Неадпаведнасці зместу асобных вершаў рэальнай гістарычнай сітуацыі і зместу іншых вершаў прасцей за ўсё было б вытлумачыць недаглядам аўтара, які не здолеў парадзіць з мастацкім часам у творы. Але ўважлівае знаёмства з вершамі “Патрыёта...” прыводзіць да высновы, што гэта – не так, і што часавыя неадпаведнасці ў значнай ступені вынікаюць з агульнай канцэпцыі кнігі. Мы маем дачыненне з унікальнай гістарычнай геаграфіяй Вялікага Княства Літоўскага, створанай у паэтычнай форме, з арганічным спалучэннем паведамляльных, апісальных і экспрэсіўна-эмацыянальных элементаў.
На скаргі і справядлівыя папрокі Літвы адказваюць яе дзеці: гарады і землі, якія ўваходзяць альбо калісьці ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага. У невялікіх вершах як у магічных люстэрках адбіліся асаблівасці гістарычнага развіцця розных рэгіёнаў краіны. Жамойцкае стараства згадвае пра сваю шматвяковую барацьбу з крыжакамі, Валынь – пра бітвы з татарамі і прымусовае далучэнне да Польшчы, Падляшша – пра яцвягаў і вынікі Люблінскай уніі, Віцебск і Орша – пра змаганне на перадавых рубяжах з Масквой, Рэчыца і Мозыр наракаюць на казацкія набегі... Усе яны суцяшаюць маці-Літву, запэўніваюць яе ў сваёй любові і абяцаюць дапамогу ў цяжкую гадзіну. А землі, якія некалі знаходзіліся ў сферы палітычных уплываў вялікіх князёў літоўскіх, а цяпер належаць іншым дзяржавам, выказваюць спадзяванне вярнуцца пад крыло Літвы. Нават Пскоў і Ноўгарад, якія былі некалі незалежнымі і не схіляліся ў паклоне ні перад Літвой, ні перад Масквой, трапіўшы ў маскоўскую няволю, чакаюць вызвалення з боку Княства (добрае веданне рэальнай гісторыі ўтварэння Маскоўскай дзяржавы спалучалася, як бачым, у аўтара вершаў з палітычнымі фантазіямі).
У кожнага з рэгіёнаў, якія выступаюць з прамовамі да маці-Літвы, свая гісторыя і свая палітычная пазіцыя, свой умоўны мастацкі час (адны прамаўляюць з мінуўшчыны, другія – у разгар вайны з Масквой, трэція – пасля падпісання міру). Такая разнастайнасць стварае ўражанне паліфаніі, наяўнасці сапраўднага дыялогу ў творы (вядома, яшчэ не ў бахцінскім разуменні гэтага паняцця (Бахтин 1975: 526 - 528), але ўжо далёкіх ад аднамернасці і схематызму “Дыялогу літоўскага шляхціца...”). У “Патрыёце...” прысутнічаюць элементы мастацкай гульні, пераўвасаблення паэта ў тых, каму ён дае слова, нават калі ён, як патрыёт Літвы, ім не сімпатызуе. Напрыклад, перакопскія татары хваляцца сваімі набегамі на Княства:
Ospałe Chrześciany często nawiedzamy,
Z ich córkami roskoszy miley zażywamy.
A co się z nich narodzi – daiem obrzezować,
Chcąc w tym Machometowe ustawę zachować.
Gdy podroście, pomoze nam bic Chrześciany,
Chociasz z tey krwie iest miedzy nami wychowany.
Інфлянтская зямля наракае, што ў выніку уніі з Вялікім Княствам Літоўскім замест свабоды і спакою атрымала нязгоду і ўнутраныя беспарадкі ў Рэчы Паспалітай. А Масква бачыць прычыну шматвяковых войнаў з Княствам у паганстве Літвы:
Nie dziw przed dwiema sty lat ześmy niespokoyny
Żywot wiedli przez rozruch y domowe woyny.
Boś ty, Matka Litewska, Bożey znaiomości
Nie miała, zaczym przyszlaś do takiey brzydkości,
Ześ przed mierzionym gadem niezbożnie klękała,
Węże doma chowaiąc, za bogi ie miała.
Як мы ўжо адзначалі, узаемадносіны Вялікага Княства Літоўскага з Маскоўскай дзяржавай займаюць цэнтральнае месца ў “Патрыёце...” і ва ўсёй творчасці Г. Пельгрымоўскага. У вершы “Moskwa” паэт з горыччу заўважае, што шматлікія войны, якія з пераменным поспехам вялі паміж сабой дзве гэтыя дзяржавы, былі на радасць “паганым”, і менавіта ў саюзе супраць татар і турак бачыць ён трывалую аснову міра паміж дзвюма хрысціянскімі краінамі. Падобны заклік, але ўжо да саюзу Літвы з Валахіяй, гучыць і ў вершы “Wołoska ziemia” (гучыць якраз напярэдадні вайны паміж Рэччу Паспалітай і Валахіяй!).
Ідэя аб’яднання хрысціянскіх народаў для барацьбы з “паганымі” –полаўцамі, татарамі, туркамі і г.д. – была, канечне, для літаратуры далёка не новая (згадаем хаця б такія вядомыя творы, як “Слова пра паход Ігаравы” і “Песню пра зубра” М. Гусоўскага), але напрыканцы XVI ст. яна зрабілася надзвычай актуальнаю, пра што сведчыць з’яўленне цэлага шэрагу антытурэцкіх твораў у Рэчы Паспалітай: напрыклад, у Вільні пабачылі свет зборнік вершаў кіеўскага біскупа Ю. Верашчынскага “Pobudka na Iego Cesarską Miłość ..., na Iego K. M. Krola Polskiego ..., na Iaśnie Ośwęconego Kniazia Wielkiego Moskiewskiego do podniesienia woyny świętey spólną ręką przeciw Turkom i Tatarom”(1594) і перакладзены Я. Л. Намыслоўскім трактат А. Бузбегвіуса “Oratorza cezarza Ferdinanda drogi trzy <...>. Okrzyk na wojnę przeciw Turkowi” (1597).