Няпроста вызначыць жанр “Патрыёта Айчыны...” Падобных патрыятычных “зваротаў” з’яўлялася нямала ў тагачаснай Рэчы Паспалітай: акрамя згаданага ўжо “Цнатлівага Літвіна” Х. Валадковіча можна назваць сачыненне Ф. Крыскага “Philopolites, to iest Miłosnik Oyczyzny” (Кракаў, б. г.) альбо ананімны “Votum szlachcica polskiego Oyczyzne miłuiącego” (Кракаў, 1596). Звычайна, гэта былі напісаныя прозай публіцыстычныя сачыненні, выдадзеныя як водгук на нейкую канкрэтную палітычную падзею альбо як рэакцыя на негатыўныя – з пункту гледжання аўтараў – тэндэнцыі ў грамадстве. “Патрыёт Айчыны...” Г. Пельгрымоўскага – паэтычнае сачыненне, якое складаецца з 23-х вершаў , непарыўна звязаных паміж сабой тэматычна і кампазіцыйна. Такім чынам, больш правільна казаць не пра зборнік вершаў, а пра вершаваную кампазіцыю, альбо паэтычную дэкламацыю “Патрыёт Айчыны да сенату і дзяржавы літоўскай”, выдадзеную пад адной вокладкай у двух варыянтах: лацінамоўным і польскамоўным. На жаль, факт двухмоўнасці не заўсёды адзначаецца даследчыкамі (Анушкин 1970: 38).
Мастацкая сітуацыя ў дэкламацыі Г. Пельгрымоўскага нагадвае пасяджэненне сенату, у якім бяруць удзел Патрыёт Айчыны (porte-paroles аўтара), Маці-Літва і яе шматлікія дзеці: розныя землі Вялікага Княства Літоўскага (пры чым, не толькі тыя ваяводствы, якія ўваходзілі ў склад дзяржавы напрыканцы XVI ст., але і колішнія ўладанні літоўскіх князёў, і нават сумежныя тэрыторыі). Тэма выступлення Патрыёта і ўсяго “пасяджэння сенату” – заняпад некалі магутнай дзяржавы, абыякавасць грамадзян да лёсу Бацькаўшчыны – традыцыйная не толькі для польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу, але і для літаратуры ўсіх часоў і народаў увогуле. На пачатку сваёй прамовы Патрыёт згадвае былую веліч Літвы, гераічныя традыцыі продкаў:
Wielowładny to narod Litewski przed laty
Słynął w złoto y męże waleczne bogaty:
Szeroko państwa swego rosciągał granice,
Oyczystych pol warowal, iak oka zrzenice. <...>
Nie obciążał swych oczu snem leniwym ani
Przekażała mu męstwa złych miłości pani.
Kochał się w dobrey broni, cudzoziemskie stroie
Z obyczaymi odrzucał. Dobre były swoie.
Dość narodów y znacznych czołem iemu bilo,
A postrachem Litewskie imie wielom było.
Dzisią wszystko inaczey . <...>
Прычыны заняпаду Княства Патрыёт бачыць ва ўзмацненні суседніх дзяржаў і ўнутраных нязгодах у беларуска-літоўскім грамадстве, у адмаўленні ад старадаўніх звычаяў і пагоняй за чужаземскай модай (пазней гэты матыў будзе плённа развіты аўтарам “Прамовы Мялешкі”), ва ўсеагульнай пагоні за золатам і нежаданні шляхты ахвяраваць калі не жыццём, то хаця б уласнымі інтарэсамі дзеля выратавання Айчыны.
Услед за Патрыётам слова двойчы бярэ Літва: у першай прамове (“Litwa lamentuie”) яна звяртаецца да багоў, у другой (“Taż do synow wyrodnych” ) – да сваіх няўдзячных дзяцей. У скарзе да багоў (множны лік несумненна сведчыць пра ўплыў антычнай традыцыі) Літва услед за папярэднім прамоўцам спачатку згадвае пра сваю былую веліч, а потым распавядае пры жудасную сітуацыю, у якой яна цяпер апынулася:
Dziś moia cześć y mego królestwa wycięta,
Dziś moie skarby w niwecz y sława odięta.
Na pował trupy leżą synow bez litości
Zbitych, a wszytka ziemia bieleie od kości.
Drugich, co zlych rąk uszli krwawej śmierci, srogi
Tyran pętem niezłomnym twardo zwiazał nogi.
Аплакаўшы забітых і зняволеных тыранам сыноў, Літва звяртаецца потым да астатніх, якія не хочуць яе бараніць, хаця вораг падступіў ужо да самых межаў. Калі прамова Патрыёта выклікала асацыяцыі з “Прамовай Мялешкі”, лямант Літвы нагадвае, безумоўна, плач Маці-Царквы па адрокшыхся ад яе дзецях у “Трэнасе” М. Сматрыцкага. Згадваецца таксама маналог Радзімы з нараканнямі на няўдзячных сыноў у ананімнай паэме “Пратэй, або Пярэварацень” (1564). Такім чынам, алегарычны вобраз Маці (Радзімы, Літвы, Царквы), пакінутай сваімі дзецьмі (шляхтай, ваяводствамі, магнацкімі радамі), быў надзвычай папулярны ў шматмоўнай літаратуры Беларусі XVI - пачатку XVIІ ст., што тлумачыцца як уплывам антычных узораў, так і ўздзеяннем адпаведных грамадска-палітычных абставінаў.
Але пра якіх забітых і зняволеных сыноў гаворыць Літва, на якога жорсткага тырана яна наракае ў творы, выдадзеным у 1597 г? Калі б мы не ведалі года выдання кнігі, на падставе зместу першых трох вершаў “Патрыёта...” можна было б зрабіць выснову, што твор пабачыў свет у 60-70-я гг., у самы разгар Лівонскай вайны і заклікае шляхту да паспалітага рушання, каб вызваліць захопленыя Іванам Грозным землі Ўсходняй Беларусі і Прыбалтыкі. І сапраўды, у адным з наступных вершаў (“Smoleńsk”) “жорсткі тыран” канкрэтызуецца як “тыран Маскоўскай зямлі”, але ў іншым вершы (“Troki, Grodno, Kowno, Upita”) гаворыцца, што тыран загінуў, дарэмна спрабуючы адабраць у Літвы свабоду, а ў вершы “Moskwa” паведамляецца, што цяпер насталі часы доўгачаканага міру з Маскоўскім княствам.