Выбрать главу

Szczęśliwy to, za czasu kto o wojnie radzi;

Gotowym być, sposobnym, nikomu nie wadzi.

(Brückner 1896: 439)

Зноў погляды Г. Пельгрымоўскага супадаюць з поглядамі М. Гусоўска, які ў “Песні пра зубра” ставіў Вітаўту ў заслугу ягоную звычку загадзя рыхтаваць войска да вайны, каб захаваць мір з суседзямі.

У рэчышчы агульнай эпічнай традыцыі, якая ў лацінамоўнай паэзіі Беларусі бярэ свой пачатак у творах Я. Вісліцкага і М.Гусоўскага, а ў польскамоўнай паэзіі XVI ст. плённа развіваецца М. Стрыйкоўскім і А. Рымшам, Г. Пельгрымоўскі у сваёй “пасольскай паэме” ўславіў новага героя – дыпламата Льва Сапегу, подзвіг якога заключаўся не ў выйграных бітвах, а ў дасягненні так неабходнага для Айчыны міру. “Пасольства да вялікага князя маскоўскага” падагульняла не толькі творчасць Г. Пельгрымоўскага, але і з’яўлялася выдатным эпілогам да цэлага шэрагу паэтычных твораў эпохі Рэнесансу, прысвечаных складаным узаемаадносінам Вялікага Княства Літоўскага з Маскоўскай дзяржавай.

ІІІ. 3. МАРАЛЬНА-ДЫДАКТЫЧНАЯ І ЭЎРЫСТЫЧНЫЯ ТВОРЫ Я. ПРАТАСОВІЧА

Шматмоўная паэзія Беларусі 70-80-х гг. XVI cт. была моцна заангажавана ў палітычнае жыццё грамадства і асабліва жыва адгукалася на падзеі Лівонскай вайны 1558 - 1581 гг., пра што выразна сведчаць творы М. Стрыйкоўскага, Ф. Градоўскага, А. Рымшы, Я. Казаковіча, Я. Радвана, Г. Пельгрымоўскага. На мяжы XVI – XVII стст. старэйшых паэтаў таксама хвалявалі дыпламатычныя стасункі Вялікага Княства Літоўскага з Масковіяй (“Пасольства да Вялікага Князя Маскоўскага” Г. Пельгрымоўскага) ды агульны палітычны лад у дзяржаве (“Італійскі арэшнік” Я. Казаковіча), але маладзейшае пакаленне на стварэнне вершаў больш натхнялі ўжо сціплыя сямейныя радасці, праблемы філасофскага і рэлігійна-этычнага характару .

Яскравым прадстаўніком гэтага маладзейшага пакалення паэтаў быў беларускі шляхціц з-пад Пінска Ян Пратасовіч, , аўтар шасці паэтычных кніг на польскай мове, выдадзеных у Вільні ў канцы XVI - пачатку XVII ст. Сёння імя паэта ў Беларусі практычна невядома, няма пра яго артыкула ў біябібліяграфічным слоўніку “Беларускія пісьменнікі”, не з’явілася ніводнай публікацыі ў друку пра ягоную творчасць. Крыху лепшае стаўленне да спадчыны Я. Пратасовіча ў Польшчы: яшчэ у ХІХ ст. імя паэта згадвалі ў сваіх працах такія вядомыя даследчыкі як А. Ёхер, Г. Юшыньскі, А. Мацяёўскі, М. Вішнеўскі, у ХХ ст. Я. Пратасовіч быў на нейкі час забыты і не трапіў на старонкі грунтоўнага бібліяграфічнага даведніка “Новы Корбут”, але ў 1973 г. К. Свяркоўскі перавыдаў “Inventores rerum” (Protasowicz 1973), пазней з’явіўся інфармацыйны артыкул пра Я. Пратасовіча ў “Польскім біяграфічным слоўніку” (Lulewicz 1985: 521 - 522). Імя паэта згадваецца ў некаторых найноўшых працах польскіх і беларускіх аўтараў: Л. Слянковай, К. Мрочак, Ю. Лабынцава, І. Саверчанкі, але невялічкі ўступ К. Свяркоўскага да перавыдання “Inventores rerum” да сённяшняга дня застаецца адзінай навуковай публікацыяй пра творчасць Я. Пратасовіча (Swierkowski 1973: 5 - 23).

Ян Пратасовіч не належаў да той катэгорыі засцянковай шляхты, якую ў ХІХ ст. таленавіта апісаў у сваёй камедыі “Пінская шляхта” В. Дунін-Марцінкевіч. Бацька паэта, Бенедыкт Пратасовіч, паводле перапісу 1567 г. выстаўляў у войска 9 вершнікаў і 7 пешых жаўнераў, сваім сынам – Яну і Мацею – ён пакінуў у спадчыну маёнтак Магільна над Гарынню. Маці паэта, Марына, паходзіла з княскага роду Палубінскіх, даводзілася сястрою наваградскаму кашталяну Аляксандру Палубінскаму. У жонкі Ян Пратасовіч узяў сабе дачку берасцейскага кашталяна Рыгора Войны, парадніўшыся такім чынам з вядомым у княстве магнацкім родам. Заможнасць і дастаткова высокую сацыяльную пазіцыю Я. Пратасовіча пацвярджаюць не толькі ягоныя сямейныя сувязі, але і прыяцельскія: з падскарбіем Княства Фёдарам Скуміным-Тышкевічам, з вядомым віленскім друкаром Янам Карцанам. Бацькі паэта былі праваслаўныя, сам Ян хутчэй за ўсё перайшоў пасля 1596 г. ва ўніяцтва альбо адразу ў каталіцтва. З паходжання і месца жыхарства Я. Пратасовіча зусім не вынікаў факт адарванасці яго ад культурных цэнтраў краіны і ізаляванасці ад грамадска-палітычнага жыцця. Тое, што Я. Пратасовіч не займаў, наколькі нам вядома, ніякай дзяржаўнай пасады, не шукаў шчасця пры двары Хадкевічаў ці Радзівілаў, тлумачыцца асаблівасцямі характару палескага шляхціца, схільнасцю да спакойнага сямейнага жыцця, да чытання кніг па філасофіі, геаграфіі, гісторыі і, вядома, да пісання вершаў (у некаторых працах згадваецца, праўда, што паэт выконваў абавязкі віленскага суддзі (Swierkowski 1973: 6; Анушкин 1970: 99; Саверчанка 1992: 41), але больш верагодна, што гэтую пасаду займаў дзядзька паэта, таксама Ян Пратасовіч (Lulewicz 1985: 521)).