Знаёмству сучаснага чытача з творчасцю Г. Пельгрымоўскага спрыяла падрыхтаваная У. Казберуком публікацыя “Размовы на маскоўскім замку...” ў часопісе “Спадчына” (1992, № ), і асабліва з’яўленне гэтага твора ў перакладзе класіка беларускай літаратуры М. Танка ў анталогіі “Згукі Бацькаўшчыны” (1998).
Як бачым, імёны некаторых польскамоўных паэтаў Беларусі эпохі Рэнесансу фігуруюць у працах беларускіх вучоных. У біябібліяграфічным слоўніку “Беларускія пісьменнікі. Т. 1– 6.” (1992 – 1995) змешчаны артыкулы пра Г. Пельгрымоўскага, А. Рымшу, М. Стрыйкоўскага. Большасць жа польскамоўных аўтараў усё яшчэ адсутнічае ў нацыянальным культурным кантэксце: творы Я. Зарэмбы, П. Статорыуса, С. Кулакоўскага, Я. Казаковіча, Я. Пратасовіча не вядомыя многім літаратуразнаўцам, не кажучы пра чытачоў.
Відавочна бракуе спецыяльнага даследавання польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу, дзе б разглядалася яе ўзнікненне і развіццё, аналізаваліся найбольш значныя творы, прасочвалася эвалюцыя аўтараў і рэканструявалася жанравая сістэма. Менавіта вырашэнню гэтых актуальных задач павінна служыць нашая праца “Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу”.
Да польскамоўнай паэзіі Беларусі мы адносім вершаваныя тэксты мясцовых і прыезджых аўтараў, напісаныя альбо выдадзеныя на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага: у Бярэсці, Нясвіжы, Лоску, Вільні (прадукцыя друкарняў Украіны, якая ў 1569 г. адыйшла да Польшчы, не ўлічвалася). Тэрмін “Рэнесанс” ужываецца ў манаграфіі выключна як назва эпохі: для Беларусі – XVI – пачатак XVII ст. (Конон 1978), а не як азначэнне адной з адметных плыняў у тагачаснай культуры. Падзяляючы меркаванне рускіх і польскіх вучоных пра існаванне пераходных перыядаў паміж двума перыядамі, так званых сутыкаў (Голенищев-Кутузов 1973: 368; Ziomek 1995: 11), мы лічым такім пераходным перыядам у беларускай літаратуры канец XVI – пачатак XVII ст., калі канец Ренесансу супаў з пачаткам Барока.
У гуманітарных навуках склаўся своеасаблівы культ Рэнесансу, запачаткаваны яшчэ ў XIX ст. слыннымі працамі Г. Фойгта (Voigt 1860) і Я.Буркхардта (Burckhardt 1860). На савецкіх даследчыкаў моцна ўплываў таксама аўтарытэт Ф. Энгельса, які называў Адраджэнне эпохай тытанаў і найвялікшым прагрэсіўным пераваротам у гісторыі чалавецтва (Энгельс : 346). Культ Рэнесансу спараджаў негатыўнае стаўленне да сумежных эпох: “цёмнага” Сярэднявечча і “кансерватыўнага” Барока, супраць чаго рашуча выступалі вучоныя-медыевісты, знаходзячы ў сярэднявечнай культуры многія элементы культуры Адраджэння і сцвярджаючы ідэю пераемнасці эпох (Хейзинга 1988). Ад празмернага захаплення Рэнесансам засцерагалі многія вучоныя хрысціянскай арыентацыі, звяртаючы ўвагу не толькі на дасягненні, але і на негатыўныя з’явы ў тагачаснай культуры (Лосев 1978: 541 - 604), называючы гэтую эпоху пачаткам згубнага шляху чалавецтва (Бердяев 1990: 100 - 115).
Падзяляючы ў цэлым традыцыйны погляд на Адраджэнне як на эпоху, што ўнесла вялікі ўклад у развіццё цывілізацыі і змяніла парадыгму чалавечага мыслення, мы прынцыпова не згодныя з ужываннем катэгарычных ацэнак тыпу “прагрэсіўная/ рэакцыйная”, “перадавая / кансерватыўная” ў дачыненні да з’яў культуры. Павага да эпохі, якую мы выбралі прадметам даследавання, павінна выяўляцца не ў яе фетышызацыі, не ў павярхоўнай “рэнесансаманіі”, а ў падпарадкаванні галоўнаму прынцыпу гуманістаў Рэнесансу: “Ad fontes!” (“Да крыніц!”). Да таго часу, пакуль не будуць уведзены ў нацыянальную культурную прастору ўсе шматмоўныя тэксты XVI – XVIIІ стст., нашыя разважанні пра спецыфіку таго ці іншага перыяду ў беларускай літаратуры застануцца у значнай ступені спекулятыўнымі.
Менавіта збіранне, уважлівае прачытанне і аналіз першакрыніц – вершаваных тэкстаў XVI – пачатку XVII ст. – сталася падмуркам працы “Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу”. На першым этапе пошукаў, акрамя грунтоўных біябібліяграфічных даведнікаў К. Эстрэйхера і “Nowy Korbut”, да якіх традыцыйна звяртаюцца даследчыкі літаратуры мінулых стагоддзяў, вялікую дапамогу аказала нам кніга А. А. Анушкіна “На заре книгопечатания в Литве” (Вильнюс, 1970), у якой названы многія польскамоўныя паэтычныя выданні XVI – пачатку XVII cт. Каштоўная інфармацыя пра берасцейскія, нясвіжскія і лоскія выданні, якія не разглядаюцца ў даследаванні літоўскага вучонага, змешчана ў некаторых працах польскіх вучоных (Kawecka-Gryczowa i inn. 1959; Topolska 1984) і ў згаданай ужо кнізе Ю. Лабынцава “Пачатае Скарынам. Беларуская друкаваная літаратура эпохі Рэнесансу”.
Наступным этапам збірання матэрыялу, калі збольшага было вядома, што шукаць, сталася праца ў аддзелах рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэк Вільнюса, Санкт-Пецярбурга, Львова, Варшавы, Кракава, Вроцлава, Пазнані (на жаль, у бібліятэках Беларусі патрэбныя матэрыялы, за выключэннем некалькіх мікрафільмаў, адсутнічаюць). Асабліва шмат тэкстаў удалося знайсці ў Курніцкай бібліятэцы Польскай Акадэміі Навук, якая на сённяшні дзень мае найбагацейшы збор польскамоўных паэтычных твораў, выдадзеных у друкарнях Беларусі і Літвы ў эпоху Адраджэння. Паколькі рукапісныя тэксты ў нашыя рукі амаль не трапляліся, за выключэннем верша М. Стрыйкоўскага ды пазнейшай копіі паэмы Г. Пельгрымоўскага, мы паступова абмежавалі нашыя пошукі выключна старадрукамі, якіх больш захавалася да нашага часу. У выніку былі зроблены мікрафільмы звыш трыццаці польскамоўных паэтычных выданняў і некалькі дзесяткаў асобных вершаў са старадрукаў XVI – пачатку XVII ст. (сабраны матэрыял пасля заканчэння працы над дысертацыяй мы мяркуем перадаць у Аддзел рэдкай кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі).