жыццё і творчасць пададзены ў артыкуле А. Семянчук “Мацей Стрыйкоўскі ў Вялікім Княстве Літоўскім”, дзе ўлічаны найноўшыя замежныя матэрыялы (Семянчук 1995: 2 – 10).

Аднак да гэтага часу ні ў айчынным, ні ў замежным друку не з’явілася ніводнага спецыяльнага даследавання, прысвечанага паэзіі М. Стрыйкоўскага, вучоных цікавіў у першую чаргу ягоны гісторыяграфічны набытак. Пераважная большасць артыкулаў напісана пра М. Стрыйкоўскага не філолагамі, а гісторыкамі, якія ўспрымалі яго як храніста, што без патрэбы ўпрыгожваў свае працы вершаванымі ўстаўкамі, кампенсуючы недахоп фактаў багатай фантазіяй. “Ва ўмовах сінкрэтызму навук і мастацтваў XVI ст. было цалкам натуральна, што гісторык імкнуўся свайму апавяданню надаць дасканалыя літаратурныя формы.<...> Таму і ў Стрыйкоўскага мы назіраем (асабліва ў ягоных вершаваных творах) пагоню за літаратурнай прыгажосцю коштам гістарычнай дакладнасці” (Семянчук 1995: 3 – 4). Нават паэт У. Сыракомля крытычна ацэньваў схільнасць М. Стрыйкоўскага да вершавання: “...Ён думаў, што гісторыю можна пісаць гэтаксама, як і паэму, толькі па Боскім прызначэнні, і таму звяртаўся да выдумак кожны раз, калі сур’ёзныя даследаванні не маглі давесці яго да мэты. Ягоныя сачыненні ўяўляюць сабой недарэчную сумесь ісціны і казак, цікавых звестак і памылковых здагадак, прозы і вершаў – часам цудоўных, а часам пасрэдных” (Кондратович1862: 2, 171).

Такім чынам, няўвага літаратуразнаўцаў да Стрыйкоўскага тлумачылася адносінамі да яго як да гістарыёграфа, а насцярожанасць гісторыкаў выклікалі паэтычныя ўпадабанні Стрыйкоўскага (беларускіх і літоўскіх філолагаў акрамя таго стрымлівала польскае паходжанне пісьменніка, а польскіх – ахалоджвала беларуска-літоўская тэматыка ягоных твораў).

Сапраўды, цяжка аддзяліць паэтычную частку спадчыны М. Стрыйкоўскага ад гістарыяграфічнай, хаця асобныя ягоныя вершы (палітычныя, фунеральныя, прэфацыйныя) не пераплецены ў адно з навуковай прозай і з’яўляюцца цалкам самастойнымі творамі. Уклад гэтага арыгінальнага творцы ў развіццё польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу вымяраецца не толькі каштоўнасцю ягоных паэтычных твораў, але і значнасцю ягоных гістарыяграфічных ідэяў.

Разглядаючы эвалюцыю творчасці М. Стрыйкоўскага, мы абапіраліся толькі на тыя тэксты, што захаваліся да нашага часу: у сваёй “Хроніцы...” пісьменнік згадвае шэраг невядомых даследчыкам твораў, якія ён нібыта напісаў, альбо меўся напісаць (Stryjkowski 1846: I, XIV – XV). У першую чаргу нас цікавяць, безумоўна, творы, напісаныя падчас побыту пісьменніка ў Вялікім Княстве Літоўскім і прысвечаныя гісторыі гэтай дзяржавы. Звесткі пра жыццё М. Стрыйкоўскага падаюцца намі паводле вершаванай аўтабіяграфіі пісьменніка “Maciej Stryjkowski Osostevicus, sam o sobie i przygodach swoich w zwiedzeniu rozmaitych krain świata”, змешчанай у “Хроніцы...” (Stryjkowski 1846: I, XIІІ – XХІІ), удакладняюцца паводле манаграфіі З. Вайткавяка (Wojtkowiak 1990).

На землях Княства М. Стрыйкоўскі ўпершыню з’явіўся ў 1563 г. і знаходзіўся тут з невялікімі перапынкамі да 1574 г.: служыў у войску, маляваў планы мясцовасцяў і схемы замкаў, вывучыў беларускую і рускую мовы, браў удзел у сутычках з маскоўскімі атрадамі на тэрыторыі Беларусі і ў вылазках углыб Масковіі. Лівонская вайна не толькі прадвызначыла вобраз жыцця М. Стрыйкоўскага, але і сталася тэмаю аднаго з першых паэтычных твораў: паэмы “O porażeniu 30 000 Moskwy z kniaziem Piotrem Szujskim ... nad rzeką Ułą ... r. 1564”. Гэтая невялікая паэма (500 радкоў) дайшла да нас у недатаваным рукапісы, які захоўваецца ў фондзе І. Анацэвіча ў Пушкінскі Доме (Николаев 1983: 140 – 157). Можна меркаваць, што напісана яна была неўзабаве пасля бліскучай перамогі гетманаў М. Радзівіла Рудага і Р. Хадкевіча над ваяводам П. Шуйскім. Напэўна, рукапіс быў неўзабаве аўтарам згублены і забыты: сам М. Стрыйкоўскі пра існаванне паэмы нідзе не згадвае, а ў “Хроніцы...” пра бітву над ракой Ула змешчаны празаічны раздзел. У ранні перыяд творчасці, у 1572 г. быў напісаны і верш “O wolności ślachty polskiej, jakiej nie masz pod słońcem świata”, знойдзены і апублікаваны польскай даследчыцай Ю. Радзішэўскай (Stryjkowski 1978: 605 – 606).