Выбрать главу

На мяжы XVI - XVIІ стст. польскамоўная паэзія Беларусі выразна пачынае развівацца пад знакам Барока, ёсць усе падставы гаварыць пра бурлівы ўсплёск езуіцкай паэзіі ў гэты перыяд. Але ў гэты ж час шэрагам яскравых твораў у апошні раз заявіла пра сябе паэтычная плынь, якая выводзілася з эпохі Рэнесансу.

Па-першае, гэта творчасць Я. Казаковіча і Г. Пельгрымоўскага – паэтаў, якія дэбютавалі ў 80-х гг. XVI ст., а найбольш значныя свае творы напісалі напрыканцы XVI - напачатку XVIІ стст. Па-другое, гэта творчасць маладзейшых паэтаў, звязаных з друкарняй гуманіста Я. Карцана: Я. Пратасовіча, Б. Буднага, Я. Пятровіча, Радагляда Гладкатварскага. Друкарня “віленскага Альда Мануцыя” нават ва ўмовах Контрэфармацыя выдавала шмат свецкай літаратуры, перакладаў антычных аўтараў, спаборнічала з Акадэмічнай друкарняй у выданні вершаваных твораў. На жаль, пасля смерці Я. Карцана, ягоны сын, Язэп, кардынальна змяніў накірунак дзейнасці друкарні з незалежна-гуманістычнага на каталіцка-клерыкальны, адразу ж выдаўшы “Wzywanie do jedney zbawiennej wiary” (1611) П. Скаргі (Анушкин 1970: 111). І калі Е. Зёмэк умоўна пазначыў канец эпохі Рэнесансу ў Польшчы 1629 г. – годам смерці Шымона Шымановіча, то для Вялікага Княства Літоўскага такой умоўнай датай можа быць 1611 г. – год смерці Яна Карцана.

У заключным раздзеле працы разгледзім апошні этап развіцця польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу: творчую эвалюцыю Я. Казаковіча і Г. Пельгрымоўскага, паэтычную спадчыну Я. Пратасовіча і паэму “Румяны для аздобы дзявочага твару” Радагляда Гладкатварскага.

ІІІ. 1. АД ПАНЕГІРЫКАЎ ДА ГРАМАДЗЯНСКАЙ ЛІРЫКІ: Я. КАЗАКОВІЧ

Мяркуючы па колькасці вершаў, апублікаваных у канцы XVI - пачатку XVIІ ст. у віленскіх выданнях, самым актыўным сярод тагачасных паэтаў Вялікага Княства Літоўскага быў Ян Казаковіч. Пра вядомасць Я. Казаковіча сярод сучаснікаў сведчыць таксама наяўнасць ягоных вершаў-прысвячэнняў у кнігах іншых паэтаў (М. Рэя, А. Рымшы, Я. Радвана) і з’яўленне здзеклівай эпіграмы на самога пісьменніка ў кнізе Марціна Лашча “Okulary” (Вільня, 1594).

Значна менш пашанцавала Я. Казаковічу на ўвагу нашчадкаў, што тлумачыцца не толькі жорсткасцю часу, але і невысокім мастацкім узроўнем твораў паэта. Мы не знойдзем імя Я. Казаковіча ні ў польскім бібліяграфічным даведніку “Nowy Korbut”, ні ў “Polskim słowniku biograficznym”, ні ў біябібліяграфічным слоўніку “Беларускія пісьменнікі”. Зрэдчас ягоныя творы згадваюцца ў працах польскіх, літоўскіх і беларускіх вучоных (B. Мацяёўскага, А. Сайкоўскага, З. Флорчак, М. Тапольскай, А. Анушкіна, Д. Куоліса, Ю. Лабынцава, І. Саверчанкі і інш.), але пераважна з паблажлівымі каментарыямі накшталт: “дрэнныя вершы” (Maciejowski 1852: 3, 377), творы “пасрэднага вершапісца” (Fłorczak 1967: 193) і г.д.

Сапраўды, Я. Казаковіч не з’яўляўся выбраннікам муз: ён быў іхнім сціплым служкам. Але без ягонай спадчыны ўяўленне пра польскамоўную паэзію Беларусі XVI - пачатку XVIІ стст. было б няпоўным: творчая біяграфія Я. Казаковіча яскрава адлюстроўвае асаблівасці тагачаснага літаратурнага працэсу яе рэканструкцыя дазваляе зразумець, якія паэтычныя жанры былі найбольш запатрабаваныя шляхецкім грамадствам.

Біяграфічных звестак пра Я. Казаковіча не захавалася, невядома дакладна, дзе і калі нарадзіўся паэт. Але можна адназначна сцвярджаць, што ён быў грамадзянінам Вялікага Княства Літоўскага, бо да свайго прозвішча дадаваў прыдомак “Літвін”. На землях Княства знаходзілася шмат шляхецкіх засценкаў з назваю “Козакі”: каля Трок, каля Менска і ажно пяць на Віленшчыне (Słownik geograficzny 1883: 3, 535). Напэўна, Я. Казаковіч належаў да таго самага пакалення, што і ягоныя прыяцелі А. Рымша і Я. Радван: да пакалення народжаных у 50-х гг. XVI ст. Паходзіў ён з дробнай шляхты, па веравызнанні быў кальвініст, звязаны з дваром Радзівілаў біржайскай лініі. Пісаў вершы па-польску і па-лацінску, займаўся перакладамі на польскую мову.

Першы вядомы нам твор Я. Казаковіча змешчаны пад крыптанімам “J. K.” ў выдадзенай Д. Лэнчыцкім кнізе Андрэя Рымшы “Dziesięćroczna powieść wojennych spraw... Krysztofa Radziwiła...” (Вільня, 1585). Гэты невялікі дэдыкацыйны верш мае красамоўную назву: “Do autora dobry przyjaciel”. Я. Казаковіч піша пра свайго сябра як пра знакамітага паэта, што “jużeś niebo osławił nieraz swoim zdaniem I ziemiś pięknie służył książek swych wydaniem” (Rymsza 1972: 136). Вядома, што да “Дзесяцігадовай аповесці...” А. Рымша апублікаваў толькі адну сціплую кніжачку: “Храналогія” (Астрог, 1581). Такім чынам, Я. Казаковіч альбо перабольшваў заслугі сябра, альбо лепш за сучасных бібліёграфаў ведаў ягоную творчасць. Ва ўсякім разе, ён чытаў выдадзеную па-старабеларуску “Храналогію...”, пра што сведчыць пераказ яе зместу ў вершы “Да аўтара добры прыяцель”.