Выбрать главу

Познія творы С. Кулакоўскага выразна адрозніваюцца ад юнацкай паэмы “Чалавечы век” сваёй эмблематычнасцю, ускладнёнасцю формы і алегарычнасцю зместу – характэрнымі прыкметамі барочнага стылю. Храналагічна яны выходзяць за рамкі нашага даследавання рэнесансавай паэзіі Беларусі, але ўяўляюць бясспрэчную цікавасць для даследчыка літаратуры эпохі Барока.

ІІ. 5. ГЕРОІКА-ЭПІЧНАЯ ПАЭМА А. РЫМШЫ “ДЗЕСЯЦІГАДОВАЯ АПОВЕСЦЬ ВАЕННЫХ СПРАЎ КНЯЗЯ КРЫШТАФА РАДЗІВІЛА”

Неўзабаве пасля заканчэння Лівонскай вайны (1558 - 1582) у шматмоўнай паэзіі Беларусі з’яўляецца цэлы шэраг эпічных твораў, прысвечаных подзвігам “літвінскіх Гектараў і Улісаў”. Паэты Вялікага Княства Літоўскага, многія з якіх асабіста ўдзельнічалі ў ваеннай кампаніі, бяруцца за пяро, каб захаваць у памяці нашчадкаў вялікую перамогу на рацэ Уле гетманаў Мікалая Радзівіла Рудага і Рыгора Хадкевіча (1564), дзёрзкі паход Крыштафа Радзівіла Перуна ў глыб маскоўскіх земляў (1581). У 1582 г. у Вільні выходзіць у свет паэма Ф. Градоўскага “Hodoeporikon Moschicum... Christophori Radivilonis”, у 1583 г. у Кракаве – паэма Г. Пельгрымоўскага “Panegyrika Apostrophe”, у 1588 г. у Вільні – паэма Я. Радвана “Radivilias ... sive de vita et rebus ... Nikolai Radivili”.

Станаўленне эпікі ў шматмоўнай паэзіі Беларусі адбываецца ў культурна-стылёвых рамках Рэнесансу як неад’емная частка агульнаеўрапейскага літаратурнага руху, накіраванага на адраджэнне ў новых гістарычных умовах антычнага гераічнага эпасу. Прыблізна ў тыя ж часы, калі ў друкарнях Кракава і Вільні выходзілі эпічныя творы Я. Вісліцкага, М. Гусоўскага, Г. Пельгрымоўскага, Ф. Градоўскага, Я. Радвана, у еўрапейскага чытача вялікай папулярнасцю карысталіся героіка-эпічныя творы, што з’явіліся ў выніку наследавання “Іліядзе” Гамера і “Энеідзе” Вергілія: “Хрысціяда” М. Віды, “Лузіяды” Л. дэ Камоэнса, “Франсіяда” П. дэ Рансара, “Вызвалены Іерусалім” Т. Таса. Папулярныя ў Еўропе XVI - XVIІ стст. паэтыкі Скалігера, Віды, Рабартэла адводзілі эпічнай паэзіі вядучае месца ў сістэме літаратурных жанраў. Вяршыняй дасканаласці лічыў эпічную паэзію М. Сарбеўскі (1595 - 1640), што знайшло адлюстраванне не толькі ў яго тэарэтычных трактатах, але і ў паэтычнай практыцы.

Традыцыйнай мовай гераічнай эпікі доўгі час лічылася лацінская мова, а адзінапрыдатным памерам – гекзаметр: Ф. Пракаповіч нават напачатку XVIII ст. сцвярджаў, што гераічная паэма – гэта “паэтычны твор, у якім выкладаюцца ў гекзаметрах з дапамогай вымыслу подзвігі знакамітых мужоў” (Прокопович 1961: 386). Але ўжо ў другой палове XVI ст. у польскай і беларускай літаратурах пачынаюць з’яўляцца польскамоўныя эпічныя творы: адным з першых, як мы ўжо адзначалі, да польскай мовы і сілабічнага верша звярнуўся М. Стрыйкоўскі, уславіўшы ў сваіх хроніках велічныя подзвігі Вітаўта, Ягайлы, Астрожскага, стварыўшы маляўнічыя апісанні бітваў пад Грунвальдам, Клецкам, Оршай, закрануўшы і тэму Лівонскай вайны (“O porażeniu 30000 Moskwy z kniaziem Piotrem Szujskim ... nad rzeką Ułą ... r. 1564”).

У 1583 г. у Кракаве выйшла у свет невялікая (410 радкоў) польскамоўная паэма Я. Каханоўскага “Jezda do Moskwy", якая хаця i сведчыла пра ўвагу вялікага польскага паэта да дзейнасці гетмана польнага Літоўскага Крыштафа Радзівіла, але была напісана на значна ніжэйшым узроўні, чым лірычныя і сатырычныя творы Каханоўскага, i таму не заняла колькi-небудзь значнага месца ў гісторыі польскай літаратуры. Узорам для напісання “Паходу на Маскву", а магчыма, i асноўнай крыніцай інфармацыі пра выправу Радзівіла паслужыла Я. Каханоўскаму паэма Ф. Градоускага.

Паўлегендарны, фантастычны па сваёй дзёрзкасці паход Крыштафа Радзівіла ў глыб маскоўскіх земляў вылучаўся сярод іншых эпізодаў апошняга перыяду Лівонскай вайны, уяўляў бясспрэчную цікавасць для тагачасных паэтаў Вялікага княства Літоускага i Польшчы. Было у рэйдзе Крыштафа нешта ад славутых паходаў старажытнарускіх князёў, ад сярэднявечных рыцарскіх паходаў, ды i самі назвы гарадоў, сёлаў, рэк, азёраў таямнічай, “варварскай" Масковіі гучалі для жыхароў Рэчы Паспалітай не менш экзатычна, чым для жыхароў Францыі, Англіі, Германіі геаграфічныя найменні далёкай Палесціны.

У 1585 г. у Biльнi Даніэль Лэнчыцкі выдаў паэму Андрэя Рымшы “Deketeros akroama, to jest Dziesięćroczna powieść wojennych spraw... Krysztofa Radziwiła..." У празаічнай прадмове да паэмы А. Рымша падкрэслівае, што дзякуючы кнізе Ф. Градоўскага слава пра подзвігі Радзівіла разнеслася не толькі па Рэчы Паспалітай, але i па ўcix хрысціянскіх краінах свету, прызнаецца, што па прыкладу Ф. Градоўскага вырашыў напісаць уласную паэму пра слынныя подзвігі Крыштафа Радзівіла (Rymsza 1972: 140 -141).