Выбрать главу

Беларускі даследчык І. Саверчанка выказаў цікавае меркаванне, што ў канцы XVI - першай палавіне XVIІ ст. у Беларусі жылі два паэты, якіх вучоныя памылкова лічаць адной асобай: Ян Козак – аўтар вершаў у “Радзівіліядзе” Я. Радвана і Ян Казаковіч – аўтар вершаў у “Гісторыі Іудзейскай вайны” І. Флавія (у “Гісторыі...” не было вершаў – С.К.) ды кніг “Дух Данііла” і “Італійскі арэшнік” (Саверчанка 1992: 41). Але гэтае меркаванне не мае доказаў, затое ёсць яскравы доказ таго, што ў эпоху Рэнесансу існаваў толькі адзін паэт з Козакаў, які пад дэдыкацыйнымі вершамі ў “Радзівіліядзе” падпісаўся: “Jan Kozak Litwin”, а пад пазнейшымі творамі падпісваўся: “Jan Kozakowicz Litwin” альбо “Joannis Cosacouicij Lit.” Доказам з’яўляецца ўласцівы паэту літвінскі патрыятызм, як выявіўся не толькі ў змесце твораў, але і ў подпісах пад імі: з трыццаці вядомых нам польскамоўных паэтаў Вялікага Княства Літоўскага толькі Ян Казаковіч ды Андрэй Рымша дадавалі да сваіх прозвішчаў прыдомак “Літвін”. Можна паверыць у тое, што адначасова ў Беларусі жылі два паэты з аднолькавымі імёнамі і амаль аднолькавымі прозвішчамі, але ў тое, што менавіта яны сярод усіх іншых паэтаў былі найбольшымі патрыётамі свайго краю – паверыць не магчыма.

ІІІ. 2. ПАЭТЫКА ПЕРАКАНАННЯ: ТВОРЧАСЦЬ Г. ПЕЛЬГРЫМОЎСКАГА

Прыкметнай постаццю ў рэнесансавым гуртку паэтаў, што склаўся ў 80-х гг. XVI ст. пры двары Радзівілаў біржайскай лініі, быў Гальяш Пельгрымоўскі. У “Апісанні маскоўскага паходу князя Крыштафа Радзівіла” Ф. Градоўскага і ў “Дзесяцігадовай аповесці ваенных спраў князя Крыштафа Радзівіла” А. Рымшы Гальяш Пельгрымоўскі згадваецца як актыўны ўдзельнік радзівілаўскага рэйду па тылах маскоўскіх войскаў восенню 1581 г. Сам Пельгрымоўскі адгукнуўся на слынны паход К. Радзівіла Перуна лацінамоўным панегірыкам “Panegyrika Apostrophe” (Кракаў, 1583), які стаўся літаратурным дэбютам пісьменніка.

Біяграфічных звестак пра Г. Пельгрымоўскага захавалася няшмат. Нарадзіўся ён у Вялікім Княстве Літоўскім (магчыма, у Ашмянскім павеце). Паходзіў са шляхецкага роду герба Навіна, вызнаваў кальвінізм. Напэўна, атрымаў добрую адукацыю, што дазволіла яму працаваць у каралеўскай канцэлярыі, а пазней заняць пасаду пісара Княства. Як ужо адзначалася, Г. Пельгрымоўскі браў актыўны ўдзел у Лівонскай вайне, а пасля яе заканчэння прычыніўся да наладжвання дыпламатычных стасункуў з Маскоўскай дзяржавай: у 1583 г. ездзіў па загаду караля Стэфана Баторыя да Івана ІV з лістом і падарункамі, выконваў абавязкі сакратара ў пасольстве Льва Сапегі да Барыса Гадунова ў 1600 - 1601 гг. У маладосці быў звязаны з дваром Радзівілаў, у сталым веку знаходзіўся пад уплывам канцлера Л. Сапегі. Памёр ў 1604 г. (Przyboś 1981: 85 - 86).

