Выбрать главу

Да біскупа звяртаецца Пётр Скарга і патрабуе ад яго большай жорсткасці і рашучасці:

I ty, biskupie, nie bądź jako malowany,

Niechaj cię nic nie straszą te luterskie ściany.

(Apologeticus 1932: 80)

Wszakeś z domu Radziwiłł, k temu i biskupem:

Bądźże na heretyki zaostrzonym słupem,

Na te bezecne ludzi, ktоre zabijano

W inszych krainach <...>

(Apologeticus 1932: 81)

Аўтар паэмы несумненна ведаў, што менавіта новы віленскі біскуп нёс галоўную адказнасць за падзеі 1581 г. (3 жніўня Юры Радзівіл прыступіў да выканання сваіх абавязкаў, а 4 жніўня пачаліся хваляванні на вуліцах Вільні), але не мог скіраваць на яго агонь крытыкі і паказаць яго сапраўдным віноўнікам на старонках “Апалагетыка...”. Па-першае, гэта пярэчыла б агульнай ідэйнай канцэпцыі паэмы, паводле якой ва ўсім былі вінаватыя езуіты-чужаземцы. Па-другое, каб не страціць падтрымку Радзівілаў-пратэстантаў (найперш віленскага ваяводы Мікалая Радзівіла Рудага), не выпадала крытыкаваць Радзівілаў-каталікоў: усе ведалі, што для Радзівілаў радавыя інтарэсы заўсёды стаялі вышэй за канфесійныя і дзяржаўныя. Вось чаму вобраз Юрыя Радзівіла ў паэме такі невыразны, статычны, сапраўды “нібы намаляваны”.

Віленскія падзеі 1581 г. складаліся з некалькіх узаемазвязаных эпізодаў. У сваіх казаннях ксяндзы заклікалі вернікаў да расправы над ерэтыкамі. Падбухтораныя езуітамі шкаляры закідалі камянямі двух пратэстанцкіх міністраў. Каталіцкія вернікі не пусцілі праз вуліцу св. Яна пахавальную працэсію за труной пратэстанта, падляшскага кашталяна Мацея Савіцкага. Апагеем “капланскага бунту” сталася канфіскацыя па загаду біскупа пратэстанцкіх кніг з друкарняў і бібліятэк і спальванне іх на пляцы перад касцёлам св. Яна. Паленне кніг – выпадак нечуваны ў Вялікім Княстве Літоўскім, першы прэцыдэнт за ўсю гісторыю краю, таму ўражаны аўтар “Апалагетыка...” апісывае гэты эпізод асабліва экспрэсіўна і маляўніча:

Księgi ewanielickie z bibliotek brali,

Tam, gdzie ścinano zdrajce, kazali je palić.

“Tak będzie heretykom” jęli siе w głos chwalić.

A toć było najwiętszą przyczyną rozruchu.

Miotło siе pospolstwo, by pies na łańcuchu.

Zapaleły siе chęci wszytkich na morderstwo,

By co rychlej wykonać mogli okrucieństwo,

Jakiego ich wodzowie w Paryżu użyli,

Gdy tam we krwi niewinnych do kolan brodzili,

Gdzie z wielkiego morderstwa krew ciekła rzekami,

Rzeżnicy na ostatek byli tam katami.

(Apologeticus 1932: 63 - 64)

Штораз згадваючы ў паэме Варфаламееўскую ноч, аўтар засцерагае грамадства ад паўтарэння яе ў Варшаве або Вільні. Паліць кнігі і кідаць у апанента каменем – дрэнныя аргументы ў тэалагічных дыскусіях, ад такіх дзеянняў толькі адзін крок да ўвядзення інквізіцыі і фізічнай расправы над праціўнікам. Віленскія хваляванні 1581 г. на старонках “Апалагетыка...” прадстаўлены як першыя сімптомы небяспечнай хваробы дзяржавы, як прадвесце грамадзянскай вайны ў Рэчы Паспалітай, накшталт вайны паміж каталікамі і гугенотамі ў Францыі (варта нагадаць, што розгалас пра Варфаламееўскую ноч вельмі хутка дасягнуў Княства: у 1573 г. у Вільні была была выдадзена на лацінскай мове “Кніга некалькіх песен”, прысвечаная крывавым падзеям у Парыжы).

Весткі з Вільні ўстрывожылі Стэфана Баторага, які на той час знаходзіўся з войскам пад Псковам. У дасланым гарадскім уладам лісце кароль рашуча асудзіў рэлігійныя сутычкі і парушэнне грамадскага спакою, нагадаў, як і аўтар “Апалагетыка...”, пра сумны досвед іншых краінаў: “Добра відаць, што ў тых дзяржавах і каралеўствах, дзе гвалтам, агнём і мечам, а не навукай і добрымі звычаямі веру хочуць пашырыць, вялікі разліў крыві ды знішчэнне ўнутранай вайной адбываюцца. Чаго мы не адно (барані Божа) у грамадскім гневе, але таксама і паміж асобамі privatum, не хацелі б бачыць і пра што папярэдзіць іх мусім...” (List 1932: 85).

Змясціўшы ў кнізе разам з паэмай “Апалагетык...” каралеўскі ліст-эдыкт, аўтар (а можа выдаўца) выкарыстаў яго як важкі аргумент у спрэчцы са сваімі праціўнікамі. Гэта быў смелы палітычны ход: прадставіць караля Стэфана Баторага, які аддаваў перавагу каталіцтву перад іншымі канфесіямі і падтрымліваў езуітаў, сваім саюзнікам. У паэме, як памятаем, аўтар таксама намагаецца сутыкнуць езуітаў з каралём, выставіць іх ворагамі Рэчы Паспалітай, шпегамі папы рымскага. Спробы гэтыя не мелі, аднак, і не маглі мець плёну. Палітычная эквілібрыстыка аўтара “Апалагетыка...” не змяняла рэальнага стану рэчаў, добра вядомага чытачам: кароль падтрымліваў езуітаў і, што самае важнае, – насельніцтва таксама.