Выбрать главу

М. Стрыйкоўскі не выпадкова згадвае спрэчку вучоных-граматыкаў пра тое, кім быў Лукан: паэтам ці гісторыкам. Пісьменнік разумеў, што ягоная ўласная творчасць таксама можа выклікаць падобныя спрэчкі. З юнацтва М. Стрыйкоўскі марыў пра славу Гамера і лічыў сваёй апякункай музу эпічнай паэзіі, а не музу гісторыі: “Apollo zaś w opiekę wziąwszy młodość moję, / Omył mię w Helikonie i dał lutnią swoję./ Calliopea mię też za sługę przyznała...” (Stryjkowski 1846: I, XIV). Але напрыканцы творчага шляху зразумеў, што яму наканавана быць Гамерам і Герадотам у адной асобе: гісторыю зрабіць паэзіяй (“Maciej Stryjkowski, historyk i poeta”, – так падпісваецца ён пад прысвячэннем біскупу М. Гедройцу).

Хаця ў назве друкаванай хронікі з’явілася азначэнне “польская”, але асноўнаю тэмаю кнігі, як і ранейшых твораў М. Стрыйкоўскага, з’яўлялася гісторыя Вялікага Княства Літоўскага. На гэта звярталі ўвагу як беларускія, так і польскія даследчыкі, а З. Вайткавяк нават вынес гэты тэзіс у назву сваёй манаграфіі: “Мацей Стрыйкоўскі – гісторык Вялікага Княства Літоўскага. Каляндар жыцця і дзейнасці” (Wojtkowiak 1990). Цяжка пераацаніць значэнне дзейнасці М. Стрыйкоўскага для народаў Беларусі і Літвы: напісаўшы і выдаўшы “Хроніку...”, М. Стрыйкоўскі тым самым паставіў беларуска-літоўскую дзяржаву ў шэраг цывілізаваных краінаў Еўропы, зрабіў для Княства працу вартую той, якую Ян Длугаш зрабіў у свой час для Польшчы (Семянчук 1995: 3).

Узнікшая ў выніку узрастання гістарычнай самасвядомасці еўрапейскага грамадства ў эпоху Адраджэння, “Хроніка...” у сваю чаргу стымулявала рост цікавасці жыхароў Княства да гісторыі іхняе краіны. Надзвычайную папулярнасць працы М. Стрыйкоўскага сярод беларускай і ўкраінскай шляхты пацвярджае наяўнасць вялікай колькасці рукапісных спісаў і перакладаў “Хронікі...” на старабеларускую мову, а з’яўленне ў XVII ст. перакладаў на рускую мову сведчыць аб цікавасці да яе і суседніх народаў (Рогов 1966: 259 – 306).

“Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі” стала каталізатарам не толькі гістарычнай самасвядомасці, але і паэтычнай творчасці. Несумненна, тагачасныя паэты Вялікага Княства Літоўскага былі знаёмыя і з некаторымі іншымі творамі М. Стрыйкоўскага, а магчыма – і з самім аўтарам. Важнае значэнне для развіцця эпічнай паэзіі меў сам факт напісання вершаваных гістарычных твораў на польскай мове ў часы, калі адзінамагчымай мовай для гераічнай эпікі лічылася лацінская мова, а адзінапрыдатным памерам – гекзаметр. Прыклад М. Стрыйкоўскага, які польскай мовай і сілабічным вершам уславіў велічныя подзвігі Вітаўта і Ягайлы, Астрожскага і Радзівіла, стварыў маляўнічыя апісанні бітваў пад Грунвальдам і Оршай, спрыяў з’яўленню польскамоўных сілабічных паэм А. Рымшы і Г. Пельгрымоўскага.

Творы М. Стрыйкоўскага ўяўляюць сабой выдатны матэрыял для вывучэння ўзаемаўплыву польскай і беларускай моваў у XVI cт. (вось, напрыклад, колькі радкоў з прамовы гетмана Канстанціна Астрожскага да жаўнераў: “Hej! Nuż teraz, nuż deti! <...> / Tepir budte mużami, tepir w mężnym ciele, / Niech każdy wzbudzi dzielność...” (Stryjkowski 1846: II, 381). Польская даследчыца М. Карплук адзначыла факт частых запазычанняў Стрыйкоўскага з “заходнерускай” мовы і ўдакладніла, што гэта была менавіта беларуская, а не ўкраінская мова (Karpłuk 1977: 85). “Беларусізацыі” мовы М. Стрыйкоўскага спрыяла не толькі доўгае знаходжанне пісьменніка на Беларусі, але і актыўнае выкарыстанне ім напісаных па-беларуску дакументаў і беларуска-літоўскіх летапісаў: пытанню выкарыстання М. Стрыйкоўскім беларуска-літоўскіх летапісаў прысвечана шмат увагі ў кнізе М. М. Улашчыка (Улащик 1985: 83 - 91).

Бурлівае жыццё жаўнера, падарожніка, ксяндза і багатая творчасць М. Стрыйкоўскага характарызуюць яго як тыповага прадстаўніка эпохі Адраджэння, адоранага шматлікімі і рознабаковымі талентамі. Пісьменнік меў выдатную памяць і здольнасці да вывучэння моваў, цудоўна арыентаваўся ў антычнай літаратуры і гісторыі, добра маляваў, быў энэргічным і настойлівым у дасягненні мэты. Як некалі Ф. Скарына ў перакладзе Бібліі, М. Стрыйкоўскі змясціў напачатку “Хронікі...” свой партрэт і адкрыта ганарыўся сваёй місіяй першаадкрывальніка гісторыі Ўсходняй Еўропы. Хаця ўсе свае творы ён напісаў яшчэ не дасягнуўшы ўзросту Хрыста, але па аб’ёму і жанравым багацці спадчына М. Стрыйкоўскага – выключная з’ява ў літаратуры Вялікага Княства Літоўскага XVI ст.