Выбрать главу

Магчыма, мела рацыю М. Лаўмяньска, якая лічыла, што здрада Осціка была накіравана непасрэдна супраць асобы караля Стэфана Баторыя (Łowmiańska 1933: 47). У любым выпадку, згодна з адпаведнымі артыкуламі Статута Літоўскага 1566 г., Рыгор Осцік тройчы падлягаў смяротнаму пакаранню за свае дзеянні: за падробку дзяржаўных дакументаў, за выраб фальшывых манет i за дзяржаўную здраду.

У аўтара “Ляманту..." матывы i прычыны здрады Осціка не выклікалі сумненняў: яны вынікалі выключна з матэрыяльных, карыслівых пабуджэнняў i не мелі нічога агульнага з палітыкай i ідэйнымі перакананнямі. Паэт паказвае марнасць жыцця чалавека, які служыў не каралю i Айчыне, а толькi ўласнай мамоне: “Wiкcejm o pożytek trwał, niżli o sławę...” (Laurenci 1972: 107). У вусны свайго героя аўтар укладае недвухсэнсоўнае прызнанне прычынаў, якія падштурхнулі яго да здрады Радзіме:

Dla bezecnych pieniędzy udałem się k złemu,

Na zdradę Księstwa tego, k Kniaziu Moskiewskiemu.

Jąłem sie z nim sprzyjaźniać i pisać do niego,

Jakobym mial nędzy mej ratowanie z niego.

(Laurenci 1972: 107)

С. Лаўрэнці разумее, што заўсёдная прага грошай i непераборлівасць у сродках ix набыцця не з’яўляліся для Осціка самамэтай, яны былі вынікам разгульнага, распуснага ладу жыцця, калі зляцела на вецер пакінутае бацькам багацце, прыйшлі ў канчатковы заняпад маёнткі i землі, з’явіліся шматлікія даўгі. Прычынамі маральнага падзення Рыгора Осціка сталіся марнатраўства i легкадумнасць, уласцівыя ў маладосці многім. Таму С. Лаўрэнці яшчэ ў “Прадмове..." папярэджвае: “Łataj swój niedostatek poczciwym żywotem...” (Laurenci 1972: 98). А ў “Ляманце..." Рыгор Осцік, наракаючы на сваю неразумнасць і грахоўнасць, са шкадаваннем адзначае:

Bom ważył więcej sobie docześne niż wieczne,

Ważyłem niż uczciwe, więcej pożyteczne.

Nie pomniąc na on wirszyk człowieka mądrego:

“Jesli stracisz majętność, nie strać uczciwego.

Bo majętność ta wszytka po śmierci zaginie,

Ale slawa uczciwa, ta na wieki słynie”.

(Laurenci 1972: 107)

У свавольстве i нястрыманасці жаданняў бачыць С. Лаўрэнці першапрычыну ўcix злачынстваў свайго героя. У паэме Рыгор Осцік увесь час наракае на самога сябе, у сваёй неразумнасці ён бачыць прычыну усіх няшчасцяў i ганебнай смерці, якая яго чакае:

Narzekam na wolność mą, ktorejem używał,

W ktorejem tu swowolnie na tem świecie pływał.

(Laurenci 1972: 99)

Bo gdzieby prawda z cnotą we mnie panowała,

Ta zdrada ze mnie by sie tu nie okazała.

(Laurenci 1972: 105)

Narzekam sam na siebie i me głupie sprawy,

Za ktorymim tu doszedł takowej odprawy.

(Laurenci 1972: 115)

Створаны ў эпоху позняга Рэнесансу, “Лямант..." сцвярджаў гуманістычную ідэю адказнасці чалавека за свой лёс, залежнасці ўчынкаў i паводзінаў чалавека ад уласнага розуму i асаблівасцяў характару, хаця і не адмаўляў уздзеяння на чалавечы лёс Боскай ciлы... Зрэшты, такога кампрамісу патрабавала сама фабула твора – гісторыя ганебнага падзення прадстаўніка знакамітага роду не магла быць вытлумачана Боскім прадвызначэннем. Аднолькава шмат было дадзена Богам Юрыю i Рыгору Осцікам ад нараджэння: знакамітасць, багацце, ясны розум, чыстае сэрца. Браты па-рознаму распарадзіліся гэтымі каштоўнымі дарамі, i, адпаведна, па-рознаму склаўся ix жыццёвы лёс. Першы кіраваўся ў cвaix учынках абавязкамі (перад Богам, Каралём, Айчынай) i голасам сумлення, другі – толькі ўласнымі жаданнямі i неўтаймаванымі пачуццямі, пераступаючы мяжу ўсёдазволенасці.

Такі маральны аспект праблемы чалавечага свавольства ўвогуле i свавольства Рыгора Осціка у прыватнасці.

За маральнымі высновамі С. Лаўрэнція выразна бачныя ягоныя палітычныя погляды i сімпатыі. Прыхільнік дзяржаўнай упарадкаванасці i ўзмацнення ўлады Стэфана Баторыя, аўтар “Ляманту...", выкрываючы індывідуальнае свавольства Осціка, засцерагае тым самым ад масавага свавольства шляхты, ад празмернай грамадска-палітычнай самастойнасці буйных магнатаў. У паэме неаднойчы гучаць узнёслыя словы ў адрас караля, вызначаюцца ягоныя абавязкі i заслугі перад Айчынай. I хаця гэтыя словы ўкладзены ў вусны героя, вымаўляюцца яны пад відавочным “прымусам" з боку аўтара: здрадніку Рыгору Осціку, чалавеку, па-сутнасці, апалітычнаму i асацыяльнаму, наўрад ці была справа да мудрасцi i заслуг караля, супраць якога ён увайшоў у змову з ворагам.