Выбрать главу

Аўтар сачынення “Пра пачатак, паходжанне, адвагу, рыцарскія і грамадзянскія справы слаўнага народа літоўскага, жамойцкага і рускага...” знаходзіўся на раздарожжы двух вышэйназваных шляхоў: напачатку твора дамінавала вершаваная форма, напрыканцы – празаічная. Адмаўленне ад “татальнага вершавання” тлумачылася, відаць, не толькі бракам часу і стомленасцю пісьменніка, але і ягонай няўпэўненасцю ў слушнасці самой задумы. Сімптаматычна, што пры адсутнасці ў аўтара цвёрдых крытэрыяў звароту да той ці іншай формы выкладу матэрыялу, назіралася тэндэнцыя да апісання вершам перш за ўсё баталістычных сцэнак. Такія вершаваныя ўрыўкі як “O poselstwie hardym carza zawołskiego i o zapasach żmodzkiego ślachcica Borejka z Tatarzynem-obrzymem...”, “O wtorej wyprawie Witołtowej przeciw Tatarom...”, “O sławnej wojnie i szczęśliwej bitwie Jagiełłowej z Krzyżaki pruskimi...”, “O bitwie z Tatary pod Kleckiem...” ў мастацкіх адносінах з’яўляюцца лепшымі старонкамі рукапіснай хронікі, у іх яскрава выявілася эпічная прырода таленту пісьменніка.

Ваенныя нарады і палымяныя прамовы палкаводцаў, звароты да Бога і клятвы ў любові да Бацькаўшчыны, рыцарскія двубоі і вялікія бітвы – усе гэтыя неад’емныя атрыбуты класічнага эпасу прысутнічаюць у вершаваных раздзелах сачынення “Пра пачатак, паходжанне, адвагу, рыцарскія і грамадзянскія справы слаўнага народа літоўскага, жамойцкага і рускага...” Раздзел “Пра слаўную вайну і шчаслівую бітву Ягайлаву з прускімі крыжакамі...” можна смела назваць героіка-эпічнай паэмай; у апісанні Грунвальдскай бітвы М. Стрыйкоўскі відавочна пераўзыходзіць Я. Вісліцкага і іншых сваіх папярэднікаў (Hahn 1910: 272 – 273). Баталістычным замалёўкам М. Стрыйкоўскага ўласцівы дынамізм, візуальная і гукавая выразнасць:

“Boga Rodzica naszy, Niemcy “Dastycht” krzyczą,

Z dział, z bębnów, z trąb, trzask, krzyk, zbrój brzęk, konie rża, kwiczą.

Niemcy, iż wyższej stali, z dwu dział uderzyli,

Ale żadnego w wojskach polskich nie trafili.

Litwa tym śmielej do nich z okrzykiem natarli,

Aż się konie z koniami boki o bok tarli.

Witułt sam między Litwą tam i sam się snuje,

Napomina, a szyków krzycząc poprawuje.

Grzmot straszny, właśnie jako Sodoma gorzała,

Gdzie dom o dom, wieża wieżę lecąc rozbijała.

(Stryjkowski 1978: 352 – 353)

Хаця ў цэлым вершаваная хроніка М. Стрыйкоўскага не з’яўляецца дасканалым творам, але яе своечасовае выданне аўтарам у адной з беларускіх друкарняў у 70-х гг. XVI ст. прыспешыла б развіццё гістарычнай паэзіі і станаўленне дзяржаўнай самасвядомасці грамадзян Княства.

Пасля смерці князя Юрыя Алелькавіча М. Стрыйкоўскі знаходзіць сабе новага мецэната-апекуна ў асобе шчырага каталіка і літоўскага патрыёта, жамойцкага біскупа Мельхіёра Гедройца, атрымлівае па ягонай пратэкцыі ў 1579 г. пасаду жамойцкага каноніка, а пасля 1582 г., прыняўшы духоўны сан, займае плябанію ў Юрбарку. Запэўніўшы сабе сціплы матэрыяльны дабрабыт, пісьменнік завяршае працу над хронікай і выдае яе ў 1582 г. у Кралеўцу пад амбіцыйнай назвай: “Która przedtym nigdy światła nie widziała, Kronika Polska, Litewska, Żmodzka i wszystkiej Rusi”.

Несумненна, М. Гедройц ведаў пра творчыя планы М. Стрыйкоўскага і падтрымліваў іх, але няма падстаў сцвярджаць, што ён аказаў на аўтара “Хронікі...” моцнае ідэалагічнае ўздзеянне і змяніў палітычную арыентацыю пісьменніка, як лічаць некаторыя беларускія гісторыкі (Ермолович 1982: 156 – 157). Калі бачыць у легендзе пра заснаванне Літвы Палемонам ідэю ўзвышэння жамойцкіх феадалаў над беларускімі, давядзецца прызнаць напісанае ў беларускі перыяд сачыненне “Пра пачатак...” больш пралітоўскім, чым выдадзеную ў жамойцкі перыяд “Хроніку...”, бо ў рукапіснай хроніцы легенда пра Палемона выкладзена больш разгорнута, чым у друкаванай. Як ні дзіўна, звестак пра старажытны жамойцкі род Гедройцаў больш у рукапіснай хроніцы чым у друкаванай, хаця натуральна было б чакаць ад М. Стрыйкоўскага павышанай увагі да продкаў свайго мецэната-апекуна. Праўда, у “Хроніцы...” змешчана прысвячэнне біскупу М. Гедройцу, але падобныя прысвячэнні М. Стрыйкоўскі адрасаваў і многім іншым магнатам Княства, як жамойцкага, так і русінскага паходжання, як каталіцкага, так праваслаўнага і пратэстанцкага веравызнанняў. Выразна відаць, што этнічная і канфесійная прыналежнасць мецэнатаў не аказвала прыкметнага ўплыву на палітычныя погляды М. Стрыйкоўскага: заможных магнатаў і пісьменніка аб’ядноўвала пачуццё агульнадзяржаўнага ліцвінскага патрыятызму.

За аснову “Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі” М. Стрыйкоўскі ўзяў рукапіс “Пра пачатак, паходжанне, адвагу, рыцарскія і грамадзянскія справы слаўнага народа літоўскага, жамойцкага і рускага...”, але ўнёс у папярэдні варыянт істотныя змены і дапаўненні. Як сведчыць назва кнігі, аўтар выкладаў тым разам гісторыю не толькі Вялікага Княства Літоўскага, але і Польшчы. Пашырыўшы тэму геаграфічна, М. Стрыйкоўскі пашырыў яе і храналагічна: давёў апісанне падзеяў да ўзяцця Вялікіх Лукаў войскамі Стэфана Баторыя ў 1581 г. (рукапісная хроніка заканчвалася згадкай пра ўступленне на трон Жыгімонта І ў 1507 г.). Але важнейшае адрозненне паміж дзвюма хронікамі заключалася ў тым, што ў рукапіснай дамінавала вершаваная форма выкладу матэрыялу, а ў друкаванай – празаічная. Выдадзеная ў 1582 г. кніга М. Стрыйкоўскага больш нагадвала хроніку ў яе класічным выглядзе – напісаную прозай з невялікімі вершаванымі ўстаўкамі. Такім чынам, многія вершаваныя раздзелы з сачынення “Пра пачатак...” ператварыліся ў “Хроніцы...” ў празаічныя, хаця, трэба прызнаць, сустракаюцца і адваротныя выпадкі (параўн.: “Пра пачатак...”, 64, 135, 412, 511, 591 і “Хроніку...” І, 59, 205; ІІ, 195, 265, 333).