Выбрать главу

Пасля Гамера М. Стрыйкоўскі са старажытных паэтаў найчасцей згадвае Вергілія, які “ўваскрасіў” у сваёй “Энеідзе” легендарную гісторыю заснавання Рыма ўцекачом з Троі Энеем. Ю. Радзішэўская выказала меркаванне, што ў М. Стрыйкоўскага была нават задума на ўзор “Энеіды” напісаць “Палеманііду” (Radziszewska, Warszawa1978: 9). І сапраўды, М. Стрыйкоўскі меў большыя шансы плённа выкарыстаць вергіліеўскую мадэль эпасу, чым, напрыклад, Я. Вісліцкі, які беспаспяхова намагаўся зрабіць гэта ў “Прускай вайне” (Кракаў, 1516). Немагчымасць перанясення ў “Прускую вайну” канструкцыйных прынцыпаў “Энеіды” тлумачылася тыпалагічнай розніцай двух твораў: Я. Вісліцкі звярнуўся да паказу рэальных гістарычных падзей з удзелам рэальных гістарычных асобаў (Грунвальдскай бітвы, шлюбу караля Ягайлы з Соф’яй Гальшанскай), у той час як ягоны настаўнік Вергілій апяваў подзвігі легендарных герояў і ўчынкі багоў (падарожжа Энея, хітрыкі Юноны і г. д.). Легенда пра заснаванне Літвы ўцекачом з Рыма Палемонам была блізкая да сюжэта “Энеіды”, а, магчыма, і непасрэдна да яго ўзыходзіла. Прыдумаўшы для Палемона і ягоных спадарожнікаў дадатковыя прыгоды, увёўшы любоўную інтрыгу, М. Стрыйкоўскі мог бы напісаць паэтычны твор на ўзор “Энеіды”. Але паэзія была для яго не мэтай, а толькі сродкам “уваскрашэння” гісторыі. Зачараваны славай і веліччу Гамера і Вергілія, М. Стрыйкоўскі не збіраўся, аднак, пісаць эпічную паэму; ні гамераўская, ні вергіліеўская мадэль эпасу яго не прываблівалі, бо не надаваліся для той працы, якую ён задумаў: напісаць паэтычную хроніку Вялікага Княства Літоўскага ад пракаветных да найноўшых часоў.

“Пра пачатак, паходжанне, адвагу, рыцарскія і грамадзянскія справы слаўнага народа літоўскага, жамойцкага і рускага...” – самы значны твор М. Стрыйкоўскага беларускага перыяду (406 картак рукапісу). На жаль, пісьменніку не ўдалося поўнасцю рэалізаваць сваю задуму ні ў плане зместу, ні на ўзроўні формы: аповяд абрываецца на апісанні падзеяў 1507 г., вершаваныя часткі перамяжоўваюцца з празаічнымі ўрыўкамі. Відавочна, што ў аўтара не было цвёрдых крытэрыяў выбару той ці іншай формы выкладу матэрыялу: ваенныя дзеянні ён, часам, апісвае прозаю (“O wojnie z Krzyżakami za Świdrgiełową niestwornością...”, “O porażeniu panów litewskich i pojmaniu ich na Wiedroszy rzece”, “O srogim zburzeniu litewskich państw przez Tatary...” i інш.), а ў вершаванай форме падае гістарычную аргументацыю (“Pierwsza przyczyna przyścia Włochów w te kraje...”, “Wtora przyczyna...”, “Trzeci przyczyna...” i г. д.). Заканамерна было б чакаць ад аўтара паэтычнага ўслаўлення заслуг караля Аляксандра і апісання ягонага пахавання ў Вільні ў 1506 г., а вось пералік слоў, запазычаных літоўцамі ў іншых народаў, натуральна было б бачыць у празаічнай форме. Аднак, М. Стрыйкоўскі заслугі і пахаванне караля апісвае прозай (“O urodzie, obyczajach i pogrzebie Aleksandrowym w Wilnie...”), затое старанна зарыфмоўвае слоўнікавы матэрыял: “Dewos – deus, pecus – bydło, dentes – ząb, iocus – śmiech, / Viros – mąż, kielis – droga, kunos tu wspomnieć grzech” (Stryjkowski 1978: 89).

У вершы “Да ласкавага чытача” М. Стрыйкоўскі просіць прабачэння за сваю Музу, якая часта збівалася з верша на прозу, апраўдвае пераўтварэнне вершаванай хронікі ў вершавана-празаічную недахопам часу, нападкамі недобразычлівых крытыкаў, адсутнасцю падтрымкі з боку мецэната (напэўна, верш напісаны пасля смерці князя Юрыя Алелькавіча). Але недасканаласць рукапіснай хронікі М. Стрыйкоўскага тлумачылася не тым, што аўтар адступіў ад сваёй задумы напісаць увесь твор вершам, а тым, што задума была няўдалая ў прынцыпе. Багаты і разнародны фактаграфічны матэрыял, які пісьменнік імкнуўся выкарыстаць у сваім сачыненні, вымагаў не вершаванай, а празаічнай формы. Калі М. Стрыйкоўскі меў намер стварыць паэтычную хроніку – г. зн. эпапею, а не чарговы вершаваны каталог падзеяў, ён павінен быў адмовіцца ад значнай часткі каштоўнага ў гістарычным плане, але непатрэбнага з мастацкага пункту гледжання матэрыялу. А калі хацеў у поўным аб’ёме выкарыстаць багаты фактаграфічны матэрыял – мусіў узяць за аснову празаічную, падчас немастацкую форму аповяду, звяртаючыся да паэзіі толькі пры апісанні асабліва яркіх падзеяў: нараджэння і смерці знакамітых людзей, рыцарскіх двубояў, вайсковых паходаў і г. д. Так рабілі, напрыклад, сярэднявечныя польскія храністы Гал Анонім і Вінцэнты Кадлубак, свядома выкарыстоўваючы ў сваіх творах тэхніку prosimetrum (тэхніка адмысловага перапляцення празаічнага і вершаванага тэкстаў), устаўлялі ў свае празаічныя хронікі вершаваныя малітвы, песні, дыялогі (Michałowska 1996: 118 – 129, 138 – 144).