Выбрать главу

Падчас службы ў віцебскім гарнізоне ў 1570 – 1573 гг. М. Стрыйкоўскі працаваў над трактатам “Sarmatiae Europeae Descriptio”, які потым прыўлашчыў і выдаў у 1578 г. пад сваім імем ротмістр-італьянец А. Гвагнін. Мяркуючы па плагіятарскім выданні А. Гвагніна (Gwagnin 1578), у першым гістарычным сачыненні М. Стрыйкоўскага не было вершаў, хоць у гэта цяжка паверыць: усе іншыя творы пісьменніка альбо цалкам вершаваныя, альбо змяшчаюць паэтычныя ўстаўкі. Напэўна, яшчэ ў Віцебску ў М. Стрыйкоўскага з’явілася задума і першыя накіды вершаванага трактата “Goniec Cnoty do prawych ślachciców...”, пазней дапрацаванага і выдадзенага ў Кракаве.

Лёс ранніх твораў М. Стрыйкоўскага, якія засталіся ў рукапісным выглядзе і былі згублены альбо ўкрадзены, выразна сведчыць пра адсутнасць у маладога аўтара сувязяў з мясцовымі друкарнямі – на той час пераважна пратэстанцкімі, вузкаканфесійнай накіраванасці. Не адразу навуковыя здольнасці і літаратурны талент маладога паляка былі заўважаны беларуска-літоўскімі магнатамі, якія аказвалі падтрымку, у асноўным, рэлігійна-прапагандысцкай дзейнасці, а не гістарычным даследаванням.

Першымі мецэнатамі М. Стрыйкоўскага на Беларусі сталіся прадстаўнікі роду Хадкевічаў, хаця невядома, ці меў паэт ад гэтага нейкую матэрыяльную карысць ці толькі маральную падтрымку. На пачатку 1574 г. пісьменнік выязджае ў Кракаў і выдае там адразу дзве кнігі: панегірычную паэму “Przesławnego wjazdu do Krakowa i pamięci godnej koronacyjej Henryka Walezyjusza opisanie ...”, з прысвячэннем гарадзенскаму старасту А. Хадкевічу, і вершаваны трактат “Goniec Cnoty do prawych ślachciców...”, з вершам “Napis na grobie ... Grehora Chodkiewicza ... hetmana Wielkiego Księstwa Litewskiego”.

“Ганец Цноты...” – наступны пасля “Апісання Еўрапейскай Сарматыі...” крок М. Стрыйкоўскага на шляху да стварэння манументальнай хронікі Ўсходняй Еўропы. Першая частка кнігі, з першага па шосты раздзел, уяўляе сабой дыдактычна-маралізатарскі трактат у форме вершаванай алегорыі: Цнота выпраўляе сваю сястру, Праўду, да ўсіх шляхціцаў Рэчы Паспалітай, каб распавесці ім, у чым сутнасць сапраўднага шляхецтва. Аднак аўтару хутка надакучваюць гульні ў алегорыю і ён пачынае прамаўляць, фактычна, ад свайго ўласнага імя, прыўносіць у твор выразныя аўтабіяграфічныя акцэнты. Калі прыгадаць, што М. Стрыйкоўскі не мог пахваліцца радавітасцю, багаццем ды моцным здароўем, робіцца зразумела, чаму паэт пагардліва ставіцца да шляхецтва з паходжання: “ Próżno wspominasz dziadów i pradziadów, / I triumphy ich, jak dostali herbów, / Boć sromothna rzecz zdobić się cnym przodkiem, / Będąc wyrodkiem” (Stryjkowski 1846: II, 507); зразумела, чаму ён з запалам асуджае набыццё шляхецкіх годнасцяў за грошы: “Nie mogąc łotra bogactwa uslachcic, / Ni herby kupne, gdyż sam prawie jest nic” (Stryjkowski 1846: II, 488); зразумела, чаму ён кпіць з фізічнай сілы як з уяўнай прыкметы шляхецтва: “Boćby i ów chłop z drągiem na mixtacie, / Stąd był slachcicem, mój cnotliwy bracie, / Albo niedzwiedzia, by się z nim skosztował, / Slachcicemby zwał” (Stryjkowski 1846: II, 490). Затое пісьменнік, які паходзіў хутчэй за ўсё з мяшчан, з сатысфакцыяй апісвае выпадкі, калі выхадцы з народу – дзеці муляроў, цесляў, краўцоў – за свае заслугі перад Айчынай атрымлівалі шляхецкі герб і дасягалі высокіх дзяржаўных пасадаў: “Wszak ich wiele jest co z domu małego / Wyszli ku górrze, są rodu wielkiego, / Za wierność, dzielność, za rycerskie cnoty, / Wzięli klejnoty” (Stryjkowski 1846: II, 509). Характэрна, што паэт прысвячае асобны раздзел услаўленню навук і мастацтваў і залічвае пісьменніцкую дзейнасць да шляхецкіх заняткаў – насуперак сярэднявечным уяўленням, паводле якіх пісанне кніг лічылася прэрагатывай духоўнага саслоўя.

Свае дыдактычна-маралізатарскія разважанні М. Стрыйкоўскі падмацоўвае выказваннямі антычных філосафаў і паэтаў (Платона, Арыстоцеля, Дыягена; Гамера, Вергілія, Авідзія і інш.), прыкладамі са старажытнагрэцкай і старажытнарымскай гісторыі (ледзь не на кожнай старонцы першай часткі кнігі сустракаюцца імёны Геркулеса, Гектара, Аякса, Ганібала, Аляксандра Македонскага), радзей спасылаецца на Біблію. Другую частку кнігі, прысвечаную гісторыі Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага, аўтар таксама прапануе разглядаць у якасці пацвярджэння ягоных дыдактычна-маралізатарскіх высноў, як красамоўныя прыклады гераізму продкаў і своеасаблівы падручнік цнотаў: “Ale nie szukaj w narodach postronnych, / Mieli Sarmate tym dosyś podobnych...” (Stryjkowski 1846: II, 514).