Выбрать главу

Насуперак уласным дэкларацыям, што ў адрозненні ад іншых паэтаў ён не будзе пісаць пра Лівонскую вайну, аўтар неаднойчы згадвае пра яе на старонках “Апалагетыка...” і пры тым – заўсёды дарэчы. Напрыклад, слушна абвінавачвае папу рымскага Грыгорыя ІІІ ў заступніцтве за Івана IV, якое не дало магчымасці Стэфану Батораму скончыць вайну абсалютнай перамогай (як вядома, цар падмануў папу рымскага і ягонага пасланніка езуіта Антонія Пасевіна, паабяцаўшы ім за падтрымку ўвесці ў Масковіі каталіцтва).

Прыведзены з надаўняга мінулага краіны факт, куды больш пераканўчы за шматлікія прыклады з далёкай гісторыі далёкіх краінаў, пацвярджаў аўтарскі тэзіс пра супярэчнасць глабальнай палітыкі Рыма з канкрэтнымі інтарэсамі дзяржаў, пра адкрыты касмапалітызм служак папы – езуітаў.

Менавіта супраць дзейнасці ў Польшчы і ў Вялікім Княстве Літоўскім езуітаў, якіх аўтар называе папскімі трубачамі, вавілонскімі рыцарамі, пасланнікамі чорта, скіравана вастрыё крытыкі ў “Апалагетыку...”. Атакуючы сваіх ідэйных апанентаў, паэт-пратэстант ужывае наступную тактыку: 1) апялюе да пачуцця патрыятызму сваіх чытачоў, падкрэсліваючы незацікаўленасць езуітаў у росквіце Рэчы Паспалітай (“...з’явіліся цяпер нейкія пасынкі, Якія хочуць матку мачыхай учыніць”); 2) выкарыстоўвае натуральную, спрадвечную непрыхільнасць грамадства да чужынцаў (сярод першых віленскіх езуітаў большасць было іншаземцаў); 3) выстаўляе езуітаў праціўнікамі законаў дзяржавы і каралеўскай волі (“бяспечна насміхаюцца з каралеўскай улады”); 4) палохае чытачоў рэлігійнымі канфліктамі і набліжэннем грамадзянскай вайны, бо езуіты хочуць “каб у Польшчы па-французску пра веру спрачаліся, Агнём і мячом дыспутавалі” (алюзія да падзеяў Варфаламееўскай ночы ў Парыжы); 5) заклікае грамадства не адыходзіць ад прынцыпаў варшаўскай канфедэрацыі 1573 г., якая гарантуе мір і стабільнасць у дзяржаве (“шануйце ж здабыткі канфедэрацыі, Беражыце яе ад усялякай шкоды”).

На жаль, аўтару выразна бракавала паслядоўнасці і дысцыплінаванасці ў ажыццяўленні сваёй тактыкі, што значна аслабляла ўздзеянне паэмы на чытача. Нельга пагадзіцца з высокай ацэнкай канструкцыі паэмы, дадзенай польскім вучоным М. Косманам (Kosman 1973: 93); наадварот, кампазіцыя “Апалагетыка...” выглядае недастаткова прадуманай, хаатычнай. Не вытрымана паслядоўнасць у раскрыцці тэмы, аўтар то забягае наперад, то паўтараецца ў сваіх думках (напрыклад, у першым раздзеле ён згадвае пра падзеі, якім прысвечаны другі раздзел, а ў другім раздзеле вяртаецца да аргументаў з першага). Структура паэмы – занадта рыхлая, аморфная, што абумоўлена разнароднасцю элементаў, з якіх яна складаецца (тэалагічных разважанняў, гістарычных экскурсаў, рэалістычных апісанняў, палемічных выпадаў і г.д.), прысутнасцю ў тэксце чужародных кавалкаў (лацінамоўных цытат) і проста празмерным аб’ёмам твора. “Апалагетык...” складаецца з нераўназначных частак і ў мастацкіх адносінах: шматлікія экскурсы ў еўрапейскую гісторыю і прыклады з жыцця касцёла прыкметна саступаюць па ўзроўню выяўленню палітычных поглядаў аўтара і, асабліва, апісанню тагачасных грамадскіх падзеяў.

Хутчэй за ўсё, высока ацэньваючы кампазіцыю паэмы, польскі даследчык меў на ўвазе нешта зусім іншае, менавіта агульную ідэйную канцэпцыю твора, якая, сапраўды, добра прадумана і выказана аўтарам “Апалагетыка...”. “Аўтар свядома пачаў з атакі на езуітаў-чужынцаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Рэчы Паспалітай паводле дакладна вызначаных у Рыме інструкцый, а толькі потым прадставіў віленскія падзеі 1581 г. Такім чынам ён звязаў у вачах чытача ў адзін прычынна-выніковы ланцуг сукупнасць веравызнаўчых дачыненняў у дзяржаве і ўсклаў адказнасць за інцэндэнты на іншаземных, а не на айчынных прадстаўнікоў контррэфармацыі, хаця і тых апошніх (палякаў) усё больш з’яўлялася тады ў віленскім калегіуме” (Kosman 1973: 93).

Сапраўды, асноўную віну за віленскія беспарадкі 1581 г. аўтар “Апалагетыка...” ўскладае на езуітаў-італьянцаў (“хацела штосьці жахлівае ўчыніць італьянская справа”) і асабіста на папскага легата Альберта Баланэцці (“гэта была парада чалавека італьянскага”), але падкрэслівае і актыўны ўдзел рэктара Віленскай езуіцкай акадэміі, паляка Пятра Скаргі, саркастычна называе яго “апосталам”, “абвінаваўцам усіх верных”. Затое выразна відаць, як аўтар імкнецца зацерці віну біскупа Юрыя Радзівіла, паказывае яго хутчэй ахвярай інтрыг віленскіх езуітаў і папскага легата, чым ініцыятарам і кіраўніком акцыі супраць пратэстантаў.