Выбрать главу

Поўная назва паэмы: “Аpologeticus, to jest Obrona konfederacyej. Przytym Seditio albo bunt kapłański na ewanieliki w Wilnie z wolej a łaski miłego Boga przed harapem wynurzony”. Паэма напісана трынаццаціскладовым сілабічным вершам, налічвае 1770 радкоў і складаецца з двух вялікіх раздзелаў: “Абарона канфедэрацыі” і “Капланскі бунт”, цесна звязаных па зместу. У першым раздзеле вядзецца агульная крытыка папы рымскага, каталіцкага касцёла і езуітаў, адстойваюцца прынцыпы варшаўскай канфедэрацыі 1573 г. У другім раздзеле падрабязна распавядаецца пра віленскія падзеі 1581 г., як пра канкрэтны вынік палітыкі папы рымскага і дзейнасці езуітаў у Рэчы Паспалітай. Ідэйная канцэпцыя ўсяго твора выкладзена аўтарам у адпаведнасці з правіламі рыторыкі ў кароткай празаічнай прадмове “Argument, albo Summa tego skryptu”: “Найбольш бароніць перад парушэннем канфедэрацыі і засцерагае ад грамадзянскай вайны, якую Іх Мосць князі навязываюць, пра што іхнія сіноды сведчаць. Вайны гэтай ганец, альбо пачатак, ёсць той бунт, які духоўнікі распачалі ў Вільне супраць евангелікаў года 81, у месяцы жніўні і потым” (Apologeticus 1932: 4).

У віленскім выданні 1582 г. тэксту паэмы папярэднічаюць вытрымкі з Бібліі ў адвольным вершаваным перакладзе і з твораў Хрызастома, Тэртуліяна, Ераніма і Эберхарда ў празаічным перакладзе. Вытрымкамі з Бібліі і кананічнага права, з твораў даўнейшых і тагачасных хрысціянскіх тэолагаў, грэцкіх, рымскіх і польскіх гісторыкаў, антычных і сярэдневечных паэтаў густа перасыпана ўся паэма, пры гэтым шматлікія цытаты не перакладзены з лацінскай мовы, не ўжыўлены ў мастацкую тканіну твора, а змешчаны паміж радкамі, як чужародныя, пазаструктурныя элементы. Напрыканцы кнігі пададзены “Dziękowanie rocie Rzymskiej od roty piekielnej, za ich wierną robotę i pilne staranie, ktоre czynią około pomnażania krolestwa satańskiego...” і два іншых ўрыўка з лацінскага трактата “Lavacrum consсientiae” (1496), а таксама ліст-эдыкт караля Стэфана Баторага з-пад Пскова ад 30 верасня 1581 г. у сувязі з віленскімі беспарадкамі.

Сама паэма “Апалагетык...” і дадатковы кампілятыўны матэрыял, падабраны ў кнізе, сведчаць пра добрую тэалагічную падрыхтоўку аўтара, зайздросную эрудыцыю і глыбокае веданне Бібліі. Нягледзячы на прысутнасць у паэме некалькіх цытат з Вергілія, Авідзія, Тэрэнцыя ды рэдкія згадкі паганскіх багоў Марса, Мінервы і Феба, гэты твор адназначна належыць не да класічнай, а да хрысціянскай традыцыі, прэзентуе не рэнесансавую гуманістычную, а сярэдневечна-рэлігійную плынь у тагачаснай еўрапейскай літаратуры (хаця і ў рэфармацыйнай афарбоўцы). Сваё інтэлектуальнае і духоўнае credo паэт выказвае ў інвакацыі на пачатку паэмы:

Nie Minerwy tu mądrej, co wrzkomo szafuje

Naukami a przytym Muzam rozkazuje,

Wzywam na wspomożenie, lecz ciebie, o Boże,

Bez ktorego na świecie żaden tchnąć nie może...

(Apologeticus 1932: 6)

Адмаўленне ад дапамогі багіні Мінервы і ейных музаў, зварот да праўдзівага Бога сведчылі не толькі пра павышаную рэлігійнасць пратэстанцкага аўтара, але і пра свядомае парушэнне ім як класічнай традыцыі, так і тагачаснай літаратурнай канвенцыі: рэнесансавыя паэты распачыналі свае творы зваротам да музаў і паганскіх багоў не таму, што аддавалі ім перавагу перад хрысціянскім богам, але наследуючы Гамера, Вергілія, Авідзія, Гарацыя. Жаданне аўтара “Апалагетыка...” падкрэсліць сваю незалежнасць ад літаратурнай моды, адметнасць твора у кантэксце тагачаснай паэзіі заўважаецца і далей, у вызначэнні тэмы: паэт паведамляе не толькі пра што гаворыцца ў паэме (пра абарону канфедэрацыі і капланскі бунт), але і пра што не гаворыцца (пра маскоўскую вайну). З “Апалагетыка...” мы даведваемся, такім чынам, пра надзвычайную папулярнасць тэмы Лівонскай вайны ў паэзіі Вялікага Княства Літоўскага 70-80-х гг. XVI ст. Аўтару былі вядомыя, напэўна, не толькі вершы М. Стрыйкоўскага і паэма Ф. Градоўскага, але і многія іншыя польскамоўныя і лацінамоўныя творы, якія не дайшлі да нас.