Выбрать главу

Пры гэтым, аднак, С. Лаўрэнці не выбіваецца з рэчышча гераічнай традыцыі ў паэзіі Беларусі i Літвы, распачатай Я. Вісліцкім i М. Гусоўскім, а на новым этапе прадоўжанай Ф. Градоўскім, А. Рымшам, Я. Радванам. Як i творы гэтых паэтаў, “Лямант..." прасякнуты глыбокай павагай да патрыярхальнага гераічнага жыцця, хоць выяўляецца яна зусім у iншай форме.

Побач з дыдактычнымі, “кананізаванымі" ўзорамі таго, як трэба жыць, гісторыя Осціка – такі ж дыдактычны, “кананізаваны" ўзор таго, як жыць не трэба. Побач з ідэальнымі, абсалютнымі героямі з максімальнай канцэнтрацыяй дабра i цнотаў, Осцік – такі ж ідэальны, абсалютны антыгерой, монстр з максімальнай канцэнтрацыяй зла i грахоўнасці. Учынкі герояў Ц. Базыліка, М. Стрыйкоўскага, А. Рымшы падсвечваюцца нябёсным ззяннем, учынкі Рыгора Осціка – пякельным агнём. Рыгор Осцік - персанаж высокай трагедыі, а не нізкай камедыі, мэта гэтага вобраза – настрашыць чытача, а не насмяшыць яго. Таму не знойдзем мы ў “Ляманце..." эпізодаў, дзе б герой высмейваўся, як, напрыклад, у ананімнай сатырычнай паэме “Пратэй, або Пярэварацень"; таму нельга яшчэ бачыць у адмоўным герою Осціку “іроя" паэзіі пазнейшага часу, у выбары аўтара адмоўнага персанажа – адмаўленне iм гераічнай традыцыі i набліжэнне да традыцыі “іраічнай", якая выявілася ў беларускай літаратуры толькі ў XVII – XVIII стст.

ІІ. 3. “АПАЛАГЕТЫК, ГЭТА ЁСЦЬ АБАРОНА КАНФЕДЭРАЦЫІ”ЯК УЗОР РЭЛІГІЙНА-ПАЛЕМІЧНАЙ ПАЭЗІІ

Навагрудскі шляхціц, кальвініст па веравызнанні Фёдар Еўлашоўскі ў створаных на пачатку XVII ст. мемуарах пісаў пра часы сваёй маладосці: “...На он час розность вяры не чинила намнейшей розности в милости приятелскей, для чого самого тамтот век злотым ми се види от нинейшего веку, кгде юж и межи еднэй вяры людьми облуда все заступила, а покготовю межи розными вяры ани се пытай о милость, щирость и правдиве добрэ заховане” (Еўлашоўскі 1983: 33). Пад старасць чалавеку ўласціва ідэалізаваць мінулае і не прымаць сучаснасць, але сведчанню Ф. Еўлашоўскага варта даць веры: на ягоных вачах за рэлігійная сітуацыя ў Рэчы Паспалітай істотна змянілася, адносіны паміж прадстаўнікамі розных канфесій прыкметна пагоршыліся.

Пры Жыгімонце Аўгусце ў Польшчы і асабліва ў Вялікім Княстве Літоўскім панавала талерантнасць, якой не ведалі іншыя краіны Еўропы. Няпэўная палітычная сітуацыя пасля смерці караля і трывожныя чуткі пра рэлігійныя войны на Захадзе (перш за ўсё пра Варфаламееўскую ноч ў Парыжы) схілілі шляхту да прыняцця на Варшаўскім канвакацыйным сейме ў 1573 г. так званага акта варшаўскай канфедэрацыі, які гарантаваў свабоду веравызнання і прадухіляў магчымасць грамадзянскай вайны ў Рэчы Паспалітай (Samsonowicz 1976: 202). Палітыка Жыгімонта Аўгуста ў рэлігійных справах у асноўным была працягнута Стэфанам Баторым, які хаця і дэклараваў адкрыта сваё жаданне “...каб усе грамадзяне любога саслоўя, аднаго Госпада Бога ўслаўляючы, адной каталіцкай старажытнай веры былі”, але дадаваў , што “мы нікога гвалтам ў веру цягнуць не жадаем” і “мір паміж рознымі ў веры жадаючы захаваць ... за старадаўнім звычаем гэтай дзяржавы людзей розных у веры ў іх набажэнстве церпім” (List 1932: 85 - 86).

