Выбрать главу

Час надзіва літасціва абыйшоўся са спадчынай Я. Пратасовіча, да нас дайшло ажно шэсць кніг паэта – значна больш, чым ведaў К. Эстрэйхер і іншыя польскія бібліёграфы ХІХ - пачатку ХХ ст. Калі зыходзіць з колькасці выдадзеных кніг, можна падумаць, што Я. Пратасовіч быў адным з самых пладавітых паэтаў Княства эпохі Рэнесансу. Але на самой справе аб’ём ягонай друкаванай спадчыны невялікі: каля 120 старонак (прыкладна, як вершаваны трактат М. Стрыйкоўскага “Ганец Цноты”). Храналогія выдання ягоных твораў выглядае наступным чынам: 1595 – першы, 1597 – чатыры наступныя, 1608 – апошні. Наколькі нам вядома, ніводнаму з калегаў Я. Пратасовіча не ўдавалася на працягу года выдаць ажно чатыры кнігі; гэта ўвогуле выключны выпадак у тагачаснай літаратурна-выдавецкай практыцы. Чым тлумачыцца творчы выбух 1597 г. – нечаканым збегам акалічнасцяў, падтрымкай прыяцеляў-мецэнатаў, добразычлівасцю друкара Я. Карцана – невядома. Яшчэ больш дзіўна выглядае дзесяцігадовае маўчанне паэта пасля такога выдавецкага поспеху.

Дэбютаваў Я. Пратасовіч сціплым віншавальным вершам з нагоды шлюбу Януша Скуміна з Барбарай Нарушэвіч: “Paranimphus” (Вільня, 1595). Як сведчыць назва верша, паэт выконваў на вяселлі пачэсную ролю свата (гр. “paranimphus” – сват, дружка). У ягоныя абавязкі ўваходзіла падводзіць жаніха да алтара, кіраваць парадкам цырымоніі і першаму прамаўляць віншавальнае слова. Калі б Я. Пратасовіч на самой справе не з’яўляўся сватам, ён вымушаны быў бы выдаць верш ананімна: так вымагала традыцыя напісання матрыманіяльных твораў (Mroczek 1989; Ślękowa 1991).

Вершаваная прамова Я. Пратасовіча вылучаецца прадуманай кампазіцыяй і прыгожым, хаця простым стылем, адпавядае важнейшаму патрабаванню рыторыкі: спалучае ў сабе яснасць, выразнасць і змястоўнасць. Нагадаўшы ў невялічкай прадмове пра сваю ролю і абавязкі, аўтар-прамоўца просіць гасцей з прыхільнасцю выслухаць ягоныя словы і па чарзе звяртаецца да бацькоў маладых (просіць іх блаславіць сына і дачку), да жаніха з нявестай (жадае ім дачакацца не толькі дзяцей, але ўнукаў ды праўнукаў) і да прысутнай на вяселлі моладзі (тлумачыць мэты хрысціянскага шлюбу і заклікае хлопцаў хутчэй узяць прыклад з Януша).

У адрозненні ад Я. Каханоўскага, які свой шаферскі верш “Dziewosłąb” насыціў антычнымі вобразамі і алюзіямі, Я. Пратасовіч абапіраецца, у асноўным, на біблейскія матывы: напрыклад, пароўноўвае Фёдара Скуміна, які аддаў свайго сына ў рукі Барбары, з ... Аўраамам, які збіраўся ахвяраваць свайго сына Богу. Толькі ў фінальнай частцы верша, запрашаючы гасцей заспяваць і патаньчыць, Я. Пратасовіч згадвае бога Апалона і іншых міфалагічных персанажаў, але заклік узняць келіхі за здароўе маладых падмацоўвае не згадкаю пра Бахуса, а спасылкаю на аўтарытэт Саламона:

Przy czym też y trunek mierny nie zawadzi,

Wszak i Salomon mądry o tym znacznie radzi.

Przeto y mnie po pracy daycie wina czasze,

Ktorą chętnie wypiję iuż za zdrowie wasze.

(Protasowicz 1595: 6).

Праз год Я. Пратасовічу давялося прысутнічаць яшчэ на адной сямейнай цырымоніі, гэтым разам жалобнай: у маладым узросце памерла швагерка паэта, жонка наваградскага шляхціца Яна Калантая Маруся. Паэт адгукнуўся на яе смерць невялікай фунеральнай паэмай “Epicedium” (Вільня, 1597), адрасаванай бацьку нябожчыцы, берасцейскаму кашталяну Рыгору Войну. На адвароце тытульнай старонкі кнігі змешчаны герб Войнаў і верш, у якім тлумачыцца мэта напісання паэмы: суцешыць няшчаснага бацьку ў ягоным горы.

Першая частка “Эпіцэдзіума” – суцяшэнне філасофіяй, выказваннямі Геракліта, Дэмакрыта, Сакрата, Сенэкі, Цыцэрона і іншых антычных мысляроў пра нетрываласць чалавечага існавання і непазбежнасць смерці, пра неабходнасць падрыхтоўкі да згону яшчэ пры жыцці, пра неразумнасць скрухі па нябожчыку і г. д. Паэт не можа схаваць свайго захаплення мудрасцю старажытных філосафаў:

A wszakże to iest wielce godno podziwienia

W ludziach pogańskich, chocia mieli dość wątpienia,

Y chocia wiadomości o Bogu nie mieli,

A przedsię każdey rzeczy dochodzić umieli.

(Protasowicz , Epicedium 1597: 7)

Другая частка твора – суцяшэнне рэлігіяй, прыкладамі з Бібліі, выказваннямі прарокаў і святых айцоў пра марнасць усяго зямнога, пра смерць як пачатак вечнага жыцця і г. д. Набожны вернік бярэ ў паэце верх над прыхільнікам антычнай мудрасці, ён падкрэслівае перавагу хрысціянскіх тэолагаў над паганскімі філосафамі і салідарызуецца з думкаю святога Ераніма, што Арыстоцель з ягонай мудрасцю трапіў у пекла, бо не ведаў Бога. Антычная топіка ў другой частцы твора саступае месца хрысціянскім ідэям, зрэшты, па волі аўтара яны цудоўна спалучаюцца і падпарадкаваныя агульнай мэце. Заканчваецца паэма ўяўным маналогам нябожчыцы, якая заклікае свайго бацьку не плакаць над яе магілай, а радавацца з прычыны ўз’яднання дачкі з Богам.