Выбрать главу

На пачатку 80-х гг. зрабілася відавочным, што барацьбу з каталіцкім касцёлам пратэстанты прайгралі і не ў сферы тэалагічных дыспутаў і літаратурнай палемікі, а ў сферы адукацыі і асветы, у плане канкрэтнага ўплыву на жыццё грамадства (Kosman 1973: 167). Расчараваныя ў новым веравызнанні, раздражнёныя бясконцымі спрэчкамі кальвінісцкіх і арыянскіх тэолагаў, з пратэстанцтва на каталіцтва перайшлі ў 70-х гг. XVI ст. прадстаўнікі нясвіжскай лініі Радзівілаў, Хадкевічы, Сапегі, Тышкевічы, Пацы, Глебавічы і многія іншыя магнаты. У 1579 г. езуіты здзейснілі тое, чаго не дамагліся ў 1567 г. пратэстанты: адкрылі першую ў Вялікім Княстве Літоўскім вышэйшую вучэльню – Віленскую Акадэмію, куды прымалі моладзь усіх канфесіяў. Вялікай папулярнасцю ў жыхароў Вільні карысталіся тэатральныя прадстаўленні, якія перыядычна ладзіліся выкладчыкамі і навучэнцамі Акадэміі.

Такім чынам, крытыка папства і каталіцтва ў 70-80-х гг. XVI ст. не знаходзіла ўжо такога водгуку ў беларуска-літоўскім грамадстве, як у 50-60-х гг. Заклікі аўтара “Апалагетыка...” пакідаць рымскі касцёл і далучацца да праўдзівай евангельскай веры, звернутыя да чытачоў, гучалі на той час ужо па-просту анахранічна: пратэстанцтва паступова сыходзіла з арэны актыўнага рэлігійна-палітычнага жыцця Княства, займала абарончыя пазіцыі.

Затое вельмі актуальна ў такой сітуацыі гучаў голас паэта ў падтрымку варшаўскай канфедэрацыі, у абарону свабоды веравызнання і талерантнасці ў краіне з шматкафесійным насельніцтвам. Па гэтым пытанні выказалі неўзабаве сваю салідарнасць з аўтарам “Апалагетыка...” дзяржаўныя дзеячы Вялікага Княства Літоўскага, уключыўшы акт варшаўскай кафедэрацыі ў Статут 1588 г.

Віленскія падзеі жніўня 1581 г., якія выразна сведчылі пра пачатак контррэфармацыі на Беларусі і Літве, не мелі далейшага працягу і не перараслі, насуперак прадбачанню паэта, у новую Варфаламееўскую ноч. Контррэфармацыйны рух у Вялікім Княстве Літоўскім (як перад гэтым і рэфармацыйны) не выходзіў з берагоў, як у Заходняй Еўропе, і не заліваў краіну крывёю і слязьмі. У ХVII ст. адбылося, праўда, некалькі інцэндэнтаў, але там бралі ўдзел ужо не каталікі і пратэстанты, а уніяты і праваслаўныя.

ІІ. 4. ПАМІЖ ТЭАЛОГІЯЙ І ПАЭЗІЯЙ:“ЧАЛАВЕЧЫ ВЕК” С. КУЛАКОЎСКАГА

Адной з адметных рысаў польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу быў дыдактызм, які ў той ці іншай ступені выяўляўся ва ўсіх творах 50-80-х гг. XVI ст. Паранетычная накіраванасць назіраецца ў такіх паэмах, як “Апісанне смерці і пахавання княгіні Альжбеты Радзівіл”, “Пратэй, або Пярэварацень”, “Лямант няшчаснага Рыгора Осціка”, у вершаваным трактаце “Ганец Цноты да сапраўдных шляхціцаў...” Аўтары пералічаных твораў крытыкавалі негатыўныя з’явы рэчаіснасці, прапаноўвалі пазітыўную праграму зменаў, давалі ўзоры годнага жыцця і прыводзілі адмоўныя прыклады, дбалі пра індывідуальны духоўны воблік сучаснікаў і пра агульны маральны клімат у грамадстве.

Але найбольш яскравым узорам маральна-дыдактычнай паэзіі ў рэчышчы традыцыяў Гесіода, Лукрэцыя і Авідзія з’яўляецца паэма “Wiek ludzki” (1584) Станіслава Кулакоўскага (Калакоўскага), які гэтым творам распачаў сваю літаратурную кар’еру.

Творчасць С. Кулакоўскага ставіць перад даследчыкам шматмоўнай паэзіі Беларусі праблему храналагічна-класіфікацыйнага характару: дэбютаваўшы ў 80-х гг. ХVI стагоддзя, свой апошні твор паэт выдаў каля 1621 г.; пачаўшы пісаць пад уплывам рэнесансавай паэтыкі, у пазнейшых творах ён прэзентаваў барочны стыль.

Дакладна невядома дзе і калі нарадзіўся і памёр паэт, адкуль ён паходзіў: з Польшчы ці з Вялікага Княства Літоўскага (творы С. Кулакоўскага выдаваліся як у Вільні, так і ў Кракаве). Цяжка адназначна сказаць да якога веравызнання ён належаў: на думку некаторых вучоных, С. Кулакоўскі быў кальвіністам (Grabowski 1906: 356-357; Lukaszewicz 1843: 187 - 188). Такое меркаванне нібыта пацвярджаецца і тэматыкай ягоных твораў, але прысвечаны некаторыя з іх заўзятым каталікам: Юрыю Радзівілу, Аляксандру ды Яну Хадкевічам.