Аднак, менавіта на панаванне Стэфана Баторага прыпадае пачатак контррэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім, якая дасягнула свайго апагею пры ўладзе Жыгімонта Вазы і Уладзіслава ІV, выявілася ў дамінацыі каталіцтва, уціску праваслаўя, выгнанні арыян. Звычайна пачатак контррэфармацыі ў краіне звязваецца з дзвюма датамі : 1570 год, калі на запрашэнне біскупа Валерыяна Пратасевіча ў Вільні з’явіліся першыя езуіты, і 1596 год, калі ў Брэсце была заключана царкоўная унія, і такім чынам у Княстве з’явіліся уніяты. Паміж гэтымі падзеямі – амаль трыццаць гадоў, за той час на троне змянілася чатыры ўладара, на сцэну грамадскага жыцця прыйшло новае пакаленне, некаторыя магнаты ды шляхціцы двойчы паспелі змяніць веравызнанне. Першая дата выглядае заўчаснай, другая – запозненай, каб умоўна звязываць з імі пачатак контррэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Больш адпаведнай выглядае іншая дата, якая знаходзіцца акурат паміж імі: год 1581, калі па загаду біскупа Юрыя Радзівіла ў Вільні было раскладзена першае вогнішча з пратэстанцкіх кніг.

Віленскія падзеі жніўня 1581 г. знайшлі сваё адлюстраванне ў рэлігійна-палемічнай паэме “Apologeticus, to jest Obrona konfederacyej...”, выдадзенай ананімна ў 1582 г. у Вільні без указання месца выдання. Незанатаваны ў бібліяграфіі К. Эстрайхера старадрук знайшоў і апублікаваў у 1932 г. Э. Буршэ, выказаўшы меркаванне, што аўтарам паэмы быў лютэранін Вацлаў (Венцлаў) Агрыпа, менскі кашталян, пісар Княства (Bursze 1932: III - LIX). З думкай Э. Буршэ не пагадзіліся К. Тышкоўскі, біёграф В. Агрыпы (Tyszkowski 1935: 33), і Г. Барыч, які лічыў, што паэма напісана Станіславам Нінінскім (Barycz. 1934: 129 - 140). Далейшая дыскусія, у якой акрамя Э. Буршэ і Г. Барыча ўзяў удзел С. Кот (Bursze i inn. 1935/1936: 428-438), не прынесла плёну , і сучасныя даследчыкі адмовіліся ад спробаў высветліць аўтарства твора. На нашу думку, аргументы Э. Буршэ выглядаюць больш пераканаўча ў пaраўнанні з аргументамі Г. Барыча, асоба ж Вацлава (Венцлава) Агрыпы, які паходзіў з праваслаўнай сям’і і, падпісываючы свае творы, свядома дадаваў да прозвішча палітонім “Ліцвін”, выглядае больш прымальнай за асобу паляка Станіслава Нінінскага. Але шэраг фактаў сведчыць супраць В. Агрыпы (напрыклад, у празаічнай прадмове аўтар называе “Апалагетык...” сваім першым сачыненнем, а В. Агрыпа ўжо напісаў да таго часу некалькі твораў). Сапраўды, найлепей лічыць паэму на сённяшні дзень ананімнай і засяродзіцца не на высвятленні яе аўтарства, а на аналізе зместу і мастацкіх асаблівасцяў твора.