Выбрать главу

У 90-х гг. XVI ст. Г. Пельгрымоўскі паступова пераходзіць на польскую мову. Пад крыптанімам-псеўданімам “E. P. Philalethes Lithuanie” ён выдае вялікі вершаваны твор “Dialog slachcica litewskiego prawdziwy woyny Iflantskiey... Krоla ... Stefana z Księdzem Moskiewskim od początku do końca krоtko zebrany” (Вільня, друк. Я. Марковіча, 1594) і ананімна – зборнік вершаў на лацінскай і польскай мовах “Philopatris ad senatum populumque Lituanum” (Б. м., 1597). Абедзве кнігі падагульняюць тэму Лівонскай вайны, надзвычай актуальную для шматмоўнай паэзіі Беларусі 80-х гг. (згадаем творы М. Стрыйкоўскага, Ф. Градоўскага, Г. Пельгрымоўскага, С. Лаўрэнція, А. Рымшы, Я. Казаковіча, Я. Радвана).

Нельга пагадзіцца са сцвярджэннем А. Анушкіна, што змест “Дыялогу...” не ўяўляе асаблівай цікавасці (Анушкин 1970: 38): хутчэй за ўсё, літоўскі даследчык не чытаў твор, і таму не мог апісаць ягоны змест. “Дыялог...” налічвае каля 2000 радкоў і з’яўляецца, па-сутнасці, падрабязнай хронікай Лівонскай вайны: ад уварвання войскаў Івана ІV ў Прыбалтыку ў 1558 г. і да заключэння Ям-Запольскага мірнага пагаднення паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскім княствам 6-га студзеня 1582 г. Занатаваўшы для нашчадкаў найбольш важныя падзеі дваццаціпяцігадовай вайны (асабліва яе заключнай фазы): падзенне Полацка, вызваленне Полацка, узяцце Вялікіх Лук, няўдалую аблогу Пскова, а таксама шматлікія соймы, дыпламатычныя перамовы і г. д., Г. Пельгрымоўскі выступіў непасрэдным прадоўжальнікам традыцыі М. Стрыйкоўскага, стварыўшы яшчэ адну вершаваную хроніку ў польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу.

На старонках “Дыялога...” згадваюцца многія героі Лівонскай вайны: , Крыштаф Радзівіл Пярун, Філон Кміта-Чарнабыльскі, Канстанцін Астрожскі, Міхал Вішнявецкі і інш., але асноўную ўвагу паэт засяроджвае на дзейнасці караля польскага і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя і на апошняй фазе Лівонскай вайны. У празаічнай дэдыкацыі трокскаму ваяводзе Яну Глябовічу Г. Пельгрымоўскі з удзячнасцю ўспамінае караля Стэфана як свайго настаўніка і дабрадзея, з павагай называе яго выратавальнікам Айчыны і прыкладам для цяперашняга рыцарства Рэчы Паспалітай. Каб захаваць у вяках памяць пра мудрага ўладара і адважнага палкаводца ды пашырыць ягоную славу далёка за межамі краіны, паэт і стварыў “... proste, nikczemne, lecz prawdziwe wirsze w rozmowie trzech osоb w roley, nie u ksiąg pisane” (Pielgrzymowski 1594: 11).

Хто ж тыя асобы, якія ўдзельнічаюць у размове, і чаму паэт выбраў для сваіх гістарычных “віршаў” форму дыялога? Назва твора – “Дыялог літоўскага шляхціца праўдзівы пра Інфлянцкую вайну караля Стэфана з князем Маскоўскім” – не дае адказу на гэтае пытанне і, можа, таму ў бібліяграфічным слоўніку “Беларускія пісьменнікі” яна перакладзена няправільна, як: “Дыялог літоўскага шляхціца ... са святаром маскоўскім” (Мельнікаў 1994: 519). Вядома, ніякага маскоўскага святара ў творы няма, а сам літоўскі шляхціц (Рыцар) з’яўляецца толькі на 56-й старонцы кнігі. Да ягонага з’яўлення размова вядзецца паміж дзвюма іншымі асобамі: Чэхам і Ганцом. Усе тры суразмоўцы паказаны на гравюры, змешчанай на тытульнай старонцы кнігі, а пасля празаічнай дэдыкацыі Я. Глябовічу пададзены іншы варыянт назвы твора: “Rozmowa trzech osоb o woynie Krоla ... Stephana ... z wielkim Księdzem Moskiewskim o Iflanty” (адзначым, што тэма “Дыялогу...” і прадмет размовы трох постацяў – вайна караля Стэфана з князем Маскоўскім за Інфлянты – дакладна вызначаны ў абодвух варыянтах назвы і, такім чынам, ад пачатку вядомыя, “зададзеныя” чытачу).

Зварот Г. Пельгрымоўскага да дыялагічнай формы можна вытлумачыць некалькімі прычынамі. Па-першае, жанр дыялогу – палітычнага, рэлігійна-палемічнага, маральна-дыдактычнага, філасофскага – быў надзвычай папулярны ў літаратуры Рэнесансу: у польскай літаратуры найбольш яскравыя ўзоры дыялогаў стварылі М. Рэй і Л. Гурніцкі (Kotarski 1971; Pelc 1971; Ziomek 1971). Па-другое, у XVI -XVII стст. назіралася агульная экспансія дыялагічнай формы выкладу матэрыялу на самыя розныя жанры, у выніку чаго ў форме размовы некалькіх асобаў пісаліся і панегірычныя вершы, і сатырычныя байкі. Па-трэцяе, паэтыка дыялогу была блізкая да практычнага красамоўства, да культуры “жывога слова”, якая квітнела ў шляхецкім грамадстве Рэчы Паспалітай (прамовы на сеймах, судовыя працэсы, рэлігійныя дыспуты і інш.). Напісанне дыялогаў з’яўлялася тыповым практыкаваннем на школьных занятках па рыторыцы (Korolko 1990: 145), а менавіта рытарычную падрыхтоўку мела большасць тагачасных літаратараў, у тым ліку і каралеўскі сакратар, пісар Княства, дыпламат Г. Пельгрымоўскі.