Далей Чэх толькі задае Ганцу, а пасля Рыцару кароткія пытанні, якія рухаюць размову наперад (падобную функцыю маглі б выконваць і падзагалоўкі) і пагаджаецца з пачутым, што надае твору фармальныя прыкметы дыялога. Пра фармальнасць постаці слухача-Чэха ў творы сведчыць велічыня маналогаў апавядальнікаў Ганца і Рыцара: напрыклад, адзін з маналогаў Рыцара займае ажно 18 старонак! Такім чынам, заяўлены як дыялог, твор Г. Пельгрымоўскага больш падобны на рэпартаж (так званыя навіны) альбо, як мы ўжо адзначалі напачатку, на хроніку. У “Дыялогу...” Г. Пельгрымоўскага інфармацыйна-апавядальная плынь дамінуе над публіцыстычна-дыскусійнай, бо, па-сутнасці, ніякай спрэчкі паміж удзельнікамі размовы няма, яны мала чым адрозніваюцца паміж сабой (вядома, калі не лічыць за адрозненне наяўнасць каня пад Рыцарам) і толькі распавядаюць альбо каментуюць падзеі з аўтарскага пункту гледжання.
Сапраўднымі, “дзеючымі” героямі твора, з’яўляюцца, як і заяўлена ў назве, Стэфан Баторы і Іван Грозны. Вобраз станоўчага героя, караля Рэчы Паспалітай, намаляваны ў “Дыялогу...” крыху схематычна (дзеянні караля апісваюцца з падрабязнасцю хронікі, а рысы характару ўслаўляюцца ў традыцыйнай панегірычнай манеры), але памятаючы, што “характар персанажа – набор усіх дадзеных у тэксце бінарных супрацьпастаўленняў яго з іншымі персанажамі” (Лотман 1970: 305), можна сцвярджаць, што ў пары з вобразам адмоўнага героя – князя Маскоўскага, вобраз Стэфана Баторыя – абаронца Айчыны і справядлівасці – выглядае ў творы Г. Пельгрымоўскага дастаткова пераканаўча. Але найбольш каларытным і “жывым” атрымаўся ў “Дыялогу...”, як гэта часта бывае з адмоўнымі героямі, вобраз Івана Грознага (нагадаем, што вобраз Івана Грознага адыгрывае важную ролю таксама ў паэмах Ф. Градоўскага, А. Рымшы і Я. Радвана). Выпісаны ў экспрэсіўна-эмацыянальнай манеры вобраз няўрымслівага тырана, парушальніка божых запаветаў і чалавечых законаў, бязлітаснага да ўласных падданых і небяспечнага для суседзяў забойцы і з’яўляўся тым галоўным аргументам, які пераканаў у слушнасці дзеянняў караля Стэфана ўмоўнага слухача Чэха і павінен быў пераканаць рэальных чытачоў у Рэчы Паспалітай і за яе межамі (дзіўна, што твор напісаны па-польску, а не па-лацінску).
У вобразе Івана Грознага ў “Дыялогу...” адлюстраваліся як уласныя веды і назіранні Г. Пельгрымоўскага (нагадаем, што ў 1583 г. ён па даручэнні Стэфана Баторыя ездзіў да князя Маскоўскага з лістом і падарункамі), так і распаўсюджаныя ў тагачаснай Заходняй Еўропе чуткі і карыкатурныя ўяўленні пра крыважэрнага маскоўскага цара. Непасрэдны ўплыў на аўтара “Дыялогу...” магла аказаць драматызаваная паэма Валентынуса Неатэбеля “Acrostichis własnego wyobrażenia kniazia wielkiego moskiewskiego”, выдадзеная ў 1581 г. у Торуню. Г. Пельгрымоўскі праўдзіва апісвае зверствы князя Маскоўскага ў Лівоніі і ў Полацку, але найбольш уражвае паэта жорсткае стаўленне Івана Грознага да ўласнага люду, катаванне вядомых ваяводаў і забойства нявіннага сына:
Y własne poddane swe w sztuki rozbierając,
A ręką swą niektore nożem przebiiaiąc,
Inych piec, ine warzyć żywo rozkazuie,
Niedźwiedźmi glodnemi, psy trawić nie żałuie.
Maiąc to za pocieche sobie osobliwa,
Gdy krwią ludzką pomaże ręke swą zlośliwą.
Негатыўнае стаўленне да князя Івана не распаўсюджваецца на ўвесь рускі народ, аўтар “Дыялогу...” з павагай адзначае, напрыклад, мужнасць абаронцаў Пскова, спачувае жыхарам знішчаных вайной паселішчаў (знішчаных харугвамі Крыштафа Радзівіла, але, вядома, па віне князя Маскоўскага). І нават пераможанаму каралём Стэфанам Івану IV Бог даруе і дасылае езуіта Пасевіна, які дапамагае заключыць мір паміж дзвюма дзяржавамі: праўда, пасля шчырага раскаяння тырана і ягонай пранікнёнай малітвы да Бога, “падслуханай” паэтам (Pielgrzymowski 1594: 73 - 74).
Водгукі падзеяў Лівонскай вайны чуваць і ў ананімна выдадзеным зборніку вершаў на лацінскай і польскай мовах “Патрыёт Айчыны да сенату і дзяржавы літоўскай” (1597), аўтарства якога традыцыйна прыпісваецца Г. Пельгрымоўскаму (Estreicher 1882: 8, 97; Bibliografia 1965: 3, 105 - 106). Трэба адзначыць, што меркаванне пра аўтарства Г. Пельгрымоўскага бачыцца нам цалкам слушным. Па-першае, свой папярэдні твор паэт падпісаў: “E. P. Philalethes Lithuanie”, а гэта амаль тое самае, што і “Philopatris” (у польскім варыянце: “Miłosnik Oyczyzny”). Па-другое, зборнік напісаны з пазіцыяў літвінскага патрыятызму, які быў уласцівы Г. Пельгрымоўскаму (праўда, не толькі яму), асноўнай тэмай вершаў з’яўляюцца складаныя узаемаадносіны Вялікага Княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы – прадмет заўсёднай цікавасці жаўнера, пісара Княства і дыпламата Г. Пельгрымоўскага. Па-трэцяе, у “Патрыёце Айчыны...” выкарыстана дыялагічная форма, элементы тэатралізацыі (вершы ўяўляюць сабой прамовы на агульную тэму шэрагу ўяўных постацяў), што было якраз характэрна для творчай манеры аўтара “Дыялогу літоўскага шляхціца...”.