Як і папярэдні твор паэта, “Эпіцэдзіум” уяўляе сабой вершаваную прамову, больш разгорнутую і аргументаваную, але менш эмацыянальную і вобразную за “Паранімфус”. Немагчыма ўявіць сабе, каб гэтую доўгую прамову сапраўды чыталі над магілай нябожчыцы. Здзіўляе, што аўтар адрасуе свае суцяшэнні выключна бацьку Марусі і нават не згадвае пра яе мужа ды іншых блізкіх людзей. Адсутнічае ў паэме і ўсхваленне цнатлівага жыцця гераіні, чаго вымагала традыцыя напісання падобных твораў (Ślękowa 1991; Włodarski 1987).
Фунеральная паэма Я. Пратасовіча па многіх крытэрыях саступае не толькі славутым “Трэнам” Я. Каханоўскага, але і “Апісанню смерці і пахавання княгіні Альжбеты Радзівіл” Ц. Базыліка. У “Эпіцэдыуме” Я. Пратасовіч зарэкамендаваў сябе не як чуллівы лірык, але як эрудыраваны мараліст, што выявілася таксама і ў ягоных наступных творах.
Роля суцяшыцеля спадабалася паэту, наступнае вершаванае суцяшэнне ён адрасаваў свайму дзядзьку, наваградскаму кашталяну А. Палубінскаму. Праўда, ніхто з блізкіх А. Палубінскага не памёр, але ў сувязі з тым, што князь дасягнуў пажылога ўзросту, пляменнік вырашыў маральна падтрымаць дзядзьку і пераканаць яго ў прывабнасці старасці. “Konterfet człowieka starego...” (Вільня, 1597) – лепшы маральна-дыдактычны твор Я. Пратасовіча, паэт патрапіў спалучыць тут сваю багатую эрудыцыю з творчымі здольнасцямі, знайсці для рэлігійна-філасофскіх аргументаў адпаведную літаратурную форму.
Кампазіцыя “Вобраза старога чалавека” вылучаецца строгай прадуманасцю, цалкам падпарадкаваная аўтарскай задуме. Пасля эпіграмы на герб Палубінскіх і вершаванага прысвячэння князю ў кнізе змешчана гравюра з выяваю нямоглага старца на мыліцах. Ад імя гэтага Старца і вядзецца аповяд у першай частцы твора, якую аўтар у вершы-прысвячэнні слушна называе “лямантам”. З ляманту Старца паўстае непрывабны малюнак гаротнага існавання чалавека на схіле ягоных дзён, ва ўладзе цяжкіх хваробаў і маркотных думак, перад абліччам хуткай смерці. Герой наракае не толькі на фізічныя, але і на маральныя пакуты з прычыны старасці, жаліцца на адзіноту і на пагардлівыя адносіны да яго з боку грамадства:
Nawet u własney żony y w swoich dzieci
Miłości żadney nie mam, y u prostych kmieci.
Bo dzieci radziby mie co narychley zbyli,
Aby tym rychley po mnie w dobrach moich żyli.
Выпрабаванні і крыўды, якія выпалі на долю Старца, прыводзяць яго да расчаравання ў сэнсе жыцця наогул, да песімістычнага погляду на чалавечае існаванне як на паступовы працэс распаду і гніення арганізму. Ці ж не лепей у такім разе як мага хутчэй памерці і далучыцца да вечнага жыцця на нябёсах, без пакутаў і бедаў? У разважаннях Старца чуюцца галасы і антычных філосафаў-скептыкаў, і сярэднявечных хрысціянскіх аскетаў, але ў значнай ступені яны адлюстроўваюць тыя рэальныя настроі, што агортваюць чалавека на схіле ягоных дзён.
На шчасце для Старца-песіміста і чытачоў кнігі з’яўляецца Старац-аптыміст, які па просьбе аўтара абараняе старасць ад несправядлівых абвінавачванняў і ўслаўляе яе прывабныя рысы. Сустрэча двух герояў паказана на гравюры, змешчанай перад пачаткам другой часткі твора. Розніцу маральна-філасофскіх паставаў старцаў адлюстроўвае розніца ў іхнім фізічным выглядзе: Старац-аптыміст абапіраецца не на мыліцы, а толькі на кій, трымаецца бадзёра і ўпэўнена. Спасылаючыся на ўласны жыццёвы досвед, Старац з кіем лёгка разбівае аргументы Старца на мыліцах: 1) здароўе залежыць не толькі ад узросту, бо неразумны чалавек падрывае яго сабе яшчэ ў маладосці заганным ладам жыцця; 2) павага да старых бацькоў у дзяцей не знікае, калі яна выхавана з маленства; 3) сівога чалавека людзі паважаюць за мудрасць, яму належыць першае слова ў грамадзе; 4) доўгае жыццё дае магчымасць пазбыцца грахоўных страсцей і падрыхтавацца да сустрэчы з Богам і г. д. Свае разважанні другі Старац падмацоўвае выказваннямі біблейскіх прарокаў (Давіда, Саламона, Самуіла і інш.), прыкладамі з жыцця патрыярхаў (Аўраама, Ісака, Ноя і інш), а потым яшчэ сягае і да антычнай мудрасці: да выказванняў і прыкладаў з жыцця Платона, Салона, Сафокла (дзіўна аднак, што Я. Пратасовіч не разу не спасылаецца на знакамітае сачыненне Цыцэрона “Пра старасць”, выдадзенае ў 1595 г. па-польску ў той самай друкарні, што і “Вобраз старога чалавека”).