Г. Пельгрымоўскі з’яўляецца адным з найбольш вядомых польскамоўных паэтаў Беларусі эпохі Рэнесансу. Ягонае імя нязменна трапляла ў розныя бібліяграфічныя даведнікі, пачынаючы з “Dykcyonarza poetów polskich” (Кракаў, 1820) Г. Юшыньскага, згадвалася ў працах вядомых польскіх даследчыкаў В. Мацяёўскага, А. Брукнера, Ю. Кжыжаноўскага і інш. А. Брукнер прысвяціў спецыяльную публікацыю вершаванаму дыярыушу Г. Пельгрымоўскага “Poselstwo do Wielkiego księcia Moskiewskiego”, падрабязна апісаўшы твор і падаўшы вялікія ўрыўкі з яго (Brückner 1896: 78 - 96, 254 - 275, 412 - 442). З беларускіх вучоных першым зацікавіўся асобай Пельгрымоўскага У. Казбярук, паведаміўшы ў 1982 г. пра рукапісы паэмаў “Poselstwo ...” і “Rozmowa iednego Polaka z Moskwą na zamku Moskiewskim” (Казбярук 1982: 14 - 19), ён жа пазней апублікаваў апошні з названых твораў (Rozmowa 1992) і заахвоціў Максіма Танка перакласці яго на сучасную беларускую мову (Пельгрымоўскі 1998: 172 - 179). Абодва вышэйзгаданыя творы Г. Пельгрымоўскага былі разгледжаны ў кнізе І. Саверчанкі “Старажытная паэзія Беларусі: XVI - першая палова XVIІ ст.”( Саверчанка 1992: 72 - 74, 103 - 112), вершаваны дыярыуш “Пасольства да Вялікага князя Маскоўскага” прааналізаваны таксама ў нашай манаграфіі “Героіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца XVI ст.” (Кавалёў 1993: 85 - 98). Трапіў Г. Пельгрымоўскі і ў бібліяграфічны слоўнік “Беларускія пісьменнікі” (Мельнікаў 1994: 518 - 519). А ў 1999 г. У. Казбярук пазнаёміў беларускага чытача з празаічным дыярыушам Г. Пельгрымоўскага паводле падрабязнага апісання, якое зрабіў у 1846 г. В. Трэмбіцкі (Пасольства 1999: 263 - 284).

Г. Пельгрымоўскі пісаў на лацінскай і польскай мовах, у позніх творах выкарыстоўваў і старабеларускую мову. У 80-х гг. XVI ст. акрамя згаданай ужо лацінамоўнай паэмы ў гонар Крыштафа Радзівіла, Г. Пельгрымоўскі апублікаваў яшчэ два панегірычных твора: “In nuptias illustrissimi Principis et Domini, D. Alberti Radiuilonis ...” (Вільня, друк. Д. Лэнчыцкага, 1585) з нагоды шлюбy Альбрыхта Радзівіла з курляндскай князёўнай Ганнай i “Epistola аd Magnificum ... Dominum Theodorum Skuminum ... “ (Вільня, друк. Я. Карцана, 1586) у гонар Фёдара Скуміна Тышкевіча. Але самым цікавым з лацінамоўных твораў пісьменніка 80-х гг. з’яўляеццца празаічны трактат з асобнымі вершаванымі ўстаўкамі “De heroibus in Dei Ecclesia” (Кракаў, 1585). І хаця некалі Г. Юшыньскі заўважыў, што “і мэта, і змест гэтага твора – не зразумелыя” (Juszyński 1820: 2, 59), ужо сама назва – “Пра герояў царквы Божай” – сведчыць пра тое, што трактат прысвечаны жыццю і подзвігам славутых біблейскіх персанажаў і герояў старажытнасці, аўтар даследуе сутнасць гераізму і разглядае ягоныя канкрэтныя праявы ў жыцці чалавека.